Литвек - электронная библиотека >> Чынгіз Айтматаў >> Советская проза и др. >> Буранны паўстанак >> страница 2
Сары-Азек, там у іх свая, асобная чыгуначная служба, далей, на касмадром, карацей кажучы, таму цягнік ішоў увесь закрыты брызентам і з вайсковай аховай на платформах). Едыгей адразу здагадаўся, што гэта жонка спяшала да яго, што нездарма спяшаецца і што ёсць на тое нейкая надта сур'ёзная прычына. Так яно потым і пацвердзілася. Але паводле абавязку службы ён не меў права адлучацца з месца, пакуль не пракоціцца міма апошні хваставы вагон з кандуктарам на адкрытай пляцоўцы. Яны пасігналілі адзін аднаму ліхтарамі ў знак таго, што ўсё ў парадку, і толькі тады бадай аглохлы ад суцэльнага шуму Едыгей павярнуўся да задыханай жонкі:

— Ты чаго?

Яна трывожліва зірнула на яго і шавяльнула губамі. Едыгей не пачуў, але зразумеў — так і думаў.

— Хадзем сюды ад ветру. — Ён павёў яе ў будку.

Але перш чым пачуць з яе вуснаў тое, пра што сам здагадваўся, у тую хвіліну чамусьці здзівіла яго іншае. Хоць і раней ён прыкмячаў, што гады не маладзілі яе, але гэты раз, калі ўбачыў яе задыханую пасля цяжкай хадзьбы, тое, як страшна хрыпела і сіпела ў яе грудзях і як ненатуральна высока ўздымаліся яе схуднелыя плечы, яму стала балюча і крыўдна за яе. Моцнае электрычнае святло ў маленькай, чыста пабеленай чыгуначнай будцы яшчэ больш падкрэсліла застарэлыя змаршчакі на счарнелых шчоках Укубалы (а быў жа некалі твар смуглявы, роўнага пшанічнага адцення, і вочы заўжды ззялі чорным бляскам), і яшчэ гэты шчарбаты рот, які наводзіў на думку, што пажылай жанчыне хоць бы ўжо не быць бяззубай (даўно трэба звазіць яе на станцыю ўставіць гэтыя самыя металічныя зубы, цяпер усе, і стары і малы, ходзяць з такімі), а тут яшчэ гэтыя сівыя, белыя-белыя пасмы валасоў, рассыпаныя па твары, выбіўшыся з-пад хусткі, балюча рэзнулі па сэрцы. «Эх, як пастарэла ты ў мяне», — пашкадаваў ён яе ў душы з нейкім шчымлівым пачуццём уласнай віны. І таму яшчэ больш адчуў у сабе маўклівую ўдзячнасць за ўсё тое, што было перажыта разам многія гады, і асабліва за тое, што прыбегла вось па чыгунцы, сярод ночы, у самы дальні канец раз'езда з-за павагі і абавязку, бо ведала, што гэта важна для Едыгея, прыбегла сказаць пра смерць няшчаснага старога Казангапа, адзінюткага, — так і памёр адзін у пустой мазанцы, бо разумела — толькі Едыгей адзін на свеце блізка да сэрца прыме смерць усімі забытага чалавека, хоць нябожчык і не даводзіўся мужу ні братам, ні сватам.

— Садзіся, аддыхайся, — сказаў Едыгей, калі яны ўвайшлі ў будку.

— І ты садзіся, — сказала яна мужу.

Яны селі.

— Што здарылася?

— Казангап памёр.

— Калі?

— Ды вось толькі што забегла — як ён там, думаю, можа, што трэба. Уваходжу, святло гарыць, і ён сам на сваім месцы, і толькі барада стырчком неяк, задралася ўгору. Падыходжу. Казаке, кажу, Казаке, можа, вам чаго гарачага, а ён ужо… — яе голас перацяўся, слёзы нагарнуліся на вейкі, і, усхліпнуўшы, Укубала ціха заплакала. — Вось як яно выйшла пад канец. Які чалавек быў! А памёр — некаму, бач, вочы закрыць, — бедавала яна, плачучы. — Хто б мог падумаць? Так і памёр чалавек… — Яна хацела сказаць, — як сабака на дарозе, але змоўчала, не стала ўдакладняць, і без таго зразумела.

Слухаючы жонку, Буранны Едыгей, так звалі яго тут, змрочна сядзеў на прыстаўной лаве, паклаўшы цяжкія, як карчы, рукі на калені. Казырок чыгуначнай фуражкі, добра-такі зашмальцаваны і паабіты, кідаў цень на яго вочы. Пра што ён думаў?

— Што будзем рабіць цяпер? — пыталася жонка.

Едыгей падняў галаву, зірнуў на яе з горкай усмешкай.

— Што будзем рабіць? А што робяць у такіх выпадках? Хаваць будзем. — Ён прыўзняўся з лавы, як чалавек, што ўжо меў рашэнне. — Ты вось што, жонка, вяртайся як хутчэй. А цяпер слухай мяне.

— Слухаю.

— Разбудзі Аспана. Не глядзі, што начальнік раз'езда, нічога, перад смерцю ўсе роўныя. Скажы яму, што Казангап памёр. Сорак чатыры гады прарабіў чалавек на адным месцы. Аспан, можа, тады яшчэ і не нарадзіўся, калі Казангап пачынаў тут і ніякага сабаку ні за якія грошы не зацягнуць было сюды, на саразекі. Колькі цягнікоў прайшло тут на вяку яго — валасоў не хопіць на галаве. Няхай ён падумае. Так і скажы. І яшчэ слухай…

— Слухаю.

— Будзі ўсіх як аднаго. Стукай у вокны. Колькі нас тут народу — восем дамоў, на пальцах злічыць… Усіх паднімі на ногі. Ніхто не павінен спаць сёння, калі памёр такі чалавек. Усіх паднімі на ногі.

— А калі лаяцца будуць?

— Наша справа сказаць кожнаму, а там няхай лаяцца. Скажы, што я загадаў будзіць. Трэба сумленне мець. Чакай!

— Што яшчэ?

— Забяжы спачатку да дзяжурнага, сёння Шаймердзен сядзіць дыспетчарам, перадай яму што і як і скажы, няхай падумае, як быць. Можа, знойдзе мне замену гэты раз. Калі што, няхай дасць знаць. Ты зразумела мяне, так і скажы!

— Скажу, скажу, — адказала Укубала, а потым спахапілася, нібы ўспомніўшы раптам пра самае галоўнае, недаравальна забытае ёю. — А дзеці ж яго! Вось табе і на! Трэба ж ім найперш вестку падаць, а то ж як? Бацька памёр…

Едыгей спахмурнеў адчужана, яшчэ больш пасуровеў.

— Якія ні ёсць, але ж дзеці, — казала Укубала, нібы апраўдваючы каго, ведаючы, што Едыгею гэта непрыемна слухаць.

— Ды ведаю, — махнуў ён рукой. — Што ж я, нічога не цямлю? Яно так, нельга без іх, але каб на тое воля мая, я іх блізка не дапусціў бы!

— Едыгей, гэта не наша справа. Няхай прыедуць і самі хаваюць. Размоў будзе пасля, не адмыешся…

— А што я, перашкаджаю? Няхай едуць…

— А калі сын не паспее з горада?

— Паспее, калі захоча. Пазаўчора яшчэ, калі быў на станцыі, сам тэлеграму адбіў яму, што, маўляў, так і так, бацька твой пры смерці. Чаго болей! Ён сябе разумным лічыць, павінен зразумець, што да чаго…

— Ну калі так, то добра, — напэўна прымірылася жонка з высновамі Едыгея і, усё яшчэ думаючы пра нешта сваё, што трывожыла яе, сказала: — Добра, каб з жонкай прыехаў, усё-ткі свёкра хаваць, а не каго-небудзь.

— Гэта ўжо самі няхай рашаюць. Што тут падказваць, не малыя ж дзеці.

— Яно так, канечне, — усё яшчэ сумняваючыся, згаджалася Укубала.

І яны змоўклі.

— Ну, ты не заседжвайся, ідзі, — нагадаў Едыгей.

У жонкі, аднак, было яшчэ што сказаць.

— А дачка ягоная — Анзада бедная — на станцыі з мужам сваім, п'янтосам беспрабудным, ды з дзецьмі, ёй таксама трэба паспець на пахаванне.

Едыгей міжволі ўсміхнуўся, паляпаў жонку па плячы.

— Ну вось, ты цяпер пачнеш перажываць за кожнага… Да Анзады тут рукой падаць, з раніцы падскочыць хто-небудзь на станцыю, скажа. Ты, жонка, зразумей адно — і ад Анзады, і ад Сабітжана тым больш, няхай ён і сын, мужчына, карысці будзе мала. Вось паглядзіш, прыедуць, нікуды не дзенуцца, але будуць стаяць як госці староннія, а хаваць будзем мы, так ужо выходзіць… Ідзі і рабі, як я