Литвек - электронная библиотека >> Язэп Найдзюк и др. >> История: прочее >> Беларусь учора і сяньня >> страница 3
яна ёсьць папулярнай, а не навуковай працай. У ёй, аднак, узяты на ўвагу найнавейшыя дасягненні гісторыяграфіі.

Апісаньні падзеяў апошніх гадоў на Беларусі апёртыя на дакумантах, сабраных у сваім асабістым архіве, на вестках, атрыманых ад розных дзеячоў — удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху, а таксама на ўспамінах асабіста перажываных падзеяў.

У працы над гэтай кніжкай меў я помач ад: сп. Мікалая Шкялёнка, які, можна сказаць, быў хросным бацькам першага выданьня яе; сп. Адама Станкевіча, які памагаў літаратурай і добрай радай і сп. рэдактара Антона Адамовіча, які пераглядаў і рабіў некаторыя папраўкі ў часе ейнага друку ў газэце «Голас вёскі». За гэта ўсім ім шчыра дзякую.

Студыюючы гістарычную літаратуру, я запісваў усе напатканыя працы, у якіх можна знайсьці тыя ці іншыя весткі пра Беларусь і беларусаў, і падаю іх пры гэтай кніжцы як матар'ял да бібліяграфіі гісторыі Беларусі, а таксама як дапаможнік для ўсіх, хто будзе далей і шырэй распрацоўваць гісторыю Беларусь

На заканчэньне мушу сказаць, што калі набор кніжкі быў ужо гатовы і калі многія мамэнты былі яшчэ раз перадуманыя, мне хацелася зрабіць некаторыя папраўкі. Бяручы, аднак, пад увагу, што гэта пацягнула-б за сабою і кошты і затрымала-б друк, я наважыў пусьціць яе ў сьвет у такім выглядзе, у якім яна ёсьць, бо спадзяюся, што і гэтак яна ня будзе зусім бязвартаснай для вывучаньня беларускае гісторыі, для беларускае справы і для дабра беларускага народу.

Менск 12.5.1943

Я. НАЙДЗЮК

(обратно)

Частка першая. АД СТАРАЖЫТНЫХ ЧАСОЎ ДА ДРУГОЙ СУСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ

I Што гэта гісторыя.— Ці ёсьць гісторыя Беларусі? — Як выглядала Беларусь у сівой мінуўшчыне.— Геаграфічнае палажэньне Беларусь— Абвадненьне.— Глеба.— Клімат.— Ледавіковы пэрыяд.— Расьліннасьць і жывёліннасьць.— Першыя насельнікі.— Эпоха палеаліту і нэаліту.— Мэталічная эпоха.— Выкапні.

Гісторыя ці, інакш кажучы, апісаньне падзеяў і разьвіцьця таго ці іншага народу ад часоў першабытных да апошніх, апісаньне разьвіцьця культуры, рэлігіі, літаратуры, мастацтва, эканомікі і да гэтага падобнага — зьяўляецца навукай. Навука гэтая вельмі цікавая і карысная ня толькі з увагі на тое, што яна дасьледжвае і дае нам веды аб тым, як той ці іншы народ разьвіваўся, ці як адбываліся тыя ці іншыя падзеі, але таксама і дзеля таго, што, вучачыся гісторыі і дасьледжваючы розныя падзеі, мы можам навучыцца, як трэба жыць.

Само слова гісторыя зьяўляецца словам грэцкага паходжаньня і значыць тое самае, што слова дасьледжваць, даведвацца аб тым, што калісь дзеялася, як што разьвівалася. Такім чынам, гісторыя ня можа быць выдуманай байкай, ці расказам, а мусіць абапірацца на цьвёрдых фактах, дакумэнтах і досьледах. Дзеля таго гісторыя бярэ на ўвагу толькі тыя народы, якія адыйгралі якую-небудзь паважную ролю, якія пакінулі па сабе памяць, дакумэнты і сьляды.

У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: ці мае сваю гісторыю наш беларускі народ, ці ёсьць гісторыя Беларусі?

Вось-жа беларусы сваю гісторыю маюць. Бо беларускі народ у грамадзкім і культурным разьвіцьці адыйграў паважную ролю. Ён меў сваё гаспадарства, сваю культуру, школы і літаратуру. ЁСЬЦЬ беларускія гістарычныя памяткі, дакумэнты. Аб беларусах пісалі розныя летапісцы, пісьменьнікі, паэты і вучоныя. На аснове працаў розных гэных вучоных аб гісторыі Беларусі і напісаны гэты кароткі папулярны нарыс.

Гісторыя Беларусі, як і іншых народаў, краёў і ўсяго сьвету, мела розныя пэрыяды. I як у сівой мінуўшчыне выглядала Беларусь, цяжка сказаць, як цяжка сказаць, як выглядала ад самага пачатку зямля, на якой жывём. Вучоныя нам кажуць, што мільярд год таму зямля была вялізарным распаленым клубком — куляю, абкружанаю парай, і ніякага жыцьця на ёй ня было. Сотні мільёнаў год таму, калі зямля зьверху пакрысе астыла, радзілася ўжо жыцьцё, паўставалі горы, даліны, моры, вазёры, рэкі і рэчкі. Дзесяткі-ж мільёнаў год назад ужо было шмат расьлінаў, вялікія лясы і багата розных стварэньняў як на сухазем'і, так і ў вадзе, у рэках, вазёрах і моры. Частка-ж сучасных стварэньняў і расьлінаў зьяўляюцца нашчадкамі гэных, якія былі калісь. Калі на сьвеце зьявіліся людзі, навука дасюль ня сьцьвердзіла.

Сваім геаграфічным палажэньнем беларускія землі знаходзяцца між заходняй і ўсходняй часткамі Эўропы. у даволі халодным клімаце. Беларусь парэзана рэкамі і рэчкамі, якія сьцякаюць ці то ў Чорнае, ці ў Балтыцкае мора. Беларускі краявід даволі рознастайны: ёсьць раўніны, узвышшы і лясы. Глеба беларускае тэрыторыі належыць да нечорназемнай паласы і адзначаецца вялікай рознастайнасьцяй, у залежнасьці ад паасобных раёнаў. Наагул-жа на тэрыторыі Беларусі спатыкаюцца глебы: суглінкавыя, балотныя (багністыя), пяскавыя, патрабуючыя значнага ўгнаеньня.

Шмат тысяч год назад край наш і нашых суседзяў, як цьвердзяць вучоныя, быў морскім дном. Пасьля мора адплыло, высахла і пры цёплым клімаце, падобным да таго, што пануе цяпер у паўдзённых цёплых краёх, на нашай сучаснай зямлі расьлі розныя вялізарныя дрэвы, а сярод іх многа было розных вялікіх зьвяроў, перш а -бытных быкоў і насарогаў. Пазьней клімат зьмяніўся. ён рабіўся халаднейшым і ў гэную пару зьяўляліся зьвяры, званыя мамутамі, косьці якіх і цяпер выкопваюць вучоныя пры дасьледных раскопках. Адначасна з ахаладжэньнем клімату праз тысячы год бязупынна ліліся дажджы ды ішоў сьнег. Дзякуючы гэтаму ў паўночных і горных краёх, у Фінляндыі ды Скандынавіі павырасталі масы лёду па колькі сот мэтраў угрубкі. Тымчасам дажджы далей ліліся і зьверху нарасталі ледавыя торы, якія націскалі на тыя, што паўсталі раней. З гэтае прычыны маса лёду кранулася і памалу папаўзла на паўдня, адрываючы і нясучы з сабой часткі скалаў ды пераціраючы іх на каменьні і пясок. Гэтыя ледавіковыя горы ў канцы дапаўзьлі і да Беларусі і нават далей на паўдня, пакрываючы ўсё. Пэрыяд гэны, званы ледавіковым, трываў сотні тысячаў год.

Напатканыя пры дасьледных раскопках сьляды і розныя рэчы сьведчаць, што людзі на Беларусі зьявіліся пару дзесяткаў тысяч год назад. Вучоныя кажуць, што гэта былі паляўнічыя на мамутаў і прыбылі яны сюды з паўдзённых земляў. Людзі гэныя сваёй культураю стаялі на сярэдняй ступені дзікасьці. Палявалі яны на зьвяроў рознымі прыладамі, зробленымі з касьцей і каменя, пры дапамозе крэменя, спачатку груба, а пасьля і гладзей абчасанымі і паліраванымі.

Пэрыяд, калі людзі згруба абчэсвалі каменьне на розныя прылады, як сякеры, долаты, наканцоўнікі для дзідаў (копіяў — пікаў), скрэбкі ды іншыя, навукоўцы называюць палеалітам (ад грэцкага слова «палеос» — стары і «літос» — камень), ці старакаменным. Калі-ж каменныя