Литвек - электронная библиотека >> Сельма Лагерлеф >> Классическая проза >> Пярсцёнак Лёвеншольдаў

Сэльма Лагерлёф Пярсцёнак Лёвеншольдаў

I

Ведаю, што жылі ў даўніну на свеце людзі, якія не зналі страху. Чула я і пра такіх, якія лічылі забавай прайсціся па першым тонкім лёдзе. І не было для іх большай радасці, як скакаць на неаб'езджаным кані. Так, былі сярод іх і такія, што не пагрэбавалі б згуляць у карты з самім юнкерам Алегордам, хоць загадзя ведалі, што гуляе ён мечанымі картамі і таму заўсёды выйграе. Ведала я і некалькі бясстрашных душ, што не пабаяліся б адправіцца ў дарогу ў пятніцу ці сесці за абедзенны стол, накрыты на трынаццаць персон. І ўсё ж сумняваюся, ці хапіла б у каго-небудзь з іх духу надзець на палец жахлівы пярсцёнак, які належаў старому генералу з маёнтка Хедэбю.

Гэта быў той самы стары генерал, які здабыў Лёвеншольдам і імя, і маёнтак, і дваранскую годнасць. І да таго часу, пакуль маёнтак Хедэбю заставаўся ў руках Лёвеншольдаў, яго партрэт вісеў у параднай гасцінай на верхнім паверсе паміж вокнамі. Гэта была вялікая карціна, якая займала ўвесь прасценак ад падлогі да столі. Здалёку здавалася, нібы гэта Карл XII[1] уласнай персонай, быццам гэта ён стаіць тут у сінім мундзіры, у вялікіх пальчатках з замшавай скуры, упарта падпіраючы вялізнымі батфортамі стракатую, шахматнай клеткай, падлогу. Але падышоўшы бліжэй, вы бачылі, што намаляваны быў чалавек зусім іншага роду.

Над каўняром мундзіра ўзвышалася магутная і грубая мужыцкая галава; здавалася, чалавек на партрэце народжаны, каб араць зямлю да канца сваіх дзён. Але пры ўсёй сваёй агіднасці чалавек гэты быў з выгляду разумны, і верны, і слаўны. Калі б ён з'явіўся на свет у нашы дні, то мог бы стаць сама меней прысяжным засядацелем у павятовым судзе, а то і старшынёй муніцыпалітэта. Ды, хто ведае, магчыма, ён і ў рыксдагу б засядаў[2]. Але паколькі жыў ён у часы вялікага, доблеснага караля, то адправіўся на вайну; туды пайшоў бедным салдатам, а вярнуўся дамоў славутым генералам Лёвеншольдам; і за верную службу атрымаў ва ўзнагароду ад казны маёнтак у прыходзе Бру.

Адным словам, чым даўжэй вы разглядвалі партрэт, тым больш прыміраліся з абліччам генерала. Здавалася, вы пачыналі разумець — сапраўды такія і былі яны, тыя самыя воіны, што пад кіраўніцтвам караля Карла XII праклалі яму шлях у Польшчу і Расею[3]. Яго суправаджалі не толькі шукальнікі прыгод і прыдворныя кавалеры, але і такія простыя і адданыя людзі, як гэты вось чалавек на партрэце. Яны любілі караля, мяркуючы, што дзеля яго варта і жыць і памерці.

Калі вы разглядвалі вобразатвор старога генерала, побач заўсёды аказваўся хто-небудзь з Лёвеншольдаў, каб заўважыць незнарок: гэта, маўляў, зусім не прыкмета ганарыстасці ў генерала, што ён зняў пальчатку з левай рукі, каб мастак адлюстраваў на партрэце вялікі пярсцёнак з пячаткай, які стары Лёвеншольд насіў на ўказальным пальцы. Пярсцёнак гэты дараваны быў яму каралём, а для яго на свеце існаваў толькі адзін-адзінюсенькі кароль. І пярсцёнак быў адлюстраваны разам з генералам на партрэце, каб засведчыць, што Бенгт Лёвеншольд застаўся верны Карлу XII. Бо нямала давялося яму выслухаць злосных нагавораў на свайго ўладара[4]! Адважваліся нават запэўніваць, быццам неразумнасцю сваёй і самавольствам ён давёў краіну ледзь не да пагібелі; але генерал усё роўна заставаўся заўзятым прыхільнікам караля. Бо кароль Карл быў для яго чалавекам, роўнага якому не ведаў свет! І таму, хто быў блізкі да яго, давялося даведацца, што ёсць на свеце нешта такое, што намнога прыгажэйшае і вышэйшае за людскую славу і поспехі і дзеля чаго варта змагацца.

Якраз гэтак жа як Бенгт Лёвеншольд пажадаў, каб пярсцёнак быў адлюстраваны разам з ім на партрэце, пажадаў ён узяць яго з сабой і ў магілу. І тут справа была зусім не ў ганарыстасці. У яго і ў думках не было выхваляцца тым, што ён носіць на пальцы пярсцёнак вялікага караля, калі з'явіцца перад госпадам Богам і мноствам Яго архангелаў. Хутчэй за ўсё ён спадзяваўся, што як толькі ўвойдзе ў тую залу, дзе сядзіць акружаны сваімі ўдалымі рубакамі Карл XII, пярсцёнак паслужыць яму апазнавальным знакам. Так што і пасля смерці яму давядзецца быць блізка ад таго чалавека, якому служыў і пакланяўся ўсё сваё жыццё.

Такім чынам, калі труну генерала апусцілі ў каменны склеп, які ён загадаў узвесці для сябе на могільніку ў Бру, пярсцёнак усё яшчэ красаваўся на ўказальным пальцы ягонай левай рукі. Сярод тых, хто праводзіў генерала ў апошні шлях, знайшлося нямала такіх, хто пашкадаваў, што гэты скарб знікне разам з нябожчыкам у магіле, бо пярсцёнак генерала быў амаль такі ж слаўны і вядомы, як ён сам. Казалі, нібы золата ў ім столькі, што хапіла б купіць цэлы маёнтак і што пунсовы сердалік з выгравіраванымі на ім ініцыяламі караля каштаваў не менш. І ўсе лічылі, што генералавы сыны заслугоўваюць самай глыбокай павагі за тое, што не пярэчылі бацькоўскай волі і пакінулі гэту дарагую рэч з ім.

Калі пярсцёнак генерала і на самай справе быў такі, якім ён адлюстраваны на партрэце, то гэта была вельмі нязграбная штучка, якую ў цяперашнія часы наўрад ці пажадаў бы хто насіць на пальцы. Аднак пярсцёнак Лёвеншольдаў вельмі высока цаніўся дзвесце гадоў таму назад. Нельга забываць, што ўсе ўпрыгожанні і посуд з высакароднага металу неабходна было тады за рэдкім выключэннем здаваць у казну, што даводзілася змагацца з Гёртцавымі далерамі і з дзяржаўным банкруцтвам[5] і што для многіх золата было чымсьці такім, аб чым яны ведалі толькі па чутках і чаго ніколі ў вочы не бачылі. Так і здарылася, што ў народзе не маглі забыць пра залаты пярсцёнак, які быў пакладзены ў труну без усякай карысці для людзей. Многія былі гатовы лічыць нават несправядлівым, што ён ляжаў там. Яго нельга было прадаць за вялікія грошы ў чужыя краіны і здабыць хлеб таму, каму не было чым харчавацца, апрача як сечанай саломай і драўлянай карой.

Але хоць многія і жадалі завалодаць гэтай вялікай каштоўнасцю, не знайшлося нікога, хто б сапраўды падумваў прысвоіць яе. Пярсцёнак так і ляжаў у труне з прыкручаным векам, у замураваным склепе, пад цяжкімі каменнымі плітамі, недасяжны нават самаму дзёрзкаму злодзею; і думалі, што так ён і застанецца там да сканчэння вякоў.

II

У сакавіку месяцы 1741 года памёр генерал-маёр Бенгт Лёвеншольд, а праз некалькі месяцаў у тым жа годзе здарылася так, што маленькая дачка ротмістра Ёрана Лёвеншольда, старэйшага генералавага сына, які жыў у той час у Хедэбю, памерла ад крывавага паносу. Хавалі яе ў нядзелю, адразу пасля службы, і ўсе малельшчыкі прама з царквы пайшлі за пахавальным шэсцем і праводзілі нябожчыцу да Лёвеншольдавай фамільнай грабніцы, дзе абедзве вялізныя магільныя пліты былі зрушаны на