Литвек - электронная библиотека >> Даниил Иванович Хармс >> Детская проза и др. >> Па-першае і па-другое >> страница 3
смяецца!


V
А сабака ўсё сядзіць ды чэшацца, сядзіць ды чэшацца!


VI
А жырафа ўсё бяжыць!


VII
А слон усё смяецца!


VIII
А сабака ўсё чэшацца!


***
– Ты быў у заапарку?

– Быў.

– Бачыў ільва?

– Гэта з хобатам?

– Не, гэта слон, леў не такі.

– А, з двума гарбамі.

– Ды не! З грывай!

– А-а! Так, з грывай, такі з дзюбай.

– Ды з якой там дзюбай! З ікламі.

– Ну так, з ікламі і крыламі.

– Не, гэта не леў.

– А хто ж гэта?

– Не ведаю. Леў жоўты.

– Ну так, жоўты, амаль шэры.

– Не, хутчэй амаль чырвоны.

– Так-так-так, з хвастом.

– Ага, з хвастом і пазурамі.

– Ведаю! Пазуры велічынёй з атрамантніцу.

– Які ж гэта леў? Гэта хутчэй мыш.

– А, гэта з крыламі?

– Ну, з крыламі!

– Дык тады гэта птушка.

– Ага. Я таксама думаю, што птушка.

– Я табе казаў пра льва.

– Я таксама, пра птушку льва.

– Ды няўжо леў – птушка?

– Здаецца, птушка. Ён яшчэ гэтак цілікае: “Цірлі-цірлі, цюць-цюць-цюць”.

– Чакай! Такі шэранькі і жоўценькі?

– Ага. Шэранькі і жоўценькі.

– З круглай галоўкай?

– З круглай галоўкай.

– І лётае?

– Лётае.

– Ну дык я табе скажу: гэта чыж!

– Ну так! Сапраўды, гэта чыж!

– А я пытаў пра льва.

– Ну, льва я не бачыў.


Забыўся, як завецца

Адзін ангелец ніяк не мог прыгадаць, як завецца гэтая птушка.

– Гэта, – кажа ён, – крукіца. Вой, не крукіца, а кірукіца. Ці не, не кірукіца, а куракіца. Цьху ты! Не куракіца, а кукрыкіца. Ды і не кукрыкіца, а кірыкрукіца.

Хочаце я вам апавяду аповед пра гэтую крукіцу? То бок не крукіцу, а кірукіцу. Ці не, не кірукіцу, а куракіцу. Цьху ты! Не куракіцу, а кукрыкіцу. Ды не кукрыкіцу, а кірыкрукіцу! Не, зноў не тое! Курыкракіцу? Не, не курыкракіцу! Кірыкрукіцу? Не, зноў не тое!

Забыўся я, як гэтая птушка завецца. А калі б не забыўся, то апавёў бы вам аповед пра гэтую кірыкуркукукрэкіцу.


Рыбін тлушч

У аднаго хлопчыка спыталі:

– Слухай, Вова, як ты можаш піць рыбін тлушч? Гэта ж так нясмачна.

– А мне мама кожны раз, калі я вып'ю лыжачку рыбінага тлушчу, дае грыўню, – сказаў Вова.

– І што ты робіш з гэтай грыўняй? – спыталі ў Вовы.

– А я кладу яго ў скарбонку, – сказаў Вова.

– Ну, а потым што? – спыталі ў Вовы.

– А потым, калі ў мяне ў скарбонцы назбіраецца два рублі, – сказаў Вова, – то мама дастае іх адтуль і зноў купляе мне бутэльку рыбінага тлушчу.


17 коней

У нас у вёсцы памёр адзін чалавек і пакінуў сваім сынам такі тэстамент.

Старэйшаму сыну пакідаю 1/2 сваёй спадчыны,

сярэдняму сыну пакідаю 1/3 сваёй спадчыны, а

малодшаму сыну пакідаю 1/9 сваёй спадчыны.

Калі гэты чалавек памёр, то пасля смерці засталося толькі 17 коней і больш нічога. Пачалі сыны 17 коней між сабой дзяліць.

– Я, – сказаў старэйшы, – бяру 1/2 усіх коней. Значыць, 17:2 гэта будзе 8 1/2.

– Як жа ты 8 1/2 коней возьмеш? – спытаў сярэдні брат. – Не будзеш жа ты каня на кавалкі рэзаць?

– І праўда, – згадзіўся з ім старэйшы брат, – толькі і вам сваёй часткі не ўзяць. Бо 17 ні на 2, ні на 3, ні на 9 не дзеліцца!

– Дык што ж рабіць?

– Вось што, – сказаў малодшы брат, – я ведаю аднаго вельмі разумнага чалавека, яго завуць Іван Пятровіч Рассудзілоўскі, ён і зможа нам дапамагчы.

– Ну што ж, кліч яго, – згадзіліся два другія браты.

Малодшы брат пайшоў кудысьці і вярнуўся з чалавекам, які ехаў на кані і курыў караценькую піпку. “Вось, – сказаў малодшы брат, – гэта і ёсць Іван Пятровіч Рассудзілоўскі”.

Расказалі браты Рассудзілоўскаму пра сваю бяду. Той паслухаў і кажа: “Вазьміце вы майго каня, тады ў вас будзе 18 коней і дзяліце спакойна”. Узяліся браты 18 коней дзяліць.

Старэйшы ўзяў 1/2 – 9 коней,

сярэдні ўзяў 1/3 – 6 коней, а

малодшы ўзяў 1/9 – 2 кані.

Склалі браты сваіх коней разам. 9+6+2, атрымалася 17 коней. А Іван Пятровіч сеў на свайго 18-га каня і запаліў сваю піпку.

“Ну што, задаволеныя?” – спытаў ён здзіўленых братоў і паехаў.