Литвек - электронная библиотека >> Генадзь Мацур и др. >> Современная проза >> Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе >> страница 129
што яна сапраўды мае такое мудрае вуха, каб і пачуць крытыку і рэагаваць?

Дынько: Сапраўды гэтая прамова, якая прагучала на банкеце, яна зрабіла ўсю Беларусь шчасьлівай. Адну канкрэтную краіну адной канкрэтнай прамовай нобэлеўская ляўрэатка ашчасьлівіла. Я ведаю, гэтая прамова дапрацоўвалася, зьмены ў яе ўносіліся літаральна за гадзіны да цырымоніі. Ня ведаю, у якой канкрэтна частцы яна была пераробленая, але тое, што Сьвятлана працавала над ёй да апошняга моманту — гэта сапраўды так, гэта тое, што мне сказалі падчас банкету. Канечне, я бачыла пасьля ў сацыяльных сетках, у Фэйсбуку, як людзі на гэта рэагавалі — усе былі шчасьлівыя. Я падышла пасьля да Сьвятланы Аляксандраўны, сказала, што я плакала падчас яе прамовы — гэта сапраўды так, але яна, праўда, мне адказала: «ну, Аляксандра, калі ўжо вы плакалі...».

Ціхановіч: Крытык Свабоды Сяргей Дубавец прызнаўся ў сваім блогу, што ён таксама, калі пачуў беларускую мову, плакаў, што Сьвятлана Алексіевіч усіх расчуліла. Я скажу, што многія крытыкі пісалі — гэта была бліскучая кульмінацыя.

Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан быў усе гэтыя дні адмысловым нобэлеўскім аташэ ляўрэаткі, яе памочнікам і дарадцам. Вось што ён сказаў у інтэрвію Свабодзе.

Эрыксан: Перш за ўсё гэта такі важны момант для беларусаў, як успрымаць гэта. Для мяне гэтая ўзнагарода — гэта ўсё ж доказ таго, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы і астатняга сьвету. Тое, што адбывалася, адбываецца ў Беларусі — гэта цікава, гэта важна ня толькі для саміх беларусаў, гэта такі крок, я бы сказаў, збліжэньня Беларусі з астатнім сьветам, таму што ў чымсьці, гэта Сьвятлана сама гаварыла, падзеі ў Беларусі разьвіваліся трохі асобна, мабыць, адарвана ад працэсаў, якія адбываюцца ў астатнім сьвеце. У нас глябалізацыя, і таму, я лічу, вельмі важна мець стаўленьне да таго, што адбываецца ў суседніх краінах, і ня толькі ў суседніх. Нават тое, што адбываецца ў краінах на вялікай адлегласьці, мае для нас значэньне. Мы вывучаем самога сябе праз тое, як мы ўспрымаем, што адбываецца навокал. Я думаю, што ў Швэцыі я магу гаварыць толькі пра Швэцыю. Былі людзі, якія, хачу падкрэсьліць, добра ведалі пра Беларусь, мабыць, у Швэцыі больш, чым у сярэдняй эўрапейскай краіне, але натуральна, вось гэта падзея яшчэ пашырыць вядомасьць ня толькі Сьвятланы Алексіевіч, але людзі таксама будуць больш ведаць пра Беларусь. Я лічу, што гэта сапраўды шанец для краіны стаць эўрапейскай.

Ціхановіч: Ці ганарыцеся вы прэміяй, якую атрымала Сьвятлана Алексіевіч? Такое пытаньне наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Менску.

«— Канечне, ганаруся. Гэта першая для Беларусі Нобэлеўская прэмія. Таму гэта вельмі прыемна. Мне канечне ня блізкія напэўна яе апазыцыйныя настроі. Я лічу, што беларуска ўсё павінна пісаць — і пра Беларусь у цэлым, і нейкія пазытыўныя настроі.

— Я, на жаль, не глядзела.

РС: Што не глядзелі?

— Нобэлеўскія прэміі. Яна сьпявачка?

— Я за яе радая. Але, на жаль, прабачце, ня ведаю, хто гэта. Таму што ў жыцьці іншыя праблемы.

— Не. Не ганаруся. З прычыны таго, што я ведаю, усю інфармацыю пра яе расказваюць, не, не ганаруся. Не падтрымліваю. Не магу гэта ўсё вам раскрыць, так што не.

РС: З-за яе палітычных поглядаў?

— Палітычных.

— Ганаруся. Ну чаму, таму што хоць яна кажа, што яна паходжаньня трохі ўкраінскага, але ж беларускае таксама ёсьць.

— Так, вядома ж, ганаруся. Я проста не грамадзянін Беларусі, але я ганаруся за вас. І яе стаўленьне да Ўладзіміра Ўладзіміравіча Пуціна мне таксама вельмі падабаецца.

— Я вельмі ганаруся ёй. Ва ўсім сьвеце яе ведаюць, цэняць, і мне вельмі шкада, што ў маёй роднай краіне пра яе ніхто нават ня ведае. І што на самым высокім узроўні наш прэзыдэнт нават не павіншаваў яе, гэта абы-што».

Ціхановіч: Калегі, як вы мяркуеце, ці спраўдзіцца спадзеў Стэфана Эрыксана, што прэмія Алексіевіч аб’яднае беларусаў?

Максімюк: Я скажу так: хацелася б, каб ён спраўдзіўся, каб яна аб’яднала, хоць, што тычыцца такога палітычнага падзелу беларусаў, у мяне ёсьць сумневы, што яна можа да гэтага прычыніцца. Калі наступіць нейкае паразуменьне ці збліжэньне, то, хутчэй за ўсё, я б сказаў, у сфэры культуры, бо Сьвятлана Алексіевіч даказвае сваёй творчасьцю, сваёй асобай і тым, пра што яна гаварыла ў Стакгольме на гэтым тыдні, што магчыма быць выхаваным у расейскай культуры, магчыма ў Беларусі пісаць па-расейску, і ўсё ж быць беларускай пісьменьніцай і сказаць у сваёй творчасьці пра свой народ, а ня толькі пра расейцаў ці пра савецкі народ агульна.

Ціхановіч: Сяргей, а як вы пракамэнтуеце той погляд, што некаторыя беларусы лічаць Алексіевіч апазыцыйнай пісьменьніцай? Памятаеце, які страх быў і разгубленасьць беларускага тэлебачаньня, якое адмовілася трансьляваць Нобэлеўскую лекцыю? Але па сутнасьці ў лекцыі не было нічога, чаго нельга было б паказаць па беларускім тэлебачаньні. Там не было ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Вы сказалі, ну і добра — лекцыя павінна быць апалітычнай. Якія важныя акцэнты дадала тая разьвітальная прамова?

Навумчык: Я не лічу, што лекцыя павінна быць апалітычнай, я проста бачу, што могуць быць розныя лекцыі, і з палітычным ухілам, і зь нейкім тлумачэньнем творчага мэтаду. Алексіевіч выбрала апошні варыянт, гэта яе права. Нічога дзіўнага ў такім падыходзе некаторых людзей, апытаных на вуліцы, няма, таму што ўжо больш як дваццаць гадоў існуе ў Беларусі такая тэндэнцыя, якая навязваецца ўладамі праз дзяржаўныя СМІ. На гэтым вырасла пакаленьне, нават можа ўжо другое расьце пакаленьне, што тыя, хто не з Лукашэнкам, — тыя супраць усяго. Вось не пайшла яна на паклон да Лукашэнкі — значыць, яна апазыцыянэрка, хаця якраз-такі я б сказаў, калі прааналізаваць інтэрвію Сьвятланы Алексіевіч, пачынаючы з 90-х гадоў, яна далёка не ва ўсім падтрымлівала, напрыклад, Беларускі Народны Фронт. Я б сказаў, што яна ўвогуле БНФ не падтрымлівала. Крытыкавала пэўных лідэраў Народнага Фронту, пры тым, што яна, безумоўна, чалавек дэмакратычных перакананьняў.

Наш калега Юры Дракахруст трапна заўважыў: калі б там у адміністрацыі сядзелі больш разумныя людзі, яны б «Час second-hand» друкавалі двух-трохмільённым накладам і зрабілі б абавязковым чытаньнем у школах, бо яна паказвае 90-я гады як сапраўды гады абсалютнай трагедыі. А мы ведаем, што 90-я гады былі і іншыя...

Ціхановіч: Мы ведаем, што ў тых спадзяваньнях, якія выказваліся сучаснымі беларусамі, якраз рабіўся націск на тое, што не хапае сучасных рэалій, не хапае іх ацэнкі. Яна гэта зрабіла ў сваёй разьвітальнай прамове.

Навумчык: Калі вы маеце на ўвазе творчасьць, то як пісьменьніца яна мае права выбіраць любую тэму,