Литвек - электронная библиотека >> Рыгор Барадулін >> Поэзия >> Босая зорка >> страница 3
неба ад зямной мітусні
Засланіла яго вышынёй...

ШТО ЁСЦЬ...


Народ, як лёд, —
То растае.
То з халадамі нарастае.
І галасы журбы свае
Пакінуць хоча на расстанне.
Гісторыя, як азярод,
Дзе ветрацца снапы стагоддзяў.
І зерне падае на урод
Ці на няўрод
У рот страхоццяў.
Капае кожны свой гарод.
Дужэйшая за сілу стома.
Ды што такое ёсць народ,
Напэўна, й Богу невядома...

АДВОДЗІЦЬ...


Агню
Свайго першага дыму шкада.
Сябе даганяе сцяжына блукання.
Душа беларуская —
Вечная каня,
Якая адводзіць бяду ад гнязда...

ПАШТОЎКА


Будуць часам ідалы раструшчаны.
Свет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце Беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў!
19 чэрвеня 1999

НА СХІЛЕ


Як мне, малому, хацелася ў свет!
Як мне хацелася вырвацца з хаты.
Я задзіраў галаву, каб хвастаты
Бачыць хоць след
Незнаёмых камет.
Бачыў святло я, ды не разумеў,
Што пакідаюць неба каметы,
Не даляцеўшы да пэўнае мэты.
Што іх дапальвае,
Ласка ці гнеў?
Хутка і я ўжо гады дапалю,
Не падступіўшыся да небакраю.
I галаву сваю не задзіраю,
Болей хілю,
Каб запомніць зямлю...

ЗЯЛЁНАЕ МОРА


Гадоў малечых зялёнае мора,
Зялёнае ад неакрэсленай мары,
Зялёнае ад зялёнага сена,
Якім быў сяннік напханы.
Бывала й цёплым зялёнае мора,
Калі прачынаўся «марак»,
У якога
Пытаўся раніцай голас ласкавы:
— Як спалася,
Ці суха ўсталася?
І каб не лавілася рыбка ў пасцелі,
Малому давалі адломак кілбаскі,
Прытым з завязкаю
З ніткі суровай.
Зялёнае мора i ў лузе й на ўзлеску.
А потым жаўцела зялёнае мора
Ад збажыны ды кляновага лісця.
І ўрэшце белым рабілася мора
Ад снежных выдмаў на лузе й на ўзлеску
І на галаве дзьмухаўцовападобнай.
Але заставалася мара зялёнай,
Як перадзамаразкавая атава,
Як вочы ў ката,
Пра якога аднойчы
Сказала мая лапатлівая ўнучка:
У ката Мірона чорнага, быццам
Вочы зялёныя, як агуркі.
Са школы ведаем пра хларафіл,
А што пра зялёнае мора ведаем?
Пакуль нам зялёным
Бачыцца небасхіл,
Датуль мы яшчэ неўзімелыя
Летуем.

АПОШНЯЯ РАДНЯ


Вочы кажуць, што ўжо не тут,
Там яна,
Дзе ні смутку, ні страху.
Цень свой цяжка кінула ў кут,
Як даношаную апранаху.
Што там бачыцца ейным вачам?
Дзе прытулку душа шукае?
Мулка памяці.
Зябка плячам.
Чэзне. Гасне. Змаўкае. Знікае.
Колькі з вечнасці тых імглін
Ёй адведзена на развітанне?
Ветах, як падгарэлы блін,
Гаспадыні ў вакно світае...

РАДАЎНІЦА


Радаўніца...
Радавацца ці не таму,
Што радоўку тлумную адбываеш,
Што паклоны апошнія адбіваеш
Гасцяванню зямному свайму.
Радаўніца...
Рада ніца чало
Нахінуцца да ціхага ўзгорка,
Дзе палын прачынаецца горка,
Каб самоту ўбакі павяло.
Радаўніца...
Радавод даўніну
Цёмнымі апаўе каранямі.
Цень забытай душы акрыяе,
Абапершыся на труну.

ПРЫХАДЖАНЕ


У апаганены касцёл
Прыйшлі зялёныя паганцы —
Дзядоўнік, крапіва, а сот.
І не падумалі вагацца —
Так і ўраслі ў свянцоны дол.
І множацца сабе штогод
Ці прыхаджане, ці прыгнанцы.
Храм стыне з босай галавой
Пад чарапіцаю хмурынак.
Мітрэнга ў марнасці муроў
Знайшла апуджаны прыпынак.
Зарос трывогаю спакой.
Ірдзеюць, як Хрыстова кроў,
На сценах гронкі арабінак.

ЯК АСОТ...


Як а сот, я ў зямлю сваю
Так урос
І калюча й балюча,
Каб не дацца вырваць прыблудам.
Як мароз,
Я пяшчоту сваю таю.
Аблачына ўздымае,
Як круча,
Свенціць иудам
Над брудам.
Над хлудам...

HE


Вада з вадою не зліваецца,
Ліецца кожная сама.
Бяда бядою даганяецца,
Спяшаюцца, дзе іх няма.
Выгодзе веснавой выходзячы,
Вада ўцякае ў халады.
Бяда, з вады сухой выходзячы,
Губляе мокрыя сляды.
Бяда да шчасця хітра лашчыцца,
Бядзе сябе самой шкада.
Калі вадзе жывой заплачацца.
Не ўчуе мёртвая вада...

KPOM


Як навалачкі на ладушках старых,
Праношваюцца на небе хмары.
З абломкаў храмаў старых
Узводзяцца новыя храмы.
З аблокаў аглухлых крыг
Разводдзе бярэ ахвяры.
На вёрсты мераюць крык,
Цярпенне важаць на грамы...

СТАРЭЕ ДЗЕНЬ...


Душа прагоркне ў палыне.
Сон абначуе за барамі.
А голас мамін будзе мне
Гучаць,
Нібы малітва ў храме.
Маўчыць, як цень, мой страх.
І вір
Смяецца сінімі губамі.
Старэе дзень.
І рыдаль жвір
Не сыпле ў рот бяззубай яме.
Яшчэ пярун сябе кляне.
І рана зачыняцца браме.
А голас мамін ува мне
Гучыць, як у забытым храме...

ЗМЕІ АГНЮ


Галоўнае — не азірнуцца,
Каб прысак не разварушыць,
Да вогнішча не прыгарнуцца,
Што змеямі агню кішыць.
Агонь спаліў мае аблокі,
Хмурынкі хмарамі зрабіў.
Мой спапяліў спакой далёкі
І ў небе позірк мой згубіў...

БЫЦЬ!