Литвек - электронная библиотека >> Эдгар Аллан По >> Классический детектив >> Забойства на вуліцы Морг >> страница 3
мяне здзіўляеш! Не ведаю я ніякага гандляра садавінай.

— Ну, той, з кім ты сутыкнуўся, калі мы зварочвалі на гэту вуліцу, хвілін пятнаццаць назад.

Тут я ўзгадаў, што сапраўды нейкі гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збіў мяне знянацку з ног, калі мы зварочвалі з вуліцы С — на тую, дзе мы зараз стаялі. Але я не мог ніяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыі.

Але Дзюпэн ні на кроплю не быў схільны да charlatanerie[6].

— Я зараз растлумачу, — сказаў ён. — І каб ты ўсё зразумеў, мы спачатку адновім ход тваіх думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да цябе, да rencontre[7] з тым самым гандляром. Асноўныя звенні ланцуга — Шантыі, Арыён, д-р Нікалс, Эпікур, стэрэатамія, каменне ў бруку, гандляр садавінай.

Няма, відаць, такіх людзей, якія б у адпаведныя моманты свайго жыцця не паўтаралі ў думках дзеля забавы крок за крокам шлях, які прывёў іх да той ці іншай высновы. Занятак гэты часта вельмі цікавы, і той, хто сутыкаецца з ім упершыню, дзівіцца неабмежаванай адлегласцю і неадпаведнасцю паміж зыходным пунктам і канчатковай высновай. Якім, відаць, было маё здзіўленне, калі я пачуў тое, што сказаў Дзюпэн, і не мог не пагадзіцца, што ўсё гэта — праўда.

Ён жа працягваў:

— Перад тым як звярнуць з вуліцы С, я добра памятаю, мы гаварылі пра коней. На гэтай тэме і перарвалася наша размова. Калі пераходзілі на гэту вуліцу, гандляр, які прабягаў побач з кошыкам яблыкаў на галаве, адпіхнуў цябе на кучу камянёў, паскіданых у тым месцы, дзе рамантуюць брук. Ты спатыкнуўся аб камень, паслізнуўся, крыху расцягнуў звязку на шчыкалатцы, відаць, раззлаваўся, ва ўсякім разе, спахмурнеў, нешта прамармытаў, азірнуўся на груду камянёў і моўчкі пакрочыў далей. Я не вельмі стараўся сачыць за тваімі дзеяннямі, але назіральнасць зрабілася апошнім часам неад'емнай часткай маёй натуры.

Ты працягваў ісці з апушчанай галавой, незадаволена косячыся на калдобіны і расколіны ў бруку (такім чынам, я зразумеў, што ты ўсё яшчэ думаеш пра камяні), пакуль мы не дайшлі да завулка, што носіць імя Ламарціна і які забрукавалі ў якасці эксперымента «ўнакладку», шчыльна падладзіўшы пліткі заклёпкамі. Твой твар павесялеў, і па вуснах я здагадаўся, што ты прамармытаў слова «стэрэатамія», тэрмін вельмі штучна суаднесены з гэтым тыпам бруку. Я ведаў, што ты не мог вымавіць гэта слова, не ўзгадаўшы пра атамы, а таксама пра тэорыі Эпікура. Так як мы абмяркоўвалі не так даўно гэтую тэму — я заўважыў, як надзіва дакладна, хоць на гэта мала хто звярнуў увагу, не вельмі выразныя здагадкі высакароднага грэка пацвердзіліся пазней касмагоніяй у адносінах да нябесных туманнасцей, — то я падумаў, што ты абавязкова падымеш вочы, каб зірнуць на вялікую туманнасць у сузор'і Арыёна, і спадзяваўся, што менавіта так і атрымаецца. Ты сапраўды зірнуў угору, тым самым упэўніўшы мяне, што я правільна іду па тваім следзе. Але ў вельмі адмоўным водгуку на выступленне Шантыі ва ўчарашняй «Musee», нейкі з'едлівы сатырык, намякаючы вельмі нетактоўна на тое, што шавец, які стаў на катурны, змяніў і прозвішча, прыпомніў адзін радок на лацінскай мове, да якога мы часта звярталіся ў размовах. Я маю на ўвазе вось гэта: Perdidit antiquum litera prima sonum[8].

Я неяк казаў табе, што радок быў напісаны адносна Арыёна, бо некалі пісалася Ўрыён, і так як мы яшчэ тады пажартавалі наконт гэтага, я ведаў, што ўсё гэта засталося ў тваёй памяці. Таму было зразумела, што ты абавязкова злучыш у галаве думкі пра Арыёна і Шантыі. Тое, што менавіта так і здарылася, пацвердзіла твая ўсмешка. Ты падумаў, што бедны Шантыі сам сябе прынёс у ахвяру. Спачатку ты ішоў згорбіўшыся, а тут — выпрастаўся на ўвесь рост. Такім чынам, я быў упэўнены, што ты падумаў пра мізэрную фігуру Шантыі. У той самы момант я перабіў твае думкі, зазначыўшы, што гэты Шантыі і праўда недаростак і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар'етэ».


Неўзабаве пасля гэтага мы праглядалі вячэрні выпуск «Судовай газеты», і нашу ўвагу прыцягнулі наступныя радкі:

«Незвычайнае забойства.

Сёння, а трэцяй гадзіне ночы, жыхароў квартала Сен-Рош абудзілі ад сну немыя крыкі, што чуліся, відаць, з пятага паверха дома на вуліцы Морг, у якім, як было вядома, жылі толькі мадам Л'Эспанэ і яе дачка мадэмуазель Каміла Л'Эспанэ. Пасля некаторай затрымкі, якая была выклікана спробай зайсці ў дом звычайным шляхам, дзверы пад'езда адчынілі ломам, і туды зайшлі восем ці дзесяць чалавек суседзяў і разам з імі два жандары. Да таго часу крыкі ўжо сціхлі, але калі згаданая група людзей адолела першы пралёт лесвіцы, яны пачулі, як недзе, відаць, на верхніх паверхах, грубымі галасамі сварыліся не менш двух чалавек. Пакуль дабеглі да другой лесвічнай пляцоўкі, і гэтыя галасы ўжо сціхлі, усюды панавала цішыня. Людзі падзяліліся на групы і пачалі прачэсваць пакой за пакоем. Калі яны апынуліся ў вялікай спальні на пятым паверсе ў тыльнай частцы будынка (дзверы замкнёныя на ключ знутры таксама выламалі), дык сталі сведкамі відовішча, якое вельмі напалохала і здзівіла прысутных.

Усё ў кватэры было ў страшэнным беспарадку — усюды валялася паламаная мэбля. У пакоі стаяў толькі адзін ложак, і з яго сцягнулі і параскідалі па падлозе пасцель. На крэсле ляжала брытва з акрываўленым лязом. Да каміна прыліплі дзве-тры акрываўленыя тоўстыя пасмы вырваных, відаць, з коранем сівых валасоў. На падлозе знайшлі чатыры напалеандора, адну завушніцу з тапазам, тры срэбраныя сталовыя, тры чайныя мельхіёравыя лыжкі і два мяшэчкі з залатымі манетамі амаль на чатыры тысячы франкаў. Шуфляды камоды, якая стаяла ў куце пакоя, былі выцягнуты, у іх, відаць, корпаліся, але многія рэчы засталіся на сваіх месцах. Пад пасцеллю (а не пад ложкам) быў знойдзены невялічкі жалезны сейф. Ён быў адамкнёны, і ў дзверцах яшчэ тырчэў ключ. Унутры нічога не было, акрамя некалькіх старых лістоў і іншых нязначных папер.

Ад мадам Л'Эспанэ не засталося ніякіх слядоў, але калі заўважылі ў каміне незвычайна вялікую колькасць сажы, праверылі дымаход і — які жах! — выцягнулі адтуль за галаву труп дачкі: значыць, нехта запхнуў яго ў вузкі праход, і даволі далёка. Цела было яшчэ цёплае. Як высветлілася ў час агляду, скура ў многіх месцах была паздзіраная — несумненна, вынік таго, што яе гвалтоўна запіхвалі ў комін. На твары шмат глыбокіх драпін, на шыі сінякі і глыбокія сляды ад пазногцяў, падобна на тое, што нябожчыцу душылі.

Пасля таго як старанна абшукалі ўсе куткі і нічога больш не знайшлі, усе пайшлі ўніз у брукаваны дворык за домам, дзе ўбачылі труп старэйшай жанчыны — рана на шыі была настолькі глыбокая, што калі паспрабавалі труп падняць, адразу адвалілася галава. І цела, і галава страшэнна знявечаныя, асабліва цела, якое было ўжо