Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Критика >> Крытыка >> страница 3
ён зрабіў, каб гэткі мець прысуд?
Ці ж не хапіла б тым смутным вачам
Кахання безнадзейнага пакут.
А ўвогуле, паўтараю, гэта дакладны, грунтоўна пабудаваны пераклад.

Пакідае надзвычай добрае ўражанне работа Уладзіміра Дубоўкі над "Шыльёнскім вязнем", гэтай песняй мужнасці і тугі. Добра перакладзены той стрымана-грозны, прароцкі тэмп, якім вызначаецца гэтая паэма:

Бо пры святле астрожных крат
Чужым здаваўся нават брат.
Нас разлучыў, скаваў ланцуг,
Але злучала сэрца, дух.
Нам забаронены былі
Акрасы неба і зямлі,
Ды вораг мову ўзяць не мог,
Яна лунала праз астрог.
Ягоны ж пераклад "Каіна" — сур'ёзная, вельмі разумная і таленавітая работа… Люцыфар — дзіва! Яго словы пра бога — цуд!

Няхай на зоры ён грувасціць зоры,
Усё ж самотны ён,
спрадвечны дэспат.
І як ён адразу перастае быць вялікім, як толькі паспрабуе ўкленчання. І пратэст супроць бога, які не дае людзям Пладоў Жыцця, каб яны не зрабіліся падобнымі да багоў. І вера, што той, хто ўладае праўдай, павінен раздзяліць яе на ўсіх. І пакаранне за гэта імкненне Чалавека да ісціны. І пратэст супроць улады смерці над жывымі — усё вельмі добра.

Я дагэтуль трызню размовай Каіна і Авеля. Апошні — такая ханжа і нуда, што я, шчыра кажучы, забіў бы яго на другой старонцы, не чакаючы дзесятай.

Я забыў нават трохі сухаватыя першыя строфы "Бронзавага веку" і рагатаў, чытаючы раздзелы аб кангрэсе, ганьбе Вероны, аб Англіі і Аляксандры Першым. Вось гэта гнеў, вось гэта сарказм, вось гэта сіла!

Дубоўка паказаў, якія разнастайныя рэчы ён можа рабіць. І бліскуча рабіць.

Я казаў ужо, што пераклады Язэпа Семяжона — мая слабасць. "Бепа" — самы чароўны пераклад ва ўсёй кнізе. Лёгкі, натуральны, трохі фрывольны. Ніякай скутасці. Вясёлая, балбатлівая гамонка, як бег крынічкі па жвіры. І раптам — бізуном, дзягай!

Вось ён і з'явіўся, беларускі Байран. Нам патрэбны беларускі Дантэ, беларускі Гётэ… Без "Фаўста" і "Боскай камедыі" не можа абыходзіцца нічыя літаратура. І справа нават не ў Дантэ і Гётэ. Справа ў нас. Трэба гэта зрабіць для сябе, для ўзбагачэння сваёй мовы, для яе гнуткасці, шматфарбнасці, зіхацення, светаноснасці. Таму пераклад Байрана — крок, які нельга пераацаніць.

Добра аформленая, з выразнымі гравюрамі мастака П. Аляксеева, гэтая кніга стала неабходнай кнігай, асабліва на стале маладога чалавека. Таму што Байран — вечная любоў усіх узростаў, а асабліва юнага.

Мы любім яго сяброў, ненавідзім яго ворагаў. Але асабліва любім яго самога. Па многіх прычынах, але галоўным чынам таму, што ён — наш сучаснік, чалавек, які стаяў за лудзітаў, за грэкаў, за вольных, за прыгнечаных.

Ягоная творчасць вучыць любві да радзімы і волі, вучыць сумленню, нянавісці да клерыкалаў, да ханжаў, да поскудзі, да філістэраў, да гнілога быдла, якое церпіць выспяткі, да добраахвотных халопаў, што цалуюць чужынскія рукі. Яна непрымірымая ў нянавісці, бо любіць людзей.

Ці ж гэта не наш сучаснік? Вось аб капітале:

Вы згінеце, як знізіцца цана!
Для вас жыццё шчаслівае — вайна.
.
Ад думкі той вам галава баліць,
Што бедны стане лепш на свеце жыць.
Лягчэй людзям, — тлумачыце вы нам, —
Калі ўсе грошы аддадуць панам.
Вось аб манархах, якія хочуць вайны:
Лепш меч на плуг табе перакаваць,
Лепш цаліну пустэльную ўзараць,
Ад рабства вызваліць народ лепш свой,
Чым кідацца туды сторч галавой.
Аб дыктатарах:
Гарачка ўлады кінулася ў кроў
Стваральнікаў вучэнняў і дактрынаў,
Правадыроў, паэтаў, дзеячоў.
І ўсе яны, вялізныя мужчыны,
Дурней за тых, каго дурыць павінны.
Зайздросцяць ім. О божа мой, чаму?
Каб чалавецтва глянула ў глыбіні
Такой душы, падобнай на турму, —
Не трэба славы ззяння век было б яму.
Аб рэвалюцыях:
Стаіла страсць у логвішчы дыханне,
Ды пройдзе час — паўстане гневу раць,
І права помсты, кары й даравання
І сёння не прымусіць нас чакаць.
Байран верыў у справядлівасць для мільёнаў. Верыў у тое, што ў нядолі, у грубай сілы, рабаўнікоў, здзерцаў, гвалтаўнікоў і ашуканцаў нядоўгі век.

Ён быў атэіст. Гаворачы пра славу бога, ён разумеў славу і сілу праўды, якая робіць магутным нават слабога і пакрыўджанага.

I нам трэба падзякаваць перакладчыкам за тое, што яны данеслi да нас золата радкоў вялiкага англiчанiна.

Не, не англічаніна. Вялікага чалавека, які аднолькава належыць усім мовам і ўсім народам зямлі.

Невялічкая кніга ў мяцежнай, барвяна-чорнай вокладцы, кніга на нашай, на маёй і тваёй, чытач, роднай мове сведчыць аб гэтым.


А бадай вам цiкава было


Сёння ў вас свята, дзецi. Старэйшыя прынеслi вам падарунак, цудоўна выдадзеную кнiгу беларускiх народных казак. Малым пачытаюць гэтыя казкi бацькi, большыя — самi будуць чытаць i разглядаць малюнкi. I адразу ўстане перад вамi дзiвосны свет, дзе ходзяць каткi — залатыя лабкi, дзе воўк з сабакам — зусiм па-чалавечы — гарланяць на вяселлi песню, дзе ў балоце водзяцца смешныя дурнаватыя чэрцi.

Мы, дарослыя, зайздросцім вам. Калісьці і мы смяяліся і заміралі, слухаючы казкі. А ў вас усё гэта наперадзе.

Каму вы можаце падзякаваць за дарагі падарунак?

Кнігу гэтую стваралі сотні людзей, маляваў для яе малюнкі дужа таленавіты мастак. Але перш за ўсё трэба дзякаваць безыменным людзям, якія прыдумалі гэтыя казкі і, праз вякі, данеслі іх да вас.

Так, праз вякі. Пра рыбу, што праглынула пярсцёнак, людзі расказвалі тры тысячы год назад.

Чалавек тады шмат чаго не разумеў і лічыў, напрыклад, што пад час зацьмення змей крадзе сонца. Таму і нельга казаць, што казка — байка і выдумка. Не зусім.

Вось казка "Стары бацька". Яна ідзе з тых часоў, калі продкі нашы часта галадалі і таму ў час голаду адвозілі старых у лес. Дзікі звычай? Але казка гаворыць і аб тым, як ад яго адмовіліся, бо любілі бацькоў і зразумелі, што ўсім патрэбен іхні розум, што іх трэба шанаваць і даглядаць. Казка гаворыць аб высакароднасці і дабрыні і таму дарагая нам.

Кніга не мяняецца, а вусныя казкі ўвесь час мяняліся. Бацькі расказвалі іх дзецям, тыя — сваім дзецям. Нешта забывалі, нешта прыдумвалі, каб лепей. А паколькі забываецца горшае — казка рабілася ўсё лепшай і стала для нас узорам. Нямногія пісьменнікі могуць пісаць лепей. А таму казкі любяць усе: і малыя і старыя. Пра казку — ведайце — пішуць навуковыя кнігі. Праўда-праўда.