Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Современная проза >> Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства] >> страница 2
сырадою ў кухню, тата весела падміргнуў ёй і спытаў: «Што — ужо Ніна малачка хоча? Пі, дачушка, малачко, пі — ад малачка здаровай і дужай вырасцеш». Амаль перавесіўшыся праз спінкі двух ложкаў, Ніна пачала паўтараць: Мама, уставай кароўку даіць! Ужо Ніна малачка хоча! Мама, уставай кароўку даіць! Ужо Ніна малачка хоча!.. Атрымалася нешта як вершык ці песенька. Знаёмы Нінін голас няйначай як паслужыў сігналам і для Кіці, які раптам аб'явіўся ў пакоі, ускочыў да Ніны на ложак, з коўдры — на падушку і, тручыся аб калена дзяўчынкі, жаласна замяўкаў. Ніна вельмі любіла Кіцю, заўсёды была яму рада і цяпер ласкава пагладзіла свайго пестуна паміж вушэй. I зразумела, што яго мяўканне — гэта яго просьба, што гэта і ён ужо захацеў пахлябтаць са сподка смакаты. I сам сабой у вершык-песеньку дабавіўся радок: «Ужо й коцік малачка хоча...» Так далей і пайшло:

Мама, уставай кароўку даіць!
Ужо Ніна малачка хоча,
Ужо й коцік малачка хоча.
Мама, уставай кароўку даіць!
Ужо Ніна малачка хоча,
Ужо й коцік малачка хоча...
— Во смаллянка, га! — прачнуўшыся нарэшце, кажа з ноткай незадаволенасці мама. — I хвілінкі лішняй паспаць не дасць. Уздзярэцца яшчэ да сонца — і пачынае. Ужо цэлы сцішок пра малако склала...

Чаму «смаллянка» — Ніна не разумее, хоць ужо амаль і прывыкла да гэтай мянушкі, якою яе нярэдка, калі трэба насварыцца, называе мама. А за мамай — і Ліпа. Праз колькі гадоў сястра ёй патлумачыць: «Цётка Вулляна казала, што ў нас тут жабрачка са Смаленшчыны доўгі час хадзіла, пабіралася, дык усе яе звалі «смаллянка» — затое, што са Смаленшчыны...» Пасля гэтага тлумачэння Ніна будзе ўспрымаць мянушку толькі з крыўдай. I аднойчы запратэстуе: «Мама, ты не заві мяне „смаллянкай". Я не хачу раўняцца з жабрачкаю...» Сказала сур'ёзна-сур'ёзна — ледзь не са слязьмі на вачах. Маці глянула на яе і гэтак жа сур'ёзна адказала: «Добра, болей не буду...»

I мянушка знікла. Назаўсёды.

Але гэта станецца нашмат пасля. А цяпер... А цяпер — Ніна рада, што мама ўстала і зараз пойдзе даіць кароўку. I вернецца ў хату з поўнай, амаль да краёў, даёнкай. Ах, гэта цёплае, яшчэ ўспененае, пахучае малачко! Нават «белыя вусы» над верхняй губой аблізаць соладка! Вып'е Ніна гэтую смакату — да дна, да кропелькі, перавядзе дыханне, падасць маме пусты кубак і такім тонам, нібы здзейсніла важны ўчынак, за які яе трэба пахваліць, скажа:

— Усё!..

А мама, замест пахвалы, заўважыць:

— Губы вытры, а то кот прыйдзе і абліжа.

На дасціпны мамін жарт шчаслівая Ніна адно ўсміхнецца.

Першы раз на ўроку


Хвілін праз колькі, як пачаўся ўрок, дзверы ціха адчыніліся і, на здзіўленне ўсім дзецям, у клас зайшла пяцігадовая дачка іхняга настаўніка Ніна. Левай рукой яна прыціскала да сябе дзве тоўстыя кніжкі, правай падтрымлівала іх знізу.

— Ніна? — не ўтаіў здзіўлення і Іван Рыгоравіч. — Чаго ж ты сюды прыйшла, дачушка?

— У школу прыйшла, ужо буду вучыцца, — сур'ёзна і нават неяк паважна, з годнасцю адказала Ніна.

— Дык табе яшчэ рана ў школу, Ніначка, толькі пяць гадкоў маеш, — ласкава патлумачыў бацька.

— Ну ўжо буду вучыцца, — як бы і не пачула яго слоў Ніна і пайшла да першай у крайнім радзе парты, дзе ўбачыла незанятае месца — нехта з дзяцей адсутнічаў.

— Ну, ладна, пабудзь, павучыся, раз ужо гэтак хочацца, — усміхнуўся Іван Рыгоравіч і памог малой усесціся за партай, побач з белабрысенькай, у шэрачках, трэцякласніцай Феняй. — Толькі сядзі ціха, — строга папярэдзіў тата, — ціхенька сядзі! Слухай і не замінай дзецям, чуеш?

Ніна нічога не адказала, бо ўжо глядзела ў сшытак суседкі, у які тая акуратненька спісвала з дошкі задачкі на дзяленне.

Пачатковая школа ў Мурожніцы, як і шмат дзе ў той час, была двухкамплектная: першы клас вучыўся разам, у адным пакоі, з трэцім класам, а другі — з чацвёртым. Быў канец травеня, навучальны год завяршаўся, і настаўнік Іван Рыгоравіч, ён жа загадчык школы, займаў дзяцей паўтарэннем пройдзенага, каб пераканацца, хто чаму навучыўся, каму якія паставіць у табель гадавыя адзнакі.

— Так, дзеці, цяпер слухайце мяне вы, — звярнуўся Іван Рыгоравіч да першакласнікаў. — Пакуль трэці клас будзе рашаць задачкі, мы з вамі давайце ўспомнім вершыкі, якія вы на працягу году вучылі напамяць. Хто які вершык хоча расказаць — падыміце руку. Ты, Коля, хочаш? Ну калі ласка! Выйдзі сюды, да стала, і раскажы.

Ніне гэта было цікава, яна ўжо не глядзела, што піша Феня, а слухала бацьку і аж прыўстала, каб убачыць, хто ж падняў руку і будзе расказваць вершык. Некалькі вершыкаў яна і сама ўжо ведала напамяць — ад таты, ад мамы, ад старэйшай сястры Ліпы, — ведала і любіла дома іх дэкламаваць. З канца класа да стала выйшаў Коля — худзенькі рослы хлапчук, у клятчатай кашульцы, у залатаных на каленях штоніках і босы (ужо амаль лета на дварэ, і хадзіць у абутку грэшна, бо — не напараешся, калі не эканоміць). Ён крыху задраў галаву, як бы глядзеў кудысь у далячынь, набраў паветра, напружыўся і гучна, хоць і глухаватым голасам, выгукнуў: «Мой конь!» I шпарка, амаль без перадыху, пагнаў:

Гэй мой конік, гэй, мой сівы,
Быстраногі, белагрывы,
Галавою страсяні,
Капытамі зазвіні,
I далёка, мілы мой,
Паімчымся мы з табой!
— Малайчына, Коля, выдатна расказаў, — пахваліў хлапчука Іван Рыгоравіч і нават ласкава правёў далонню па яго стрыжанай «пад барана» — радамі — галаве. — А ногі, галубок, трэба мыць, а то дзяўчаткі смяяцца будуць. Сёння ж харашэнька вымый ногі, добра?

— Добра, — радасна паабяцаў хлапчук.

— Хто яшчэ хоча расказаць вершык? Ты, Ваня, хочаш? Ну, калі ласка.

Да стала выйшаў відочна каранастага складу хлапчук, не па ўзросце шырочанькі ў плячах і з велікаватай круглай галавой і таксама босы. Не чакаючы паўторнага запрашэння, гладка і хутка адмалаціў:

Толькі выпаў першы снег —
Я на лыжы — і пабег.
Пакуль бегаць навучыўся —
Разоў сотню паваліўся.
— I ты малайчына, Ваня, — пахваліў настаўнік і таксама пагладзіў хлопчыка па галаве. — А ногі і ў цябе брудныя. Абавязкова памый перад сном, добра? Не забудзеш?

Іван Рыгоравіч абвёў позіркам два рады першакласнікаў і са здзіўленнем у голасе спытаў:

— А што ж гэта ў нас адны хлопчыкі расказваюць? А дзяўчынкі хіба не ведаюць?

— Я!..Я!..Я!.. — падалі голас адразу некалькі дзяўчынак.

— Ну, Аленка, ты ўжо даўно руку трымаеш, хадзі раскажы ты, а мы паслухаем.

Выйшла Аленка — у белым каптаніку і чырвона-чорнай, у прадольныя палосы, спаднічцы. На нагах — карычневыя сандалікі і ружовыя панчошкі