Литвек - электронная библиотека >> Іван Навуменка >> Классическая проза >> Вайна каля Цітавай копанкі >> страница 20
Распусціўшы хвост, ён насіўся па клетцы і вуркаваў. Косця глядзеў на голуба моўчкі.

— Яму сумна аднаму, — сказаў ён нарэшце. — Давай пусцім яго на волю.

Ён прывык у мяне, — сказаў Яша, бо яму шкада было выпускаць голуба. — Ён нікуды не паляціць...

— Калі не паляціць, тады вернецца да цябе. Давай паспрабуем...

Яша неахвотна адчыніў дзверцы. Голуб вырваўся з клеткі і, зрабіўшы над дваром два няўпэўненыя, павольныя кругі, імкліва пачаў набіраць вышыню. Праз хвіліну ў небе відаць была толькі шэрая кропка, якая набліжалася да лесу.

— Не вернецца, — з сумам зазначыў Яша.

— Значыць, знойдзе сваіх, — сказаў Косця Кветка. Хлопцы пакрочылі ў школу. Пра Тарабана яны нават не ўспомнілі. Ён болей не займаў у іх думках ніякага месца, смелы Алёша Тарабан. Ён не ведаў ні пра ледавікі, ні пра Хрыстафора Калумба, ні нават пра тое, што ў хуткім часе людзі паляцяць да самых зор...


1957