Литвек - электронная библиотека >> Аляксандар Лукашук >> Биографии и Мемуары >> За кiпучай чэкiсцкай работай >> страница 2
але і члена нашага сацыялістычнага грамадзтва.» — заключаў свой ліст у ЦК партыі падмануты муж — кіраўнічы савецкі работнік.

Д-н выносіў сямейную бялізну на партыйны суд з простай прычыны: калі ён давядзе, што невінаваты ў разводзе, яго, магчыма, не пакараюць па партыйнай лініі, не пацерпіць кар'ера. Яшчэ да звароту ў ЦК ён усё расказаў сакратару сваёй партарганізацыі. Той потым дакладаў у абкам партыі, што Д-н «вырашыў скасаваць шлюб са сваёй жонкай, бо яна ўжо каля двух гадоў здраджвае яму і знаходзіцца ў сувязі з Гарбачэўскім, які разьбівае яго сямейнае жыцьцё. Тав. Д-н неаднаразова гутарыў з Гарбачэўскім, каб ён не разьбіваў ягонае сямейнае жыцьцё, спыніў сувязь зь ягонай жонкай, але Гарбачэўскі не зрабіў гэтага».

Скаргі Д-на паўплывалі на характарыстыку Гарбачэўскага. У першай, выдадзенай у будаўнічым трэсьце, дзе Гарбачэўскі стаяў на партуліку, адзначалася, што ён дысцыплінаваны, добрасумленны, прачытаў калектыву лекцыю «Аб павышэньні рэвалюцыйнай пільнасьці». У другой характарыстыцы, выдадзенай пазьней, Гарбачэўскага называюць нясціплым, маральна няўстойлівым, адзначаюць распусны лад жыцьця і інтымныя сувязі з замужнімі жанчынамі.

Лісты былі атрыманыя ў Менску ў ЦК партыі і падшытыя ў папку з надпісам «Пэрсанальная справа» (у Нацыянальным архіве, які ўключае і былы архіў ЦК КПБ, папка захоўваецца і дагэтуль). Справу Гарбачэўскага разглядала парткалегія КПБ — так у 1961 годзе называўся партыйны суд унутранага карыстання, які караў камуністаў за ўчынкі, несумяшчальныя з высокім званьнем партыйца. Не сумяшчалася рознае — занадта добрае веданьне гісторыі і хрышчэнне дзіцяці, уласная думка аб чарговай генэральнай лініі і развод; на павальную п'янку часам глядзелі скрозь пальцы, а часам за куфаль піва гналі з пасады. У партыі існавала сыстэма пакараньняў з падрабязнай градацыяй, якая ўвесь час разьвівалася і перабудоўвалася: зьвярнуць увагу, паставіць на від, папярэдзіць, потым ішла вымова, строгая вымова і вымова з занясеньнем. Адзін час практыкаваўся перавод з членаў партыі ў кандыдаты і, як вышэйшая мера, — выключэнне з шэрагаў партыі.

А як растлумачыў яшчэ таварыш Сталін, «для шараговых членаў партыі знаходжанне альбо выключэнне з партыі — гэта пытанне жыцьця і сьмерці». Праўда, так было пры таварышу Сталіне. Пры іншых таварышах было іначай.

Нягледзячы на сакавіты партрэт нораваў эпохі, гэтую ўнутрыпартыйную перапіску можна было б і ня згадваць, калі б не адна даведка, якая таксама была падшытая ў папку. У ёй паведамлялася, што Гарбачэўскі Макар Давыдавіч апошнім часам быў начальнікам улікова-архіўнай управы КГБ Берасьцейскай вобласьці. Загадам КГБ пры Савеце Міністраў СССР 27 сьнежня 1955 году звольнены з-за службовай неадпаведнасьці, на ўліку асобай інспэкцыі як парушальнік савецкай законнасьці ня значыцца. Даведку падпісаў маёр КГБ Камароў.

Такім чынам, берасьцейскі Казанова быў зь ліку чэкістаў… Датэрміновае спыненьне службы ў 1955 годзе сьведчыла, што ён патрапіў пад хвалю адлігі, калі пасьля прыходу да ўлады Мікіты Хрушчова некаторых асабліва заслужаных спэцыялістаў адпраўлялі на пэнсію. Але пазбаўляліся далёка не ад усіх. Да таго ж, калегі Гарбачэўскага даводзілі, што савецкай законнасьці той не парушаў. Тады за што звольнілі чэкіста ў росквіце сілаў (калі верыць скаргам падманутых мужоў)?..


З анкеты


члена КПСС з кастрычніка 1929 году, партбілет № 05820215, Гарбачэўскага М. Д., беларуса, 1906 г. н., паходжаньне — зь сялянаў вёскі Багданава Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці:

1925–27 — працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоў

1927–28 — тэхнічны сакратар Лёзьненскага райкаму партыі

1928–29 — курсант школы аднагадзічнікаў 3-га сапёрнага батальёну, г. Уладзімір

1929–30 — загадчык улікова-статыстычнага пададдзелу акругкаму партыі, г. Віцебск

1930–35 — супрацоўнік ОГПУ НКВД БССР, г. Менск

1935–36 — слухач Цэнтральнай школы НКВД, г. Масква

1937 — начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД


Як вынікала з далейшай анкеты, праца на раённым узроўні для сталічнага спэцыяліста працягвалася менш за два гады. Спачатку яго ўзялі ў рэспубліканскі апарат НКВД, пасьля даверылі самастойны ўчастак у Заходняй Беларусі — ён ўзначаліў Пінскую абласную ўправу наркамату. А потым, усяго празь сем гадоў пасьля прызначэньня ў Старобін, Гарбачэўскі ўзьляцеў на ключавую пасаду ў службовай ерархіі — стаў намесьнікам наркама дзяржбясьпекі Лаўрэнція Цанавы па кадрах.

Але гэта будзе потым. Падмурак прафэсійнага посьпеху закладаўся на нізавым, самым важным і самым цяжкім участку будзённай, непасрэднай, канкрэтнай працы — у райаддзеле. Тут ажыцьцяўлялася партыйная лінія, тут праходзіла перадавая, тут, недасыпаючы, працуючы без выхадных, па шаснаццаць гадзінаў у суткі, трэба было на практыцы паказаць усё, чаму навучыўся.

Гарбачэўскі прыехаў у Старобін з найвышэйшай магчымай у 1937 годзе тэарэтычнай падрыхтоўкай. Ён праходзіў курс навук у Цэнтральнай школе НКВД якраз пад час падрыхтоўкі і правядзеньня адкрытых працэсаў над «правымі цэнтрамі» і «трацкісцкімі блёкамі»; супрацоўнікі і курсанты НКВД адыгрывалі ролю публікі на такіх працэсах, вучыліся найвышэйшаму пілатажу сацыялістычнай законнасьці. Адным з тых, хто рыхтаваў працэсы ў падвалах Лубянкі, быў Барыс Берман, чыя ўзорная праца была аддзячаная званьнем камісара дзяржбясьпекі З-га рангу і прызначэннем у Менск, на пасаду наркама ўнутраных справаў. У тым жа 1937 годзе, крыху раней за Бермана, разьмеркаваньне ў Беларусь атрымаў і выпускнік Цэнтральнай школы Макар Гарбачэўскі.

Архіўныя дакумэнты дазволілі заглянуць глыбей у адзін старобінскі дзень адстаўнога банвіяна Макара Гарбачэўскага. Гэты дзень — субота, 18 верасьня 1937 году. У гэты дзень начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД выпісаў ордэры на арышт з нумару 161 па нумар 231, усяго, калі верыць лічбам, на семдзесят чалавек.

1937. «Чыста савецкі чалавек…»

На стандартным бланку стаяла назва арганізацыі — НКВД, нумар ордэру, дата выдачы і тэрмін дзеяньня — адны суткі. Гарбачэўскі зацвярджаў ордэры на арышт і вобыск чырвоным алоўкам. (Увогуле архіўныя матэрыялы сьведчаць, што камуністычная бюракратыя ахвотна карысталася алоўкамі. Нават подпісы членаў бюро ЦК КПБ пад пастановамі нярэдка зробленыя сінім альбо чырвоным алоўкам. Мясцовыя кіраўнікі ў гэтай справе бралі прыклад з маскоўскага начальства гэтаксама, як са сталінскага галіфэ і кіцеля пераходзілі на хрушчоўскія вышытыя кашулі, а потым на брэжнеўскія двубортавыя гарнітуры. Магчыма, прычына карыстання алоўкам, а не чарнільнай ручкай — у тым, што грыфэльныя запісы лёгка сьціраць, а