Литвек - электронная библиотека >> Янка Купала >> Поэзия и др. >> Сон на кургане >> страница 16
нетра,
На забранай сенажаці
Стогнуць дзеці, плача маці.
Ані знаку агняцветаў,
Праўды-маткі не шлюць свету
Жыватворнаю крыніцай
Ад граніцы да граніцы.
Лірнік Лазар ходзіць, плача,
I ніхто яго не бача.
Не прыходзіць змілаванне
3 важнай весцю ў добрым стане.

Усе мімавольна паўтараюць апошнія дзве звароткі пад такт песні Сама. Пачынаецца напяванне без слоў, каторае паволі ўсільваецца ў нейкую жудка-сумную, прыдаўленую мелодыю, становіцца штораз ясней з чутнымі выразна словамі. Маўчыць толькі шынкар.


…Вырвалі шчасце, вырвалі вочы,
Думы паганяць няславай;
Сцежкі заслалі цемраю ночы,
Рыюць у процьму канавы.
Тутка мы п'яны, ах, п'яны
Вечным пракляццем сваім:
Гоячы вечныя раны,
Новыя раны тварым.
*
Вышай ці ніжай — цемра-пацёмкі:
Ўсходу паходні не знаці.
Продкі — ў магіле, ў путах — патомкі,
3 намі, прад камі — бясхацце.
Тут п'яны мы, як сляпыя,
Слёзы з атрутаю п'ём,
Помнячы петлі старыя,
Новыя путы куём.
*
Рукі ў аковах, душы ў балоце,
Зверства спраўляе каляды;
Свіст гругановы целам калоце,
Гадзіны сыкаюць здрадай…
Тутка мы п'ём, не марудзім,
Вечнай адданы кляцьбе:
Даўніх праступкаў забудзем,
К новым пад'юдзім сябе.
*
Хто лепш ярмом нас здавіць, прыцісне —
Б'ём таму ніжай паклоны,
I ненавідзім так бескарысне,
Як бескарысны усе нашы плёны.
Тутка мы п'яны, ах, п'яны…
Як сэрца ядам змяі.
Тут, там нам праўда не знана —
Хто мы: звярмі ці людзьмі?

Уваходзіць малады стражнік; шынкар паказвае яму месца пры 8-м, апошнім століку каля самага буфета. Песня зноў пераходзіць у нямы — без слоў — гул. Скора за стражнікам уваходзяць два музыкі — адзін са скрыпкай, другі з гармонікам; як увайшлі, усе перасталі пець.


Колькі гасцей (разам)

Ціха! ўжо прыйшлі музыкі.

Музыкі садзяцца па левай старане ля дзвярэй і зводзяць скрыпку з гармонікам.


3 1-га століка

Як добра, што шынкар паклікаў…
Зайграйце, толькі ж не фальшыва —
Як суддзі, купленыя меддзю.
3 2-га століка

Няхай маланкай смык паедзе,
А так свістуча, так ігрыва,
Як куля, пушчаная ў птушку.
3 3-га століка

Як аплявухі, рэжце звонам;
Гудзі гармошкай, як кадушкай,
Як бізуном гудзе аконам.
3 4-га століка

Скрыпніце й скрыпкай, і гармошкай,
А так піскуча, так прымерне,
Як тыя ў фабрыках шасцерні.
3 5-га століка

Звініце, йграйце п'яна-звонка,
Як шклянкі гэтыя і пляшкі,
Каб аж забегалі мурашкі.
3 6-га століка

Звініце, як ноч гэта звоніць,—
Як на змазоленай далоні
Звініць апошняя капейка.
Сам

Я чуў шмат лет таму жалейку…

Музыкі, глушачы далейшыя словы Сама, пачынаюць іграць «Ой-ра, ой-ра»; некаторыя з гасцей выкручваюць п'яна ў такт ігры за столікамі нагамі. Усе гамоняць і ў нос падпяваюць музыкам.


Сам (як музыкі перарвалі ігру)

А каб цяпер — «Волны Дунаю»…
Дунай я часта ўспамінаю.

Іграюць «Волны Дуная»; усе ім падцягваюць; пасля — як падніманыя з месца невядомай сілай — пачынаюць у пары з дзяўчынай круціцца; выгляд кожная пара мае ненатуральны — паўдзікі, пануры, рэшта — па адным пры кожным століку — сядзяць і глуха падпяваюць музыкам. Сам такжа круціцца; сгражнік сядзіць. Па колькі мінутах адчыняюцца ў шынку дзверы і два мужчыны ўцягваюць замёрзшую скасцянеўшую кабету; усе, не дагледзеўшы гэтага, час нейкі яшчэ круцяцца.


Шынкар (такжа не заўважыўшы спачатку)

Што гэта? Што? Святы Бог з вамі!
Скуль вы з такою падарожнай?
1-ы мужчына (музыка і гульня ціхне)

Замерзла тутка пад вакнамі,
Яшчэ к жыццю вярнуці можна.
2-і мужчына

Мы йшлі сюды шукаць начлегу —
Глядзім — ляжыць, як корч, кабета.
Шынкар

Нясіце снегу! Жывей снегу!
Снег памагае ў разах гэтых.
Нехта з гасцей

Так, як нябожчыку палонка.

Усе абступаюцца каля замёрзшай і ўглядаюцца.


Стражнік (адскакваючы, як бы спужаўшыся)

Моя мамаша…
Сам (валячыся на калені над замёрзшай)

Мая жонка…

Заслона

1910–1912