Литвек - электронная библиотека >> Аляксандар Лукашук и др. >> Современная проза >> Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе >> страница 130
паказваць як ёй хочацца. Мы ня можам прад’яўляць прэтэнзіі, прабачце, да Дастаеўскага, што ён паказаў нейкія цёмныя бакі Пецярбургу ці таго часу. Я думаю, што цяпер мы павінны ўспрымаць і Нобэлеўскую лекцыю, і яе банкетную прамову ў комплексе. Нобэлеўская лекцыя была больш пра творчы мэтад і гуманістычныя ідэалы, а вось прамова ўжо мела больш актуальны, больш палітызаваны і, як мы бачым у завяршэньні, ужо нацыянальны ўхіл. Адзінае, што я скажу, я  пагадзіўся б з тымі яе крытыкамі, якія сказалі, што ўсё ж у Нобэлеўскую лекцыю, паколькі яна застаецца назаўсёды, усё ж можна было сказаць пра праблемы беларускай мовы, пра праблемы нацыі.

Ціхановіч: Тое, што мая краіна — Беларусь.

Навумчык: Так, яна казала пра гэта, што Беларусь яе краіна, а вось банкетная прамова — я таксама вельмі эмацыйна яе ўспрыняў, асабліва калі пачуў, што яна прыгадала — у Нобэлеўскай лекцыі яна прыгадала Адамовіча, а тут яшчэ Васіля Быкава.

Ціхановіч: Аляксандра, у мяне пытаньне да вас, таму што, як я ўжо згадала, Алексіевіч выбрала вас як мэдыятара, які б адказаў за яе на крытыку. Як вы думаеце, мы ведаем Алексіевіч, што яна чалавек поглядаў, чалавек цьвёрды, верная сабе. Кароль хацеў, каб яна прыйшла ў вечаровай сукенцы да падлогі. Гэтага патрабуе і рэглямэнт Нобэлеўскага камітэту. Алексіевіч зручней ў штанах — яна прыйшла ў штанах. Беларусы хацелі, каб больш сказала пра Беларусь, каб сказала па-беларуску, і яна праявіла гнуткасьць. Як вы думаеце, чаму?

Дынько: У Сьвятланы Аляксандраўны ёсьць такія якасьці, якімі хацелася б, каб валодалі нашыя палітыкі. Яна сапраўды ідэальна ўмее фармуляваць праблемы сучаснасьці, і калі ёсьць закіды наконт таго, што яна неяк недасканала і недастаткова выказалася пра сваю палітычную пазыцыю, то гэта абсалютна ня так. Кажуць, што яна па-над палітыкай — ну гэта проста несправядліва, бо вакол гэтых падзеяў былі раздадзены мільёны інтэрвію, у якіх яна была празрыстая ў сваім стаўленьні да таго, што адбываецца і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай. У яе вельмі вялікае палітычнае чуцьцё, уменьне бачыць праблему, бачыць, чаго хочуць людзі, уменьне шчыра і ясна зьвяртацца да гэтых людзей. Я мела магчымасьць назіраць яе ў розных аўдыторыях, яна для кожнага знаходзіць свае словы.

Ціхановіч: Нельга яе абвінаваціць у тым, што яна, як Лукашэнка, трошку папуліст?

Дынько: Абсалютна не. Абсалютна няма такога ўражаньня, я ўжо казала, што ўсе зьвярталі ўвагу на яе шчырасьць, на яе вернасьць сабе, і вы толькі што сказалі, што гэтую вернасьць сабе можна і вонкава прасачыць. Заўважу, што падчас гэтай банкетнай прамовы яна мусіла зьвярнуцца да караля паводле этыкету — яна гэтага не зрабіла.

Ціхановіч: У адным з інтэрвію Свабодзе Алексіевіч ужыла такую фразу: калі б я была прэзыдэнтам. Можа быць, гэта такая моўная фігура? Сяргей, як вы ацэньваеце палітычныя амбіцыі Алексіевіч?

Навумчык: Я вельмі слаба асабіста ведаю Алексіевіч, знаёмы з ёй, але 22 гады таму апошні раз сустракаўся з ёй. Ну, акрамя па тэлефоне. Мне цяжка сказаць, але я адчуваю, яна абсалютна чалавек індыфэрэнтны да актыўнай палітыкі. У яе была магчымасьць сто разоў удзельнічаць у палітыцы, ісьці на нейкія выбары, дэпутатам і гэтак далей, яна гэтага не рабіла. Я думаю, яна проста адчувае сваё пакліканьне — гэта літаратура. Безумоўна, ніхто не аспрэчвае, што Нобэлеўская прэмія — гэта гістарычная падзея для Беларусі, гэта тое, што застанецца, і ўжо ад нас, ад грамадзянаў Беларусі залежыць, ці зможам мы скарыстацца тым, што дае прэмія Сьвятланы Алексіевіч.

Ціхановіч: А калі казаць пра яе даволі жорсткія ацэнкі, якія гучаць? Перад адлётам у Стакгольм яна сказала: мы жывем як у партызанскім атрадзе, іншыя рэчы. З другога боку, яна выказвае спадзяваньне, што грамадзтва прыйдзе ў рух. Сам гэты Нобэль, сама Алексіевіч, якой яна стала, здольнае гэта быць такім штуршком, каб грамадзтва прыйшло ў рух?

Максімюк: Напэўна, так. Калі казаць пра пэрспэктывы ўдзелу ў палітыцы Алексіевіч, я б сказаў, што я сабе магу ўявіць, што яна можа прыйсьці на мітынг, дзе зьбіраюцца людзі і сказаць сваё слова зараз ужо ў іншай зусім якасьці, але я ня думаю, што яна б належала да тых, хто такі мітынг арганізаваў. Калі я зь ёй гаварыў два гады таму, яна сказала, што ёй яшчэ хочацца напісаць дзьве кнігі, а ведаючы, як Сьвятлана Алексіевіч працуе, не сьпяшаючыся, перапісваючы ўвесь час, энэргія, якая застаецца, у яе на гэтыя дзьве кнігі і пойдзе. Пра палітыку я тут не гаварыў бы.

Ціхановіч: Аляксандра, хто цяпер самы знакаміты беларус?

Дынько: Я вярнуся да вашага папярэдняга пытаньня, я шчыра лічу, што на дадзены момант Сьвятлана Алексіевіч ужо перамагла Аляксандра Лукашэнку. І цяпер людзі, якія будуць прадстаўляць Беларусь у сьвеце і казаць «Я зь Беларусі», першае, што людзі будуць згадваць — не Лукашэнку, не апошнюю дыктатуру Эўропы, а тое, што Беларусь — краіна Нобэлеўскага ляўрэата. Гэта зрабіла Сьвятлана Алексіевіч.

Ціхановіч: Сьвет ацаніў Сьвятлану Алексіевіч за тое, што пачула, што сабрала галасы жыхароў савецкай утопіі, што падзяляла іх боль і ілюзіі, што ўрэшце сама з гэтымі ілюзіямі разьвіталася. Ну а беларусы атрымалі маральнае задавальненьне, што сказала і пра краіну, і пра мову, што вынесла нашу крыўду, нашы спадзяваньні, як Купала казаў, на сьвет цэлы. Адно з найважнейшых пытаньняў, якое ўзьняла пісьменьніца ў сваёй Нобэлеўскай лекцыі, застаецца адкрытым: чаму ўсе нашы пакуты і крыўды не канвэртуюцца ў свабоду? Гэта адно з пытаньняў, пра якія мы думаем, спрачаемся, шукаем адказы разам.

Сьвятлана Алексіевіч


Нарадзілася ў Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск) ва Ўкраіне, маці — украінка, бацька — беларус. У 1950 сям’я пераехала ў Беларусь. Скончыла Капаткевіцкую сярэднюю школу Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці, а ў 1972 — факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працавала ў раённых газэтах у Нароўлі і ў Бярозе, у «Сельской газете», была загадчыкам аддзелу нарысу і публіцыстыкі часопісу «Нёман». Член Саюзу пісьменьнікаў СССР (1983). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (1989).

Аўтар кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі» , «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя сьмерцю», «Чарнобыльская малітва», «Час second-hand (Канец чырвонага чалавека)».

У 2015 Сьвятлане Алексіевіч прысуджаная Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры — за «яе паліфанічныя творы, якія зьяўляюцца помнікам пакутам і адвазе ў нашы часы».


Summary


In 2015, the Swedish Academy honored Sviatlana Alexievich with the Nobel Prize in Literature, distinguishing the Belarusian author “for her polyphonic writing, a monument to suffering and courage in our time.”

In current day Belarus, Alexievich’s books remain