Литвек - электронная библиотека >> Алесь Пальчэўскі и др. >> Современная проза и др. >> З павагай да зямлі і да людзей... >> страница 101
мордай у маю руку і лізаў кончыкам языка, наколькі мог высунуць яго праз наморднік.

– Не дапаможа, – безнадзейна скрывіўся гаспадар і пайшоў у свой вінаграднік.

Я зняў наморднік, схадзіў у хату, прынёс малака з накрышанай булкай і паставіў перад Казбекам. Ён сербануў два-тры разы і ласкава зірнуў на мяне.

Потым зрабіў яшчэ перавязку, і праз некалькі дзён Казбек пачаў злёгку наступаць на хворую нагу. Гаспадар радаваўся. Але сабака не выказваў яму ранейшай адданасці. Казбек хадзіў цяпер з нашай групай на даследчыя работы, аднак трымаўся заўсёды мяне.

Сядзем, бывала, адпачываць, і ён побач са мною. Пойдзем у дарогу – бяжыць спераду і ўсё азіраецца, ці не адстаў я, ці іду следам за ім.

Аднаго разу мы вырашылі пажартаваць з Казбека: збочыў я з дарогі і схаваўся ў кустах. Ён азірнуўся і, не ўбачыўшы мяне, вярнуўся на пошукі. Я прыкінуўся нежывым. Казбек сеў і заскуголіў.

Я не вытрымаў і засмяяўся. I да чаго ён зарадаваўся! Закруціўся на месцы, лёг на лапы і папоўз, каб лізнуць мяне ў твар...

Увосень мы развіталіся з ім, як шчырыя сябры.

А праз два гады наша экспедыцыя зноў прыехала ў тыя мясціны на даследаванне. Да чаго ж зарадаваўся Казбек! Ён лашчыўся, ашчаперваў лапамі мае ногі і ўвесь час намагаўся дацягнуцца да твару: выказаць найбольшую радасць – лізнуць у шчаку.

Гаспадар спачатку радаваўся з нашай дружбы, а пасля пачаў бурчаць на сабаку.

У выхадныя дні я часта хадзіў з Казбекам на паляванне ў горы. Надвячоркам аднаго разу, ідучы дахаты пасля доўгага вандравання, я надумаў пакупацца. Каму даводзілася купацца ў горных рэчках, той ведае, якая халодная вада ў іх. Мне трзба было, раздзеўшыся, трошкі астыць, а я, спацелы, адразу – бух з берага, даплыў да сярэдзіны рэчкі, хацеў павярнуць назад, а тут ногі перасталі слухацца. Скруціла сутарга – выпрастаць не магу. Нясе мяне вада ўніз, проста на вір, і ніяк мне да берага не дабрацца, хоць ты гвалт крычы. «Ну, – думаю, – без пары смерць прыйшла. Людзей паблізу няма, памагчы няма каму».

Тапелец, як кажуць, хапаецца і за саломінку. Так вось і я ўхапіўся за сваю апошнюю надзею: пачаў клікаць Казбека.

Па майму голасу сабака адчуў небяспеку: кінуў вартаваць даручаныя яму стрэльбу і вопратку і з разгону скочыў у ваду. У момант ён апынуўся каля мяне. Я ўхапіўся за нашыйнік, і Казбек паплыў да берага. Што меў сілы, я сам памагаў яму.

На беразе я доўга расціраў ногі, а Казбек бегаў навокал мяне і вішчаў ад радасці... Вы паглядзіце, колькі ў яго вачах шчырай адданасці, – падняў Казбекаву галаву Трахімчык. – Усё разумее, толькі гаварыць не можа.

Пасля гэтага здарэння мы яшчэ больш здружыліся. Гаспадар убачыў, што Казбек любіць мяне мацней, чым яго, і, калі я ад'язджаў, аддаў мне сабаку ў падарунак. З тае пары мы не расстаёмся. Паеду куды – дачакацца не можа. Так нудзіцца, што есці не бярэ... Малайчына, Казбек, малайчына, – пагладзіў яго па лбе Трахімчык.

Сабака працяжна ўздыхнуў і прытуліў галаву да гаспадаровай нагі.

– Была і з маім Жулікам адна гісторыя, але сёння няма калі ўжо распачынаць, – сказаў Шусцік. – Давайце пройдзем яшчэ тым куточкам лесу, ды і на цягнік пара падавацца.

Праз хвіліну, загасіўшы вогнішча, паляўнічыя прабіраліся зараснікамі да станцыі.