Литвек - электронная библиотека >> Рыгор Барадулін >> Поэзия >> Абсяг >> страница 2

* * *


Бацькаўшчына,
Дзедзіна,
Вырай смутку — спадчына,
Доляю адведзена,
Злом пералапачана.
Дзён сівое прадзіва
Ніткаю суроваю
На сцяжыну прадзеда
Памяць выкіроўвае.
Пойдзеш той сцяжынаю,
Як рачулкай плытнаю,—
Родны край з чужынаю
Ані пераблытаеш!

* * *


На сцэне «Лявоніхі» тупат спорны,
На сцэне полька канае ў гуле,
На сцэне ўборы маёй матулі
І песня яе —
Каларыт фальклорны.
І ў век нейлонавы,
Век маторны
Хачу, каб песню маёй матулі
І ўнукі ўнукаў маіх пачулі
Нe толькі са сцэны,
А ў хаце — блізкую —
Над ціхай калыскаю,
Над поўнай міскаю.

* * *


Позірк вымгліу туман стамлёны,
Скроні выбеліла асака.
Задрамаць не даюць страмёны
Хмарагрывага рысака.
Як завецца ён —
Лёсам,
Таланам
Ці адчаем маім?
Але
Толькі мчаць бы на ім,
Раззлаваным,
Дзень вітаць у крутым сядле.
Апантана жыццю адданы,
Мушу ўсё я прачуць спаўна,
Каб Яго Няўмольнасць
Загнаны
Час
Адчула мая спіна...

* * *


Запыталка-дражнілка
Былая,
Малая...
Пытаць навучыла
Бабуля Малання:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?
— Была-была!..
Адказ немудроны.
Спытаць магчымасць
Была —
Сплыла...
Да бульбы варонай
Закраса — брусніцы.
Сарокай,
Варонай
Маленства прысніцца.
Маленства прысніцца,
Туга праясніцца.
За прасніцай мама —
Баліць паясніца.
Мне соладка спіцца,
Мяцеляцца спіцы.
Гудзе калаўрот —
Юных год
Калясніца...
Каб зноў тых
На год
Сто нагод
Падражніцца:
— Варона-старажона,
Ці была ты імасць?..
Лёд зялёны, сцюдзёны,
Кладку памяці вымасць
З нябіткага шкла.
Была...

Перад халадамі


Каб лісток —
Галýтай
Восень перастоіць.
Сек імжакай лютай
Сівер, як трастою.
Роспачлівы выбух
Белага застолля
У азёрных шыбах
Стоена застогне.
Маладая скруха
Перагаладае.
Вусцішна і глуха
Перад халадамі...

Партызанская маці


Не працэджан хмар сырадой.
Ці не купіны закурэлі?
Ступні сталі
Карой цвярдой —
Ад сырой зямлі закарэлі.
Пальцаў скручаныя карані
Намясіліся гною, гліны;
За сыноў
(Божа іх барані!)
Ногі матчыны
Мацалі міны.
Не да сноў —
Сны вяртаюць зноў
Допыты,
Катаванні,
Расстрэлы.
Паправодзіла ўсіх сыноў —
Аніводнага
Не сустрэла...
Не расце трава забыцця
Над балючым карчом —
Пад крэвам.
Захавальніца дрэва жыцця
Стала дрэвам...

* * *


Не мне чакаць лагод-выгод,
Калі пачну,
Як тыя знічкі,
Перабіраць ружанец год.
Не з мурагом падвялым брычкі,
Што не адчулі шпал пагонь,—
Мае гады —
Як электрычкі:
Скачу ў вагон,
Нібы ў агонь.
Мне не змяніць
Свой нораў,
Звычкі.
Хоць крыжам ляж на палатно,
Прамчацца свістам —
Ім лацно!—
Мае гады,
Як электрычкі...

* * *


Я ім не ўгароджваў загонаў.
Не цішыў разбег імклівы.
І зоры мелі за гонар
Дзядамі ўплесціся ў грывы.
Бакі не зазналі лейцаў,
Падкоў асцярогі — ногі.
За мной не хадзілі ўлегцы,
Цягнулі цяжар знямогі.
Я іх не кілзаў ніколі,
Сцярог ад абраз i тлуму.
Як некалі з князем —
Коней,
Са мной пахаваюць
Думы.

Адказ анкеце


Хаця і запісваць
Анкета раіць
Па выбару
Родную мову...
Хто бацька, хто маці?
Умоўнасць старая!
Нашто ЭВМ
Звычкі нейкага краю?
Ссумуе — і лічба гатова!
Нязломнай прайшла
Праз катоўні, падвалы
Канкрэтна
Умоўная мова,
Во прагу да праўды
Трымала трывала,
Сяброў шанавала,
Сябе захавала,
Каб гордае, крэўнае слова
Крылата магло —
Без нападак і звадак! —
Світаць
На штандарах чырвоных,
Каб ленінскай веры.
Наказ без аглядак
Нашчадку свайму
Перадаць мог нашчадак
На зорных братэрскіх загонах.
...Стамлёны ад спрэчак,
Ласкавых прымусаў,
Народнага досціпу хрэснік —
«Как говорят у нас, белорусов..
Твардоўскі любіў падкрэсліць.

Вёска


Не расшчодрыцца,
Не раздабухаецца —
Вёска скупая,
У ногі нікому не бухаецца,
Піцуе з відна да відна,
Вайна не вайна —
Вёска не адступае,
Адступаць няма куды.
Прымакамі
Урадлівыя дні з праснакамі,
З прысмакамі.
Спрадвеку драўляная,
Як і дрэвы, ў зямлю ўрасла.
Жыве яна
З хлебадайнага рамяства.
Не да прыхарошвання,
Не да хараства!
У вёскі такая
Сялянская ўхватка:
І пралля, і ткалля,
Ратайка й салдатка.
Град бобам,
Пот — градам.
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Людмила Евгеньевна Улицкая - Казус Кукоцкого - читать в ЛитвекБестселлер - Наринэ Юрьевна Абгарян - Манюня - читать в ЛитвекБестселлер - Мария Парр - Вафельное сердце - читать в ЛитвекБестселлер - Юрий Осипович Домбровский - Хранитель древностей - читать в ЛитвекБестселлер - Элияху Моше Голдратт - Цель-2. Дело не в везении  - читать в ЛитвекБестселлер - Дэниел Гоулман - Эмоциональный интеллект - читать в ЛитвекБестселлер - Джейн Энн Кренц - Разозленные - читать в ЛитвекБестселлер - Михаил Юрьевич Елизаров - Библиотекарь - читать в Литвек