Литвек - электронная библиотека >> Джон Фінемар >> Детские приключения и др. >> Сказ пра Робін Гуда >> страница 49
Гуд, і неўзабаве кароль і яго спадарожнікі адзеліся ў зялёныя курткі і плашчы лясных разбойнікаў.

У гэтым убранні кароль і світа вярнуліся ў Нотынгем. З імі быў Робін Гуд і ўся яго лясная дружына.

Калі яны падышлі да горада, там узнялася паніка.

— Кароль забіты! — пачуліся крыкі.— На Нотынгем ідуць лясныя разбойнікі! Яны хочуць захапіць горад і ўсіх нас перабіць!

Людзі паспешліва пакідалі свае агароды, кавалі зачынялі кузні, старыя нямоглыя людзі таропка кандыбалі дадому, абапіраючыся на свае палкі.

Але хутка высветлілася, што паніку ўзнялі дарэмна. Увесь горад высыпаў на вуліцы сустракаць караля Рычарда. Ён ехаў у акружэнні зялёных стралкоў, якія ўжо не былі па-за законам, а сталі вольнымі падданымі караля і маглі з пагардаю глядзець у твар шэрыфу. Ганарысты шэрыф бялеў і чырванеў, змрочна пазіраючы на караля і Робін Гуда.

Увечары ў Нотынгеме наладзілі вялікі баль. Кароль шчодра частаваў былых разбойнікаў, якія так гасцінна прымалі яго ў Шэрвудскім лесе. Алан-а-Дэйл спяваў вясёлыя песні і прыгожа іграў на арфе. Рычард быў у захапленні ад спеваў, ад музыкі, ад вясёлага нораву людзей Робін Гуда. Ён гаварыў, што ніколі раней нічога лепшага не чуў і не бачыў.

Перад ад’ездам у Лондан кароль Рычард павянчаў Марыяну і Робін Гуда ў царкве Святой Марыі, узвёў Робін Гуда ў дваранскае званне, прысвоіў яму тытул графа Хантынгданскага.

З таго дня Робін Гуд стаў служыць пры двары караля Рычарда Львінае Сэрца і пакінуў лясныя паляны Шэрвуда, як ён думаў, назаўсёды.

Раздзел дваццаць чацвёрты Апошняя страла Робін Гуда

Робін Гуд з радасцю служыў каралю. Але неўзабаве Рычард Львінае Сэрца зноў пакінуў Англію, і служба пры двары зрабілася Робін Гуду абрыдлым, дакучлівым абавязкам. Да таго ж ён не ладзіў з прынцам Джонам, чалавекам недаверлівым, крывадушным і вераломным. Прынц потым стаў каралём Англіі — самым непаважаным з усіх манархаў, што калі-небудзь кіравалі краінай.

Прынц Джон хацеў захапіць трон і падсылаў да Робін Гуда сваіх людзей, каб выведаць, ці захоча ён са сваімі стралкамі выступіць на яго баку супраць караля Рычарда. Але адзін толькі намёк на подлую здраду прывёў Робін Гуда ў страшнае абурэнне. Ён паслаў прынцу такі адказ, пасля якога той узненавідзеў Робін Гуда.

Неяк сонечным майскім ранкам, ідучы па вуліцах Лондана, Робін Гуд падумаў пра тое, як прыгожа і радасна цяпер у Шэрвудскім лесе і як нудна і тужліва тут, у гэтым заціснутым між каменных сцен горадзе. Апынуўшыся на Фінсберскіх палях, ён з цікавасцю паназіраў за юнакамі, якія спаборнічалі ў стральбе па мішэнях. Ад спеваў стрэл у яго закалацілася сэрца. Ён вырашыў вярнуцца ў Шэрвудскі лес і зноў паляваць на аленяў на яго палянах. Робін Гуд выбраў зручны момант і разам з Марыянай, Маленькім Джонам і Уілам Скарлетам таемна, каб прынц Джон не дазнаўся і не вярнуў іх з дарогі, выбраўся са сталіцы і падаўся ў Шэрвудскі лес.

Як цудоўна было зноў апынуцца ў любых сэрцу мясцінах! Зноў бачыць, як прабягаюць цераз паляну велічныя рагачы і зграбныя аляніцы. Сонца, здавалася, свеціць тут у два разы ярчэй, чым у цесным брудным горадзе.

Адразу пайшлі на паляванне. Робін Гуд першай жа стралой забіў магутнага самца і зноў адчуў сябе вольным жыхаром лесу. Так мінула некалькі шчаслівых дзён. Але аднойчы да запаветнага дуба прыбег Мач Млынароў сын, адданы таварыш Робін Гуда.

— Беражыся, атаман! — сказаў ён Робін Гуду. — Кароль Рычард загінуў! Краінай цяпер правіць кароль Джон!

— Што? — Робін Гуд пазмрачнеў.— Усё-такі прынц Джон дамогся трона. Нядобрая навіна.

— Нядобрая, атаман! I адзін з яго першых загадаў — схапіць цябе і кінуць у цямніцу. Я толькі што пра гэта даведаўся і прыбег сюды.

— Вялікі дзякуй, мой верны Мач, — сказаў Робін Гуд. — Значыць, я зноў па-за законам, зноў мяне зрабілі разбойнікам. Далучайся да нас, Мач. Зажывём, як раней. Гэта ў тысячу разоў прыемней і радасней, чым жыць у найпрыгажэйшым сталічным палацы. Слава лясным палянам! Слава Шэрвудскаму лесу!

Маленькі Джон і Уіл Скарлет паўтарылі апошнія словы атамана і ўскінулі лукі ад радасці, што зажывуць па-ранейшаму, бо ім вельмі надакучылі цесныя каравулкі і вузкія гарадскія вуліцы.

Робін Гуд зноў зрабіўся разбойнікам, зноў хаваўся ад улад у нетрах Шэрвудскага лесу. Неўзабаве ўсе яго людзі крадком выбраліся з горада, і вечарамі вакол яркага вогнішча можна было ўбачыць тыя самыя твары, што і раней. Алан-а-Дэйл зноў іграў сваім таварышам на арфе і спяваў прыгожыя песні Паўночнага краю.

Але хутка Шэрвудскі лес стаў арэнай суровых і жорсткіх падзей. Кароль Джон ненавідзеў Робін Гуда і яго вольных стралкоў больш, чым шэрыф нотынгемскі. Ён пасылаў супроць іх добра ўзброеныя атрады, якія нападалі на лясныя прыстанішчы разбойнікаў. Шмат жорсткіх сутычак і боек адбылося пад шатамі векавых дубоў. Часам разбойнікі перамагалі, часам цярпелі паражэнні, і ім даводзілася ратавацца ўцёкамі і шукаць іншыя сховішчы, але ні разу ніводзін з іх не страціў веры ў свайго атамана, не здрадзіў бясстрашнаму Робін Гуду. Нарэшце кароль Джон памёр. Уся Англія ўздыхнула з палёгкай, што не стала ненавіснага тырана. Больш за ўсіх радаваліся лясныя стралкі Робін Гуда, бо пасля смерці свайго ворага яны спадзяваліся хоць крыху пажыць у міры.

Сказ пра Робін Гуда. Иллюстрация № 17 Час ішоў. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе, «Робін Гуд у лесе жыў дваццаць год і два». Многа падзей адбылося за гэтыя гады. Робін Гуд страціў сваю любую Марыяну, шмат яго старых таварышаў спачылі вечным сном пад магутнымі дубамі, але верны яго памочнік Маленькі Джон заўсёды быў з ім, яны разам палявалі аленяў на лясных палянах.

I вось настаў дзень, калі Робін Гуд адчуў, што сілы яго слабеюць. Усё цяжэйшым здаваўся яму яго вялікі цісавы лук, а стрэлы ляцелі не так далёка, як раней. Робін Гуд зрабіўся невясёлы і змрочны.

I тут ён прыгадаў, што ў яго ёсць стрыечная сястра — абатыса жаночага манастыра ў Кірклі, вялікі знаўца тагачаснай медыцыны. Робін Гуд сказаў Маленькаму Джону, што пойдзе да яе і папросіць, каб яна пусціла яму кроў. У тую пару людзі верылі, што кровапусканне лечыць шмат якія хваробы.

Дабраўшыся да Кірклі, Робін Гуд пастукаў у дзверы дома абатысы. Адчыніла яму сама гаспадыня.

— Вось гэта госць! — абрадавалася абатыса, убачыўшы Робін Гуда. — Заходзь. Зараз я пачастую цябе для пачатку півам.

— He, дарагая сястрыца, — сказаў Робін Гуд, — ні піць, ні есці я не буду, пакуль ты не пусціш мне кроў.

Абатыса адразу павяла яго ў маленькі пакойчык наверсе і ланцэтам надрэзала яму вену на плячы. Потым пайшла, пакінуўшы яго аднаго.

Робін Гуд не ведаў, што трапіў у рукі