Литвек - электронная библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> Вячэрняе >> страница 2
аджыўшымі відамі зброі, а тут, у барацьбе з Дудзінцавым і яго сімпатыямі, здорава папахвае той самай «тэорыяй бесканфліктнасці» і лакіроўкай, якія мы апошнім часам так дружна і нават самаахвярна адпявалі. Гэты стары душок даволі выразна чуваць быў і на секцыі, дзе абмяркоўваўся раман Броўкі.


* * *

«Устами младенцев...»

У доме творчасці знялі са сцяны партрэт Сталіна. Застаўся толькі цвік. Насупраць, на другой сцяне,— партрэт Леніна. Пяцігадовая дзяўчынка глядзіць на Ільіча і кажа: — Гэта таварыш Ленін.— Азірнулася на пустую сцяну: — А бываюць і Сталіны.


* * *

Чытаю апавяданні П. Галавача, сумяшчаючы рэдагаванне са знаёмствам з гэтым цікавым, так дзіка і незаслужана выкінутым калісьці з жыцця і з літаратуры, чалавекам і пісьменнікам.

Ледзь не стаў галоўным рэдактарам БДВ. Падкупілі «высокім даверам». А потым гэты давер пахіснуўся: тыя самыя, што ўгаворвалі мяне, перадумалі, параіліся і не асмеліліся на такі незвычайны эксперымент з беспартыйным. Дырэктар Матузаў, «як змыцканы», паведаміў мне пра такое рашэнне «біс». Я пару дзён таксама часткова адчуваў сябе «змыцканым». Як гэта ўсё ж такі несалідна! Нельга сказаць, што я вельмі перажываў: перамагала і радасць вызвалення ад непатрэбнай нагрузкі, і свядомасць, што не я паступіў брыдка, а са мною... Словам — воля і праца зноў мае.


* * *

На футболе (БССР — Бразілія) сядзеў за нямецкай маладзёжнай дэлегацыяй. Гледзячы на гэтую сытую, культурную моладзь, пасланцоў «нашай», дэмакратычнай Германіі, да болю неадчэпна ўспамінаў тых маладых немцаў, якіх у пушчы і на палях расстрэльвалі ўлетку сорак чацвёртага...


* * *

Глядзеў нядаўна ў кіно «Чалкаша» і «Мальву». Крыўдна, балюча і злосць на Горкага за яго адносіны да селяніна, якога вякамі лічылі карміцелем,— адносіны аднабокія, грэблівыя і няправільныя...


* * *

На фоне цудоўнага лета — тоўстыя дачныя задніцы на пляжы, за таўшчыню якіх заплочана вельмі дорага: народны пот, а часамі і кроў. Хацеў бы я памыляцца, але многія з гэтых чарвей столькі карысці і прыносяць чалавецтву, краіне, што пераганяюць хлеб на г., свята ўпэўненыя, што ў гэтым іменна іх вялікая вартасць...


* * *

«Сынок» напіўся, пагнаўся за «любімай» дзяўчынай; яна схавалася ў чужую кватэру; ён стукаўся датуль, пакуль не выйшла на стук паўпад'езда. «Аддайце маю дзяўчыну!..» Старому камуністу: «Ведаем, як вы змагаліся!..» На камсамольскім бюро ў інстытуце апраўдваўся: «Паколькі я нармальны мужчына, а не імпатэнт (19 гадоў), дык я павінен узяць ад жыцця тое, што мне належыцца. Хочаце — выключайце з камсамола: паглядзім, што з гэтага атрымаецца...»

Бацькі гэтага «Пячорына», кожнае па-свойму, тлумачаць, што гэта цяпер такая моладзь, што яна, бедная, не ведае, куды ёй імкнуцца, што яе не «цягне да класікі» і г. д.

Другі такі сынок, апрануты, вядома, па апошняй модзе, напіўшыся, падышоў да міліцэйскай будкі і пачаў салапіць язык паставому, лаяць яго. Той ціха пазваніў сябрам, хлопцы ціха падышлі і «наклеілі» «Пячорыну», колькі ўлезе. Крычаў: «Я буду скардзіцца!..»


* * *

Выйшаўшы з партызанскай пушчы, Ж. К. быў чыстым, наіўным хлопцам. Працаваў рэдактарам райгазеты. На баранавіцкім вакзале паважаны работнік абкома, знаёмы, папрасіў яго апекавацца ў дарозе п'яным сябрам, яшчэ больш важным работнікам. Гэта быў усёмагутны Ф. Р., памочнік сакратара ЦК Гарбунова. У вагоне ён хапаў дзяўчат і жанчын за грудзі, патрабаваў гарэлкі. Дома, у кватэры, загадваў жонцы цалаваць яму рукі, з цесця-калгасніка, што начаваў праездам, садраў коўдру: «Самагону прывёз?!» А хмель прайшоў ужо ў дарозе.


* * *

У Сіняўцы, у Валодзевага [2] хроснага, пакуль смажылася рыба і потым, за чаркай, шмат гаварылі пра партызанскія справы. Павел Арсенавіч [3] са слязьмі ў вачах расказваў, як акружаны атрад сядзеў у забалочаным гушчары, а малы дзіцёнак, галодны, бо ў маці прапала малако, плакаў і нельга яго было супакоіць. Бацька, плачучы, пытаўся: можа, яго... забіць, бо ўсіх выдасць?.. А ўсе абурыліся і пачалі збіраць, што ў каго было — якая крошка для маці на малако малому...


* * *

У вёсцы няма амаль ніводнага без старой або новай мянушкі. Рыгорка П. пазней за ўсіх пайшоў у калгас. Таму, што ён адкалоўся, яго празвалі Ціта (1949 год). Цяпер Ціта рэабілітаваны. Рыгорка таксама стаў калгаснікам, але касцы ўсё роўна кажуць: «Выйшаў і Ціта — пакасіць для апяціта!»

Неяк Ціта і яшчэ адзін вясковы мудрэц, Пеця Б., сустрэліся ў Мінску, у магазіне, вечарам з нейкім, як горда кажа Рыгорка, «работнікам ЦК па паліцічаскай часці». Ён пачаставаў іх чамусьці бутэлькай віна і цукеркамі (400 грамаў), ці нават шакаладам, і раіў заставацца на працу ў Мінску, у якасці рэдакцыйнага «канфіскатара газеты номяр тры, які паследкі чытае газету». «Номяр яго ціліфопа ёсць у мінскім анальфабэце».

Пасля гэтага мудрацы пайшлі начаваць да Колі П., які працуе кладаўшчыком на трактарным. Той сказаў: «Не бойцеся, ён на вас аддаў 18 рублёў, а на службе дапіша да гэтых 18 нуль і палучыць з касы 180!..»

А побач з гэтай ганарлівай цемрай — моладзь, якая працуе і вучыцца ў вячэрняй школе.


* * *

Былы партызан, ненармальна нярослы С., трынаццаць гадоў пасля выхаду з пушчы раптам чамусьці расказаў мужчынам на вячорках пра сям'ю, якую ён калісьці замардаваў, на котлішчы якое, толькі новую хату зрабіўшы, ён жыве. Развітаўся, пайшоў адзін дахаты і ноччу павесіўся ў хляве...


1958
Брыдка мне за той час, калі не быў у партызанах, а ўсё пісаў, вельмі хацеў быць пісьменнікам... А за той, калі сядзеў у «Раздавім фашысцкую гадзіну»? «Заклікаў палкім словам»?..


* * *

Грамадаўскі герой, беларускі пасол у польскім сейме — стары Павел Крынчык многа гадоў адсядзеў у нашых турмах ды лагерах, а цяпер, рэабілітаваны, жыве ў Слоніме, у малой хаціне, трымае казу і ўсё сварыцца з жонкай. Прыехаў у Мінск, «пахлапатаць, каб тэлефон паставілі».

— Навошта ён табе? — пытаецца вясёлы сябар, таксама былы падпольшчык.

— Як навошта? А раптам хто-небудзь пазвоніць?..

Піша, заяўляе, бегае, злуецца...

— Напісалі б вы лепш успаміны,— параіў я яму.

— Правільна, трэба. Але ж няма калі з-за грамадскай работы!..


* * *

Раённы начальнік, падвыпіўшы ў гасцях:

— У мяне будзе толькі той працаваць, хто працуе на мой аўтарытэт. А не — прэч!..

Калі яму запярэчылі — пачаў спасылацца на рэспубліканскія аўтарытэты.


* * *

Ярэмічы. Лета 1941 года. Паліцаі змушалі старую, хворую яўрэйку ўзбірацца на тэлеграфны слуп... Вясковыя хлопцы, што яшчэ ўчора, здаецца, былі звычайнымі, спакойнымі, нявіннымі рабацягамі.

Яўрэйская дзяўчына, што раней вучылася з Колем Б., прыбегла да яго, хаваючыся ад