Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Грахоўскі >> Современная проза >> Дзве аповесці >> страница 2
кіламетраў трыццаць, а то i ўсе сорак.

Брукаваць дарогі тут няма чым. Хто звекаваў у гэтым балотным i таежным краі, зроду не бачыў каменя. У асеннія залевы сёлы адрэзаны адно ад аднаго i ад раённага цэнтра. Добра, калі ўдаецца прывезці пошту хоць раз на тыдзень верхам на раскутым кані.

За лета дарога ўсохла, парэпалася i аж блішчыць, толькі засталіся не зараўняныя глыбокія выбоіны. Рыпіць, тузаецца i валюхаедца з боку на бок вазок.

Аляксей прылёг на мяккае сядзенне, грызе травінку, глядзіць на заінелыя гронкі спелых рабін, на бронзавыя зіхатлівыя лістоўніцы, на цёмныя елкі, адлюстраваныя ў заброснелай вадзе прыдарожных канаў. Паміж таежнай гушчэчы прабіваюцца дымныя слупы сонечнага святла; яшчэ не апала, зіхаціць i пераліваецца сінімі i бурштынавымі каралямі раса; недзе цвінькаюць сініцы, па разгатым вывараце прашмыгнуў каланок i шапаціць у сухім чароце. Тайга сцішылася ад летняга птушынага граю, ад гулу i дзынкання вялізных аваднёў i цяжкіх калматых шэршняў, што да крыві зразаюць коней i заядаюць усё жывое. Адзіны ратунак ад ix — намазацца дзёгцем i на аглоблю павесіць кацялок з куродымам.

Легка дыхаецца ранішняй жнівеньекай прахалодай, не трэба хвастацца веццем, абіваць з каня раі аваднёў.

Таму i ўспамінаюцца нейкія дробязі, думаецца нра дарогу, пра ўсё другараднае i неістотнае. А пара б Аляксею падумаць i пра сябе, пра свой далейшы лес, крута яго павярнуць: некаму здаць каня, быкоў, вупраж — словам, школьную гаспадарку — i з'ехаць бліжэй да родных мясцін, не вазіць настаўнікам дровы, а самому вучыць дзяцей. Ён успомніў сваю палескую Ельніцу, далёкае ад бітых шляхоў мястэчка ў квецені веснавых садоў, то прапахлае даспелымі яблыкамі, то прыцішанае i белае пасля начное завірухі. Успомніліся абліччы i прозвішчы вучняў i Ніна. «Ніна, Ніна! Чаму не забраў з сабою ў атрад? Чаму не выратаваў?» Аляксей да болю сціснуў сківіцы, сілячыся праглынуць камяк, што перахапіў горла.

Здалёк ён убачыў пры дарозе маленькую хатку з адным акенцам, канавязь i копку сена каля яе. Значыць, да раёна засталося шаснаццаць кіламетраў. Аляксей хвастануў лейчынаю каня, заляскаталі на выбоінах колы i пакаціліся весялей. Кіламетры ca два грукаталі па няроўнай разбітай грэблі, а там дарога пайшла ўгару, выраўнялася, i конь пайшоў весялей. У спіну прыпякала сонца, за вухам пабег цурочак поту, зліпліся валасы. Аляксей скінуў целагрэйку, ссунуў на патыліцу суконную кепку, скруціў тоўстую цыгарку i ca смакам закурыў.

За грыўкаю пабурэлага чароту з карычневымі кіяшынамі тырчаў гарэлы бярэзнік. Апаленае вецце пасохла i асунулася. Па счарнелых ствалах грукалі дзятлы.

Аляксей кінуў у канаву недакурак, ямчэй сеў на сядзенні i доўгім дубцом падагнаў каня. Пад паўдня прыпякала, як летам, плыло павуцінне i казытала па твары, ён сціраў яго рукавом, але пажоўклая, пабарвянелая i прыцішаная тайга пахла гаркаватым прэлым лісцем i нагадвала, што не за гарамі хоць i кароткая, але нудная асенняя слата.

Хацелася ўявіць сабе тую невядомую настаўніцу, па якую едзе. Успаміналіся твары былых аднакурсніц, вясковых i мінскіх знаёмых, самых прыгожых i статных. А што, калі адна з ix чакае яго ў райана?.. Наўрад. Беларусь толькі што вызвалілася. Настаўнікаў не хапае i сабе. Што i казаць, калі i ў гэтай маленькай таежнай васьмігодцы выкладаюць тыя, хто некалі скончыў педтэхнікум ці курсы, хто дзесяць, а то i дзевяць класаў.

Прасіўся Аляксей хоць у пачатковыя класы. Не бяруць: няма ніякага дакумента аб адукацыі. Двойчы пісаў у Ельніцу. Адзін адказ: «Усе дакументы райана загінулі ў часе вайны». Toe ж адказаў i інстытут. Можа, яно так спакайней: на свежым паветры. Чаго тут бедаваць? Радавацца трэба спакою i міру. Але было ж — смерць працінала цела гарачымі асколкамі, абрывалася тонкая павуцінка пульсу, а ён выцерпеў, выжыў, перамог. Побач былі добрыя людзі, чулыя да чужога болю. Добрых у сто разоў болей, чым кепскіх. Нягодніка заўважаюць усе, а сумленны чалавек робіць дабро непрыкметна i ціха. Яно яму неабходна як дыхание, без яго не пражывеш.

Лес скончыўся. Абапал дарогі маўкліва стаяў алешнік, тырчалі аблезлыя збуцвелыя пні; над заброснелай сажалкай, укрытай вялікімі лапушыстымі лістамі i завялымі гарлачыкамі, пырхнулі, пралапаталі i зніклі за хмызняком дзікія качкі.

Прагрукатаў пад коламі доўгі драўляны мост. Паразыходзіліся на стыках i паправісалі парэнчы, дрыжаць i ўгінаюцца плахі насцілу, тырчаць белыя вострыя стрэмкі. З моста вазок скаціўся сам, i конь ледзь паспяваў пераступаць, каб перадком не пазбівала бабкі.

Старэнькія хаткі пад дзярновымі стрэхамі стаяць побач з шырокімі пяцісценкамі з чэсанага таўшчэзнага бруса пад шатровымі цёсавымі дахамі, з карункамі карнізаў i налічнікаў, але з нізкімі дзвярыма i маленькімі вокнамі. Каб у доўгія суровыя зімы трымалася цяпло.

Раённае сяло раскінулася каля лукі шырокай таежнай Тары. Вада ў ёй цёмная, як густа завараны чай, нізкія берагі зараслі тальніком. Хаты раскіданы абыяк — кожны будаваўся дзе хацеў, дзе было выгадней i зручней. Пасярод Тарска — пустая пясчаная плошча. У доміку з сінімі аканіцамі — пошта, у доўгай старой стадоле — райземаддзел, a пасярэдзіне ўзняўся высокі двухпавярховы Дом Саветаў, з тоўстага кругляка, з белымі фіранкамі на трох вокнах.

Каля плота доўгая канавязь. Наўкол зямля, прыцярушаная саломай i свежай травою, здратаваная капытамі старшынскіх коней усяго раёна.

Аляксей прывязаў каня, адпусціў церассядзельнік, падкінуў абярэмак травы, ацерабіўся ад пацярухі, абсмыкнуў i ямчэй заправіў злінялую гімнасцёрку, запыленыя боты збольшага паабіваў аб цвёрды рамоннік пад плотам i пайшоў у райана.

Аддзел асветы займаў два маленькія пакоікі ка першым паверсе. У калідоры i ў першым пакоі стоўпіліся настаўнікі. На падлозе ляжалі звязаныя стосікі падручнікаў, скруткі картаў, стаялі новенькія глобусы. Мужчын было мала. I тыя — пераважна кульгавыя, аднарукія, у паношаных кіцелях i шынялях, у кірзавых i хромавых ботах, хто з ордэнамі, а хто з планкамі на грудзях. Курылі самасад i горкую бійскую махорку. Затое поўна было жанчын у даваенных плюшаўках, у доўгіх плаццях, у кашміроўках i канаплянках, твары загарэлыя i абветраныя, каля вачэй светлыя зморшчынкі. Відаць, большасць удовы. Лета яны прыхапкамі касілі сена для сваёй кароўкі, гадавалі свінчо, абшывалі i абмьхвалі сыноў i дачушак. А з восені вучылі дзяцей.

Аляксей вясковых настаўніц пазнаваў адразу: нястачы ваенных i першых мірных гадоў зраўнялі ix з усімі, але ў кожнай заставаліся пэўныя прыкметы інтэлігентнасці, нейкія адзнакі прафесіі — трошкі незвычайна завязаная хустка, белы каўнерык на плацці, манера трымацца i гаварыць.

Цяпер яны засталіся пасля канферэнцыі, каб