Литвек - электронная библиотека >> Ігар Бабкоў >> Современная проза >> Адам Клакоцкі і ягоныя цені >> страница 2
— невядома. Тое, што засталося ад гэтага пэрыяду, гэта лiставаньне з Адамам Чарноцкiм i Аляксандрам Рыпiнскiм. Я думаю, менавiта ад iх пайшла глыбокая цiкавасьць, нават замiлаваньне народнай культурай, якое затым будзе рэалiзаванае ў другiм томе «Ўсеагульнай энцыкляпэдыi сноў».

Па некаторых зьвестках, у гэты час Ян Адам Марыя вывучаў гiпноз у Бэрлiне. Прынамсi лiсты да Адама Чарноцкага маюць вiдавочны «бэрлiнскi» калярыт. Падчас паўстаньня Адам Клакоцкi — зноў на радзiме. Ёсьць тры розныя вэрсіi ягонага ўдзелу: паводле адной, ён быў шараговым iнсургентам у адным з аддзелаў пад Вiльняй, паводле другой — кiраваў аддзелам пад Наваградкам, а паводле трэцяй — увогуле не прымаў удзелу ў вайсковых дзеяньнях, а даваў iстотную iнфармацыю пра перамяшчэньні расейскiх войскаў, служачы на пошце ў Менску. Ягоная цiкавасьць да сноў, гiпнозу і мрояў набывае практычную скiраванасьць: ва ўспамiнах паўстанцаў апiсваецца гiсторыя, як ён загiпнатызаваў цэлы эскадрон казакаў (разам з коньмi), якiя заснулi i прапусьцiлi рэшткi iнсургентаў у накiрунку аўстрыйскае мяжы (праўда, паводле расейскiх рапартаў, заснулi менавiта iнсургенты i ўсе да аднаго былi адпраўленыя ў кiрунку iншай мяжы — расейска-японскай).

Далей лёс Яна Адама Марыi складваўся даволi традыцыйна. Пасьля здушэньня паўстаньня мы знаходзiм яго ў парыскай эмiграцыi. Ён заняў у Парыжы вiдавочную антымагнацкую пазыцыю, што дазволiла некаторым абвiнавацiць яго ў хлапаманстве. У Парыжы ён быў блiзкi да асяродку лiцьвiнаў, сябраваў зь Мiцкевiчам, адзiн час нават уваходзiў у Кола Тавяньскага. Шапэн прысьвяцiў яму адзiн са сваiх палянэзаў. Але, безумоўна, менавiта парыская эмiграцыя паспрыяла рэалiзацыi самае iстотнае падзеi ягонага жыцьця. У Парыжы ён падрыхтаваў i выдаў тры тамы з сваёй «Усеагульнай энцыкляпэдыi сноў».

Энцыкляпэдыя мусіла выйсьці па-француску, на мове тагачаснай адукаванай Эўропы, i сам гэты факт паказвае ўсю амбiтнасьць аўтаравай задумы. Тэхнiчныя праблемы занялi каля трох год, i ў 1836 годзе выйшаў першы том энцыкляпэдыi (паводле агульнай нумарацыi — сёмы), якi меў назву «Сны адроджанай Польшчы» i адбiваў усеагульную цiкавасьць да «польскага пытаньня» ў Эўропе.

Кола рэспандэнтаў было надзвычай шырокiм. Тэма — надзвычай актуальнай. Таму няма анiчога дзiўнага, што Адроджаная Польшча сапраўды выклiкала такую колькасьць сноў — iх сьнiла як найменей палова прагрэсіўнай Эўропы. Але тут Адама Клакоцкага сьцерагла першая праблема, вырашыць якую было зусiм няпроста. Праблема клясыфiкацыi сноў. Усялякая энцыкляпэдыя мусiць мець пэўныя крытэры клясыфiкацыi. Прынцып альфабэтнай арганiзацыi Адам Клакоцкi адкiнуў амаль адразу: клясыфiкацыя паводле «аўтараў» была немагчымай, бо значная частка настойвала на ананiмнасьцi, а iншага крытэру Адам Клакоцкі так і не знайшоў. У прадмове да гэтага тому, гаворачы пра iдэю энцыкляпэдыi, Ян Адам Марыя прыходзiць да сумнай высновы аб «няўцямным, iрацыянальным парадку (маецца на ўвазе парадак альфабэту — аўт.), на якiм грунтуецца нашая цывiлiзацыя i якi мы ня можам анi рацыянальна пацьвердзiць, анi абвергнуць».

Урэшце Ян Адам Марыя падзялiў першы том на дзьве часткi: ананiмныя сны i сны рэспандэнтаў, якiя пагадзiлiся пакiнуць свае прозьвiшчы. Кожная частка, у сваю чаргу, дзялiлася на сны жаўнераў, сны жанчынаў i дзяцей ды «астатнiя». Усе сны былi пададзеныя ў храналягiчным парадку(?), што, паводле Яна Адама Марыi, мусiць адбiць глыбокiя сувязi мiж актуальнай гiсторыяй i «гiсторыяй, адлюстраванай у снах».

Гэты том шырока аналiзаваўся i апiсваўся дасьледнiкамi (хаця й не перавыдаваўся), таму мы спынiмся толькi на адным моманце: ананiмныя сны выглядаюць значна больш разьняволенымi, натуральнымі (калi не сказаць праўдзiвымi), чым сны, што маюць дакладнага рэспандэнта. «Аўтарызаваныя» сны iнтэрпрэтуюцца наўдзiў адназначна, iхны сымбалiзм занадта празрысты i мае часам вiдавочныя лiтаратурныя каранi. У ананiмных снах хаця й прысутнiчае аўтарская iнтэрпрэтацыя, але яна выглядае толькi адной з магчымых вэрсіяў.

Так, у ананiмным сьне нумар 441 дзiкiя конi хаатычна нясуцца па полі, топчучы ўсё на сваiм шляху, i рэспандэнт адчувае сябе адным з гэтых коняў. Iнтэрпрэтацыя рэспандэнта досыць штучная — ён лiчыць, што сон сымбалізуе шлях да свабоды, шлях, на якiм нiхто ня ў змозе спынiць Адроджаную Польшчу.

Насуперак гэтаму, Ян Адам Марыя ў сваiх камэнтарах вытлумачвае гэты сон як бег Гiсторыi, няўмольнай i бязьлiтаснай, i прыходзiць да высновы, што «прымаючы гiсторыю як такую, мы мусiм быць гатовыя разьвiтацца з усiм самым мiлым i дарагiм — i нават сны нашыя пры гэтым ня ёсьць надзейным прытулкам».

Яшчэ адно цiкавае назiраньне: у той час, як жанчыны й дзецi пераважна сьнiлi жаўнераў ды вайсковыя эпiзоды й баталii, самi жаўнеры (і мужчыны ўвогуле) апраналi свой патрыятызм у жаночую вопратку...

З пасьляслоўя да гэтага тому вынiкае пэўная расчараванасьць Адама Клакоцкага сабраным матэрыялам. Ён выбачаецца перад чытачамi за пэўную павярхоўнасьць i банальнасьць прысьнёнага i фармулюе некаторыя тэарэтычныя i мэтадалягiчныя тэзы што да сну як такога. Ян Адам Марыя цьвердзiць, што сны, як i жыцьцё, маюць шматслойную структуру i толькi «глыбiнныя сны» дазваляюць нам пранiкаць на другі бок i атрымоўваць праўдзiвыя пасланьнi. «Мы жывем на паверхнi свайго жыцьця i сьнiм на паверхнi сваiх сноў», — гэтым бязьлiтасным прысудам i сканчаецца кнiга.

Першы том энцыкляпэдыi выклiкаў грандыёзны скандал. Мы ня будзем апiсваць усе магчымыя й немагчымыя прэтэнзіi й абвiнавачваньнi, якiя былi высунутыя. Усё гэта добра вядома i не спынiла апантанай дзейнасьцi нашага героя. Праз пяць год выходзiць другi том (паводле агульнай нумарацыi — дзясяты), якi атрымаў назву «Сны простага люду». У iм Ян Адам Марыя спрасьцiў клясыфiкацыю — матэрыял арганiзаваны паводле тэрытарыяльнай лякалiзацыi — i ўзяў за аснову iнтэрпрэтацыi навуковы апарат тагачаснай этнаграфii. Сама праца адбывалася падчас «беларускага» пэрыяду жыцьця Яна Адама Марыi. Том атрымаўся дзьвюхмоўны: сны запiсаныя беларускай лацiнкай з францускiмi перакладамi, камэнтары збольшага па-француску, але трапляюцца й беларускiя iнтэрвэнцыi.

Агульная iдэя тому, выказаная ў прадмове, — тое, што народная традыцыя захавала глыбокiя пасланьнi зь мiнуўшчыны i гэтыя пасланьнi зашыфраваныя як у фальклёры (якi Адам Клакоцкi разглядае як калектыўны сон), так i ў глыбiнных структурах iндывiдуальных сноў.

Нягледзячы на калясальную сетку рэспандэнтаў i прыхiльнiкаў, якую меў на той час Адам Клакоцкi, праект скончыўся паразай. Матэрыял сабраны неверагодна багаты (беларускiя мовазнаўцы даўна ўжо ацанiлi ягоныя вартасьцi), але прарыву ў глыбiнныя структуры не адбылося. Сны маюць пераважна пабытовы, прыватны (эратычны) i сацыяльны