Литвек - электронная библиотека >> Янка Купала >> Драма >> Раскіданае гняздо >> страница 17
зычна іграць будзе, як ён у лесе часам умее, як ён у азяродах часам іграе! (Да Данілкі.) Пакажы мне зараз, маладзенькі музыка, як вецер іграе!


Данілка іграе жаласліва-нудную мелодыю, Зоська круціцца па сцэне і прыпявае:


Вецер іграе, зорачкі скачуць,

Месяц між імі лад водзе;

Радасна хмаркі белыя плачуць,

Мілы мой кажа усім — годзе!


Водбліск ад пажару асвечвае сцэну. Зоська, напяваючы ўсё, час нейкі круціцца па сцэне ў пажарным святле. Данілка іграе.


Усе (апрача Зоські). Ах, пажар недзе! Марыля. Як бы з стараны двара агонь б'е!

Старац (хрысцячыся). Скаранне божае валіцца на гэтую зямлю няшчасную! Тут вар'ятка скача, а там з дымам штось ідзе.


Дзеці. Нам страшна, мамка!

Данілка. Уцякайма скарэй адгэтуль, а то яшчэ і наш дом загарыцца!

Зоська (перастаушы круціцца). А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла і мне трэба к майму саколіку збірацца. (Разглядаючы.) Чаго ж я, дурная, длякаюся? Гэта ж ён тут! Тут мой каралевіч ненаглядны! (Паказваючы на дзерава, на каторым абраз вісіць.) Во дзе ён! Во! Адзін, як сіротка, стаіць і чакае, пакуль я, яго зорка нябесная, к яму не падыду. Ужо іду, ужо іду, мае сонейка мілае! (Падыходзіць і абымае дзерава, прытуляючы твар свой к яму.) Выбачай, саколік, што так позна прыйшла я к табе сягоння! Вялікую дарогу мусіла перабыць. Гадзіны на мяне сыкалі, ваўкі вылі, начніцы і совы пужалі, але прыцягнулася к табе. Ночка ўжо мінулася, і божы дзянёк, бачыш, кругом ззяе. Прытулі ж мяне к сабе, добры мой каралевіч! Сагрэй мае грудзі дзявочыя: яны вельмі азяблі — халодна ўжо, бачыш, становіцца на свеце! Не гані мяне ад сябе, як той мяне адагнау і сам за мора уцек. Ты інакшы! Ты хоць і той, але не той. У цябе, чую, сэрца б'ецца, а ў таго ў грудзях нейкі камень хрусцеў; у цябе вочкі, як зоркі, свецяцца, а ў таго, як галодныя вужакі, паглядалі; твае ручкі абымаюць, як матка дзіцянётка ў калысцы абымае, а той, як жалезнымі абцугамі, сціскаў мяне; той гаварыў, то як крумкач над непахаванымі касцямі крумкаў, а твой голас ліецца, як на жалейцы песня вясною... Прытулі ж мяне, саколе мой любы, і не выракайся болей каралеўны сваёй! (Апускаецца каля дзерава і, задумаўшыся, сядзіць пры ім.)

Старац. Пайду я ўжо ад вас, добрыя людзі. Вялікім горам і зніштажэннем кожны тут куток ваш напоўнен. Шчаслівейшую долечку пашлі вам, Божа! Бывайце здаровы! Слава Хрысту!


Данілка (усхапіўшыся). Дзедачка, забірайце і мяне з сабой! А то яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху.

Старац. Як хочаш, сынку мой. Месца хопіць нам. Можаш ісці.

Марыля. Не адходзьце, дзедка! Надумалася і я ўжо: пойдзем усе з табой. Сілачкі мае не хапае далей тут гібець.

Старац. Добра, пані гаспадыня! Добра! I табе месца мала не будзе.

Марыля (да дзяцей). Ну, дзеткі! Пара збірацца ў дарогу! Дзе толькі торбачкі? (Находзіць торбы і начэплівае іх дзецям, Данілку і сабе; Старац памагае.) Вось гэтыя меншанькія вам, малыя, а тэту, трохі большую, табе, Данілка.

Данілка (надзеушы торбу). Вось як лоўка цяпер будзе! У руках скрыпачка, на плячах торбачкі — гуляй, душа, колькі ўлезе!

Старац. Што ж? Нездарма людзі пацераў і малітваў змалку яшчэ вучацца. Каму-небудзь ды пад старасць прыгодзяцца. Аб торбах не павінны забывацца нават і тыя, што на пасадах сядзяць.

Марыля (надзяваючы на сябе торбу). Ну, гэтыя самыя большыя на мяне якраз падыдуць! (Глянуўшы на Зоську.) Паспрабую і на яе надзець, а ну ж з намі пойдзе. (Падыходзщь да Зоські і хоча надзець торбу.) Зоська, пазволь,— надзену гэта на цябе, ды пойдзем разам!


Зоська (павёўшы мутнымі вачыма). Што? Куды?

Марыля. Надзень, Зоська, гэтыя торбачкі! Надзень, дачушка мая. (Хоча сілай надзець.)

Данілка. Не спрачайся, Зоська, ды пойдзем! Я табе зайграю панічову музыку.

Зоська (усхапіўшыся з зямлі і баронячыся). Што? на мяне торбы хочаце надзяваць! Га! А вы ведаеце, хто я такая? Ведаеце? Я каралеўна! Я — усеўладная пані гэтае зямлі ўсёй чыста! — гэтых загонаў, гэтых лугоў, гэтага лесу! Ха-ха-ха! А яны мяне у торбы, як жабрачку, хочуць прыбраць! Я ў кароне, бачыце, хаджу. Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу свету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы свет адзяваюць, а яны ў торбы мяне хочуць прыбраць! Проч, бясстыднікі! (Зрывае торбы і кідае на вогнішча; сама апускаецца каля дзерава.)

Марыля (адкінуўшы торбу ў старану з агню). Не хочаш, і не трэба! Не ў маёй ужо моцы з вамі вайну вясці. А торбачка гэта хай астанецца тут: можа, Сымону прыдасца.

Старац. Што ж, пані гаспадыня,— гатовы ўжо ўсе!

Марыля. Ужо, дзедка! Можам ісці.

Данілка. Уцякайма, дзедка, бо і я ўжо гатоў. А Зоська дагоніць нас: не чапайце толькі яе. Цяпер жа, можа, запяём усе разам на адходнае.

Старац. Святую песню хоць калі не грэх запець.


Марыля (да Зоські). Зоська, як апомнішся, прыходзь з Сымонам да нас!


Старац ідзе наперад, за ім Марыля з дзяцьмі па баках, а за Марыляй — Данілка. Усе пяюць «Лазара»,— Данілка іграе; нейкую мінуту іх песня чуваць за сцэнай, пасля паволі замірае.


З'ява IV


Зоська адна.


Зоська (як бы прасвятлеўшы, паказваючы рукамi). Ха-ха-ха! Там пажар, гэтыя, як пагарэльцы, з торбам! пайшлі.


З'ява V


Зоська і Сымон.


Сымон (шыбка ўваходзщь са стараны пажару, трымаючы ў руцэ запаленую галавешку. Разглядаючыся). Пайшлі!.. Не пачакалі мяне яшчэ хоць трохі. А так ужо ўсё наладзіў. (Уеледзеўшы Зоську.) Адна Зоська асталася! (Да яе.) Што ж ты робіш тут адна? Пойдзем са мной?

Зоська. (прыглядаючыся). Гэта ты, Сымон?


Сымон. Я, Зоська! Уставай хутчэй, сястрыца, ды пойдзем, бо кожная мінута цяпер дорага!

Зоська. Куды пойдзем? Па што?

Сымон (паказваючы галавешкай у праціўную старану ад пажару). На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!!!

Зоська (падымаючыся з зямлі). А-а!..


Сымон бярэ яе за руку, і абое нікнуць у цемнаце.


Заслона