Литвек - электронная библиотека >> Анатоль Бутэвіч >> Современная проза и др. >> Славутыя родам сваім >> страница 4
раёне, называлі і Гаштольдавымі, і Мураванымі. Пасля Яна імі валодаў ваявода новагародскі, полацкі, трокскі і віленскі, канцлер ВКЛ Альбрэхт. Рана страціў бацькоў, выхоўваўся ў сваёй бабулі Ганны Гальшанскай. На пачатку ХVІ стагоддзя ён збудаваў у Гераніёнах багата аздоблены замак.  У 1529 годзе ён атрымаў тытул графа, а Мураваныя Геранёны пачалі лічыцца графствам.

Альбрэхт стаў прызнаным палітычным дзеячам Княства, актыўна змагаўся за яго самастойнасць. Належаў да самых багатых землеўласнікаў, меў вялікія надзелы ў Трокскім, Віленскім, Луцкім, Ашмянскім, Менскім і іншых паветах. Варта адзначыць і такі цікавы факт. Кароль польскі дазволіў яму карыстацца пячаткай з чырвонага воску, узвялічыўшы такім чынам да статусу каралеўскай асобы, бо ўсе іншыя мусілі ўжываць зялёны воск. Выхаванец Кракаўскага Ягелонскага універсітэта Альбрэхт спрыяў таму, каб група падлеткаў з Геранёнаў трапіла на вучобу ў гэтую прызнаную ў Еўропе навучальную ўстанову. Ён арганізаваў школы ў Геранёнах і Трабах.

Не аднойчы змагаўся з крымскімі татарамі. У 1505 годзе адбіў іхні напад на Новагародскі замак. Часта знаходзіўся ў атачэнні караля пры вырашэнні важных дзяржаўных спраў і дыпламатычных місій. Браў удзел у стварэнні першага Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 года. Яшчэ пры жыцці заказаў сабе надмагілле, якое ў стылі рэнесансу выканаў для Гаштольдавай капліцы ў Віленскім кафедральным касцёле італьянскі майстар.

Сёння бадай што ўсе ведаюць Барбару Радзівіл як жонку караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. І мала хто звяртае ўвагу, што спярша яна  была замужам за ваяводам новагародскім і трокскім, членам Рады ВКЛ Станіславам Гаштольдам – сынам Альбрэхта. 18 мая 1537 года ў касцёле ў Геранёнах з удзелам многіх еўрапейскіх гасцей адбыўся шлюб 30-гадовага Станіслава і 17-гадовай Барбары. Яе бацька кашталян віленскі, вялікі гетман літоўскі князь Юрый Радзівіл даў дачцэ такі багаты пасаг, што спатрэбіўся не адзін дзесятак коней, каб усё дабро  перавезці ў Геранёны.

Пасля смерці Станіслава Гаштольда ў 1542 годзе не толькі замак і ўсе багацці, а нават ягоная жонка Барбара Радзівіл дасталася каралю. Род Гаштольдаў згас.

ХАДКЕВІЧЫ


Ёсць у Баранавіцкім раёне вёска з незвычайнаю назваю Новая Мыш. Амаль 600 гадоў таму лічылася нават горадам, была буйным абарончым, эканамічным, палітычным і культурным цэнтрам. Меўся тут велічны драўляны замак на рацэ Мышанка. Праз Мыш праходзіў адзін з галоўных гандлёвых шляхоў Вялікага княства Літоўскага. Таму стала яна важным цэнтрам зносін з замежнымі краінамі. А экспартаваць з Мышы было што. Яшчэ ў другой палове ХVІІІ стагоддзя тут дзейнічала найбольшае на беларускіх землях прадпрыемства – шкляная мануфактура.

Гаспадарамі Мышы былі прадстаўнікі даўняга і знанага праваслаўнага (у другой палове ХVІ стагоддзя перайшлі ў кальвінізм, пазней у каталіцтва) магнацкага роду Хадкевічаў герба “Касцеша”. Мелі маёнткі ў Заблудаве, Супраслі, Дойлідах, у Гарадзенскім, Новагародскім, Аршанскім і іншых паветах. Адна з легенд сведчыць, што род пачаўся ад кіеўскага баярына Ходара (Фёдара) альбо Ходкі (Ходзькі) Юр’евіча.

Аднойчы выехаў вялікі князь літоўскі Вітаўт на ловы. Толькі пачалі звера страляць, як раптам даносяць, што непрыяцель акружыў іх, ратавацца трэба. Тады адзін з дружыннікаў узяў гаспадара Княства на рукі і панёс яго таемнымі сцежкамі. Некалькі вёрст нёс па непраходным лесе. Шчыра падзякаваў Вітаўт свайму збавіцелю, якога пасля гэтага назвалі Ходкам. А нашчадкі яго сталі Хадкевічамі.

З Кіевам звязана і яшчэ адна старонка біяграфіі роду. Сын Ходкі Іван (Івашка) Хадкевіч, маршалак гаспадарскі, намеснік лідскі і віцебскі быў кіеўскім ваяводам. У 1482 годзе разам з сям’ёй трапіў у палон да татарскага хана Менглі-Гірэя. Вольналюбівая натура Івана не перанесла няволі, ваявода памёр. А жонцы ягонай  разам з дзецьмі праз многа гадоў удалося выкупіцца з палону.

Хадкевічам належыць заснаванне ў 1498 годзе знакамітага на ўсю Еўропу Супрасльскага манастыра (цяпер Польшча), які стаў сапраўдным цэнтрам беларускай праваслаўнай культуры. Тут быў створаны Супрасльскі летапіс, больш за два стагоддзі існавала друкарня. Па зборах кірылічных кніг Супрасль лічыўся адным з найбуйнейшых цэнтраў на ўсіх усходнеславянскіх землях.

Асабліва праславіўся род Хадкевічаў таленавітымі палкаводцамі. Адзін з іх – Ян Геранімавіч. Ён займаў высокія пасады стольніка літоўскага, генеральнага старосты жамойцкага, маршалка вялікага літоўскага і кашталяна віленскага. Меў тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі на Шклове і Мышы, якую за ваенныя заслугі атрымаў ад караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. Знаходзіўся на чале войска падчас Лівонскай вайны 1558 – 1583 гадоў, хадзіў паходам на Гданьск. Разам з Мікалаем Радзівілам Рудым узначальваў вялікалітоўскую дэлегацыю на Люблінскім сейме, дзе вырашаўся лёс Вялікага княства Літоўскага, не згадзіўся з яго рашэннямі.

А калі пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста Івану Грознаму захацелася заняць польскі і вялікалітоўскі пасад, Ян Хадкевіч разам з групай магнатаў выступіў супраць. Не паглядзеў нават на тое, што расійскі цар  прыхільна выказваўся пра яго: “Муж храбры, вельмі разумны і паважаны, варты ты ўзначаліць народ і ўладарыць! Даўно чуў пра храбрасць тваю і дзівіўся ёй, хваліў цябе і жадаў любіць і паважаць на многія часы”. Інтарэсы Княства былі для Яна вышэйшымі за свае асабістыя.

Справы бацькі годна працягваў сын Ян Караль. Пасля заканчэння Віленскай акадэміі паехаў удасканальваць веды ў Германію. Засвоіў не толькі навукі, але і рыцарскае майстэрства. Відаць, быў добрым рыцарам, бо нават германскі кароль і імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V выказаў яму падзяку. Ян стаў падчашым ВКЛ, генеральным старостам жамойцкім, віленскім ваяводам і, як бацька, адміністратарам Інфлянтаў. Праз сваіх жонак парадніўся з родамі Алелькавічаў і Астрожскіх. Найбольшую вядомасць і славу прынеслі Яну ваенныя поспехі. Нават значна меншымі сіламі атрымаў не адну бліскучую перамогу, ні разу не зведаў горычы паражэнняў. Асабліва вызначыўся ў 1605 годзе падчас Кірхгольмскай бітвы са шведамі (цяпер латвійскі Саласпілс).

Калі ў 1621 годзе давялося ратаваць еўрапейскія землі ад турэцкага нашэсця, вялікі гетман літоўскі Ян Караль узначаліў аб’яднанае польскае, беларуска-літоўскае і ўкраінскае казацкае войска. У бітве ля замка Хацін на Днястры султан Асман ІІ мусіў прызнаць сваю паразу. Так Ян Хадкевіч развеяў міф аб турэцкай непераможнасці, а Асманская імперыя пакацілася да заняпаду. Падчас гэтага паходу Ян захварэў і неўзабаве памёр. Сучаснікі назвалі яго