Литвек - электронная библиотека >> Алесь Адамовіч >> Военная проза и др. >> Нямко >> страница 3
мабыць, заслуга (ці віна) Дастаеўскага. Ён прыцягваў тым, што пужаў. Калі быў малым, сястра дала Францу ў руку сталовы нож і раптам паднесла да яго нейкую чырвоную падкоўку (магніт) — нож разам з рукой пацягнула незразумелая сіла. Ажно ўскрыкнуў і ўпусьціў нож. Такая ж вусьцішная сіла — у кнігах гэтага расейскага пісьменьніка. Нешта выцягвае зь цябе, чаго раней, здаецца, і не было, быццам і ня ты гэта.

У вачах Паліны Франц мала чым адрозьніваецца ад тых хлопцаў з суседніх вёсак, якіх заманьвалі знакамітыя на ўсё навакольле петухоўскія вечарынкі: прыходзілі пад чаркаю, спачатку трымаліся ўсе гуртам, рыхтуючыся да адпору, калі іх пакрыўдзяць, а прыцемкам разьбягаліся за петухоўскімі кралямі, хто куды, як рахманыя цяляты, даводзілася іх абараняць, апекавацца імі, не папускаць іх у крыўду мясцовым раўніўцам. Франц цягаў ваду, сек дровы, нават расаду памідораў гэтая дзеўка прымусіла высаджваць на агародзе, старога Ота гэта зацікавіла. Ён стаяў ля агароджы зь люлькай у роце і цікаўна пазіраў, як гітлерюгенд няўмела гнецца над градкай, а на шыі аўтамат матляецца, грэбаецца, як курыца, у зямлі, запэцкаў ад няўмелага стараньня нос, шыю.

Старая Кучарыха час ад часу дзе-небудзь адлоўлівала дачку, шыпела, як гуска (але нехта сказаў бы: добрая гуска):

— Супыніся, дзеўка, што ты сабе думаеш? Што ты над ім свае штучкі вычвараеш? А калі яго камандзірам гэта не даспадобы?

— А вы ведаеце, мама, яму крыху болын гадоў, чым мне. А вырас — гляньце, які дылда!

— Вы ўжо і гадкамі памераліся! Дурное і ёсьць дурное, тое і яно, дзіця горкае. Ды толькі гэта табе не гульня! Ох, яшчэ пакажуць яны сябе, чуе маё сэрца!

I паказаў… У тую ж ноч.

Бадай, ніводная дзяўчына не падабалася так Францу, як раптам гэтая кінулася ў вочы — з бандыцкае вёскі. Ды калі папраўдзе, нічога сур’ёзнага і не было яшчэ ў яго з жаночым племем. Хаця сярод аднагодкаў, асабліва калі быў у маладзёвым лягеры «Сіла праз радасьць», ня горш за іншых выстаўляўся вопытным лавеласам, абаяльным самцом, які не з чужых словаў ведае, што і як. А сам нават да прастытутак не хадзіў, куды ў маладзёнаў зь лягеру сьцежка была пратаптаная. Ня толькі боязь заразіцца, адгукалася і хатняе выхаваньне ў сям’і пастара.

I вось перад ім тая, якую, яшчэ крыху, і ён пакахае па-сапраўднаму. Але часу на гэта ня будзе: неўзабаве дзяўчыну застрэляць. (Хто? — стараўся не дадумваць.) Ён жа так і не спазнае таго, пра што гэтулькі гаворкі, пішуць у кнігах, у кіно паказваюць — прытым не з распуснай, а вось з такой чыстай, прывабнай. У гэтым халодным нібыта разьліку: не ўпусьціць! — нейк прысутнічала пачуцьцё закаханасьці. Яно, гэтае пачуцьцё, нават завастрылася ад драпежных намераў, думак, што ўсё мацней бралі над ім уладу. Ад безабароннасьці яе і асуджанасьці яе плоць станавілася ўсё болып жаданаю. На трэцюю ноч толькі пра гэта і думаў, вячэралі, нікому ў вочы ня мог паглядзець. Дзяўчына разумела гэта па-свойму і дражніла яго яшчэ болын: падсочваючы, ловячы яго позірк. Так і дурное шчаня начынае гуляць перад пашчаю воўка.

Што яшчэ жыло ў яго, Франца, сьвядомасьці, як ні дзіўна — пратэст. Жорсткасьць, эгаізм жаданьня супраць жорсткасьці догмы, ідэалёгіі.

Расавы закон аднак яму гэтага не дазваляе. Забіць дазваляе і нават абавязвае. А вось падобным пралюбадзействам прынізіць сваю расу — тое самае што скаталожніцтва. I таго горш, болын небясьпечна: скаціна табе сваю ідэалёгію не перадасьць.

ІПто пра гэта кажа закон, які вызнае ягоны бацька, пратэстанцкі сьвятар, Франц, калі трэба, можа прыгадаць, але кіравацца ім немец не абавязаны. Фюрэр вызваліў ад гэтага абавязку, даў свой запавет, закон. Але цяпер менавіта з законам расы спрачаўся эгаізм маладога немца, не вяртаючыся, аднак, да бацькавага наказу. Новыя скрыжалі ўзнагароджзаюць ягоную вернасьць толькі трупам. I адбіраюць радасьць уладаньня жывым. Дзе ж сіла праз радасьць? Нешта тут ня так, мой фюрэр, гэта прывабіць хіба што Ота — яму важней за ўсё сабраць смачную пасылку і паслаць яе сваёй жонцы…

Што адбылося ў тую ноч на кухні, на шырокай лаве ля акна, дзе клалася спаць Паліна, цемра не дала разглядзець ні Кучарысе, ні старому Ота (яна спала на печцы, ён — у другім пакоі).

Я ж гэтую сцэну нібы бачу (з боку Франца), выразна яе ўяўляю: сам перажыў нешта падобнае.

Гадоў за пяць да вайны да нас у госьці прыехала цётка з мужам і іх пляменьніца. Быў я яшчэ пяціклясьнікам-шкаляром. Дужа запала мне ў вока пляменьніца, дзень у дзень мы зь ёю лёталі па двары і ў хаце, абліваліся вадою, шчыпаліся, яна на мяне скардзілася, і нас абаіх прысаромлівалі, сварылі, мая мама мяне, цётка яе. А калі згасілі сьвятло, леглі спаць (госьці ў сталоўцы), я ў цемры папоўз, каб напалохаць іх. Дапоўз да стала — далей іх ложак і канапа — і крыкнуў па-дурному: «А-а-а!» Нешта гучна фыркнула, зашыпела, як клубок зьмеяў, і па маёй фізіяноміі, па шыі прайшліся чыесьці кіпцюры. Ды такія вострыя, шалёныя. Мне б у час успомніць, што ў нашай кошкі нарадзіліся кацяняты, і карабок, іх пасьцель, пад тым сталом. Нічога ня цямячы, залямантаваў, як зарэзаны. Спалох быў усеагульны. Пакуль не запалілі сьвятло і не пабачылі мяне, з расьпісанай фізіяноміяй, і ня скемілі, што адбылося. Мяне тут жа расфарбавалі яшчэ ёдам, доўга не маглі супакоіцца — потым ужо ад сьмеху.

У хаце Кучарыхі рагатаў толькі Ота Залеўскі. Астатнім было не да таго. Франц выбег за дзьверы, на вуліцу. Паліна кінулася на печ, да маці пад крыльца. I стаіліся абедзьве.

Раніцой жанчыны ўсталі, як звычайна, раненька, асьцярожна корпаліся ля печы, даілі карову, кармілі кабанчыка, курэй — усё, як заўсёды. Выйшаў да іх Ота, выспаны, дужа задаволены мінулай ноччу. Яны яго абслужылі цёплай вадзічкай: падрэзаў свае вусы, пагаліў змаршчакаватыя шчокі і шыю, часьцей звычайнага паўтараючы: «Данке, гут, гут!» Франц выйшаў са спальні, як выбег, звонячы зброяй і мэталічнымі карабкамі на поясе, адварочваючы падрапаную, з барвовымі шнарамі, фізіяномію. Не павітаўшыся, пабег на вуліцу. Кучарыха правяла яго спалоханымі вачыма, нават Паліна, зусім ціхая, зьбялелая, стаяла ля шафы, вінавата маўчала. Ота ж проста сьвяціўся ўвесь, як новы пятак.

— Лыбіцца, быццам подмазку зьеў! — не стрывала Паліна. Здаецца, яна пакрыўдзілася за Франца. Старая Кучарыха на яе накінулася:

— Ты хоць гэтага не чапай! Хопіць, ужо дагулялася.

Паліна ціхутка шмыганула за дзьверы. Вярнуліся яны абое, зьміраныя, задобраныя (што яна яму там казала, чым суцешыла?), хоць ты іх з іконай бласлаўляй.

— Мама, у нас лой быў, гусіны тлушч. Памазаць — і пройдзе. Выбегла ў кладоўку, а Франц стаіць і зьбянтэжана пасьміхаецца, пагладжваючы шчокі, лоб, шыю.

— Война, матка, крыг! — спрабуе жартаваць.

— Вы ўжо на яе ня гневайцеся,
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Кэтлин Эйзенхардт - Простые правила - читать в ЛитвекБестселлер - Роберт Сапольски - Биология добра и зла. Как наука объясняет наши поступки - читать в ЛитвекБестселлер - Винифред Ватсон - Один день мисс Петтигрю - читать в ЛитвекБестселлер - Стюарт Тёртон - Семь смертей Эвелины Хардкасл - читать в ЛитвекБестселлер - Джереми Хейманс - Новая власть. Какие силы управляют миром – и как заставить их работать на вас - читать в ЛитвекБестселлер - Александра Вадимовна Николаенко - Небесный почтальон Федя Булкин - читать в ЛитвекБестселлер - Халед Хоссейни - Тысяча сияющих солнц - читать в ЛитвекБестселлер - Марк Мэнсон - Тонкое искусство пофигизма - читать в Литвек