Литвек - электронная библиотека >> Джон Фінемар >> Детские приключения и др. >> Сказ пра Робін Гуда >> страница 50
каварнай жанчыны, якая сябравала з яго ворагамі і абяцала ім, як толькі надарыцца выпадак, загубіць сваяка. I вось цяпер такі выпадак падвярнуўся.

Праз некаторы час Робін Гуд адчуў, што яму робіцца млосна. Ён доўга ляжаў на ложку, ніхто да яго не прыходзіў. Тады ён неяк дабраўся да дзвярэй, хацеў адчыніць, але яны былі замкнёныя. Ён пачаў клікаць на дапамогу. Ніхто не адгукаўся. Мёртвая цішыня, нідзе нікога. I тады Робін Гуд зразумеў усё. Яго пакінулі тут паміраць.

Робін Гуд ледзь даплёўся да акна і адчыніў фортку. Ён адчуваў такую слабасць, што не мог стаць на падаконнік, каб скочыць уніз. I тут ён успомніў пра сігнальны ражок, які калісьці не раз выручаў яго з бяды. Ён ведаў, што Маленькі Джон чакае яго непадалёк у лесе, паднёс ражок да губ і тры разы пратрубіў. Але гукі былі кароткія, абрывістыя, ледзь чутныя, як слабы адгалосак тых звонкіх і гучных гукаў, што некалі так часта рэхам каціліся па Шэрвудскім лесе. Аднак яго верны таварыш, які чакаў яго і ўвесь час чуйна прыслухоўваўся, пачуў ледзь улоўны заклік аб дапамозе.

Пачуўшы гук ражка слабы,
З зямлі ўсхапіўся Джон.
— Баюся, Робін ледзь жывы —
Так ціха трубіць ён.
Маленькі Джон з усіх ног пабег да дома абатысы і пачаў барабаніць у дзверы. Ніхто не падыходзіў да акенца ў дзвярах. Ён пастукаў нарэшце з такой сілаю, што ў доме ажно загуло. Нікога. Тут ён зразумеў, што здарылася нешта нядобрае, і пачаў думаць, як прабрацца ў дом.

Маленькі Джон глянуў на вокны. Вокны былі вузенькія, з жалезнымі кратамі. На зямлі ён убачыў тоўстую дубовую калоду, якую было б не пад сілу падняць нават дваім. Джон падышоў да яе, падняў і панёс да дзвярэй. Размахнуўся і грымнуў у дзверы. Яны сарваліся з усіх завесаў і завал і з грукатам упалі на падлогу. Маленькі Джон ускочыў у дом.

— Атаман! Атаман! Дзе ты? — гучна паклікаў ён і сціх, услухоўваючыся.

У доме панавала мёртвая цішыня. Ён быў як вымерлы. Яшчэ раз паклікаў Маленькі Джон Робін Гуда, і нарэшце аднекуль зверху пачуўся слабы голас. Маленькі Джон кінуўся ўверх па лесвіцы, адкуль даносіліся ціхія гукі. Дзверы былі на замку. Джон выбіў іх нагой і ўскочыў у пакой.

— Што з табой, атаман? — здзіўлена спытаўся ён, убачыўшы ледзь жывога Робін Гуда. — Ды тут, здаецца, здрада! Ты ўвесь у крыві! Ты паміраеш!

Стрымліваючы гнеў, Маленькі Джон апусціўся перад сваім атаманам на калені і сказаў:

— Выканай адну маю просьбу. Вельмі прашу цябе, дарагі атаман.

— Якую, Маленькі Джон?

— Дазволь спаліць гэтае асінае гняздо здраднікаў.

— He, Джон, дазволу не чакай,
Я гвалту не цярплю,
Жанчынам і дзяўчатам, знай,
Я шкоды не зраблю
I пры жыцці, і ў смертны час —
Такі закон ва ўсіх у нас.
Лепш лук мой добры мне падай,
I я стралу пашлю.
I там мяне ты пахавай,
Дзе ўткнецца у зямлю.
Маленькі Джон узяў свайго атамана на рукі і падняў да акна. Доўга з любасцю і замілаваннем аглядаў Робін Гуд густыя зялёныя шаты дуброў, такія мілыя яго сэрцу. Сабраўшы апошнія сілы, узяў лук, паклаў на яго стралу, напяў цеціву і адпусціў. Усмешка асвяціла яго твар, калі страла звонка запела-загула ў паветры. Больш цудоўнай музыкі для яго не існавала на свеце.

— Пахавай мяне там, дзе ўпадзе страла, — прашаптаў ён. — Папрасі маіх верных сяброў, каб яны выкапалі мне глыбокую магілу. Пакладзі мне пад галаву зялёную дзярніну, а збоку — мой добры лук.

Маленькі Джон моўчкі кіўнуў галавой. Ад хвалявання яму сціснула ў горле. Робін Гуд так і памёр, не адрываючы вачэй ад лесу.

Так скончылася жыццё Робін Гуда.

Але слава яго не памерла. З пакалення ў пакаленне перадавалі людзі яго імя. Просты люд Англіі ніколі не забываў яго і верных яму паплечнікаў. Пра многіх каралёў і дзяржаўных дзеячаў народ з цягам часу забываўся. Хоць у летапісах былі запісаны іх імёны і справы, ды чыталі гэтыя кнігі толькі вучоныя кніжнікі і шкаляры. А менестрэлі і барды складалі балады пра Робін Гуда і яго слаўных стралкоў. Народ пераказваў і спяваў гэтыя балады з любоўю і хваляваннем, бо ў іх расказвалася пра народнага героя — заступніка беднякоў, ворага прыгнятальнікаў, адважнага, шчырага, справядлівага і далікатнага чалавека, які ўвасабляў у сабе ўсе якасці, дарагія сэрцу англійскага селяніна.

Згодна паданню, яго пахавалі там, дзе ўпала яго апошняя страла. На магільным камяні быў высечаны надпіс:

«Пад гэтым каменем-плітой
Знайшоў граф Хантынгдан спакой.
Стралок ляжыць цудоўны тут —
Разбойнік слаўны Робін Гуд.
Такіх, як гэты чалавек,
He ўбачыць Англія павек».
Неўзабаве пасля смерці Робін Гуда лясная вольніца распалася, і ніякіх звестак пра лёс зялёных стралкоў да нас не дайшло. Але за гонар мець на сваёй зямлі магілу Маленькага Джона спрачаюцца Англія, Шатландыя і Ірландыя. Ва ўсіх гэтых краях ёсць магіла, якую лічаць месцам пахавання вернага паплечніка Робін Гуда. Некаторыя знаўцы сцвярджаюць, што ён пахаваны ў вёсцы Хезерэдж у графстве Дарбішыр пад вялікім каменем на ўсю даўжыню магілы.

Вечная памяць вам, слаўныя разбойнікі Робін Гуд і Маленькі Джон.

Примечания

1

Ярд — асноўная адзінка даўжыні ў англійскай сістэме мер, роўная 91,44 см.

(обратно)

2

Фут — мера даўжыні, роўная 30,48 см.

(обратно)

3

Scarlet (англ.) — пунсовы.

(обратно)