Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Грахоўскі >> Современная проза и др. >> Рудабельская рэспубліка >> страница 3
яшчэ. А яны ж цяпер самі — сіла. Толькі адкрый ім вочы, каб паверылі ў сябе, каб зразумелі, што стрэслася ў свеце.

Аляксандр успамінаў усё, што бачыў i перажыў за гэты тыдзень. Няўжо прайшоў толькі тыдзень? Ён зірнуў на свае каляныя чаравікі. Здавалася, з ix яшчэ не атросся пыл петраградскіх вуліц, а шынель пахне дымам кастроў, што палалі ля Смольнага i на плошчы перад Зімнім. Ён бег разам з матросамі i салдатамі па гэтай плошчы, лез праз чыгунныя вароты, туліўся да шурак дроў, да мокрых сцен. Потым па мяккіх дыванах ступаў з прыступкі на прыступку, усё вышэй i вышэй, у такім бляску, што аж сляпіла вочы. Бачыў, як матросы выводзілі напалоханых чырванамордых міністраў у расшпіленых мундзірах i накінутых на плечы палітонах, як салдаты ў вялізных залах, у пераходах, калідорах i цёмных бакоўках шукалі Керанскага.

Круцілася ў галаве кола ўспамінаў: даўжэзныя гаманлівыя, поўныя салдат i матросаў калідоры Смольнага. Здавалася, ён i цяпер чуе бразгат вінтовак i кацялкоў, грукат падкаваных ботаў каравула. Запомнілася, як з вялікіх дзвярэй, трымаючы ў руцэ доўгую тэлеграфную стужку, выставіўшы наперад плячо, нібыта разразаючы тугі вецер, прабег па калідоры невысокі з лысінаю чалавек. Усе расступіліся, давалі яму дарогу. Ён з некім вітаўся, нешта гаварыў, i так, як з'явіўся, нечакана знік за высокімі дзвярамі. Услед за ім каціўся шэпт: «Ленін, Ленін пайшоў! Бачыў Леніна? Гэта ж ён».

Зноў нарастаў грукат пріікладаў i крокаў. Аляксандр прахагііўся. Стукалі колы. Насупраць, скурчыўшыся, як малое дзіця, спаў дзядзька Цярэшка. Храплі i мармыталі ў сне мужчыны i кабеты. Прыткнуўся шчакою да жалезнага прэнта i роўна соп Анупрэй. Толькі круціўся на мулкай паліцы «аскубаны» афіцэрык. Убачыўшы Аляксандра, ён прыкінуўся, што спіць.

Аляксандр прыхінуўся да акна, хацеў пазнаць, дзе яны едуць. Да чорнай шыбіны папрымярзалі снежныя крупы, пашарэла зямля, i больш нічога не было відно.

Так болей ён i не заснуў, аж пакуль не прыехалі ў Ратміравічы. Далей цягніку не было куды ісці — тупік.

Загуў, замітусіўся, загаманіў вагон. Свечка даўно дагарэла. Спрасонку ўсе таўкліся, штурхаліся, тыцкаліся, як сляпыя. З-пад ніжніх лавак сунуліся нечыя ногі, на ix наступалі тыя, што праціскаліся ў праходзе, спатыкаліся i лаяліся на чым свет стаіць, зверху на галовы спаўзалі клункі, лубяныя каробкі i торбы, ссоўваліся спіны ў кажухах i світках.

— Параска, га, Параска, дзе ты там? Ці не ў цябе мая торба?

— Куды прэш, каб табе паўлазіла!

— Мірон, уставай, прыехалі!

— От даваяваліся, што няма i свечкі,— гугнявіў сіпаты голас.

— I сноўдаемся, як тыя авечкі,— у лад яму адказала бойкая жанчына.

Але хутка ўсе агледзеліся: на дварэ сінеў халодны ранак, a ў акно свяціў жоўты станцыйны ліхтар.

Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно нлячо, перакінуў вінтоўку i, калі схлынуў натоўп, йадаўся да дзвярэй. За ім выйшлі Анупрэй i Цярэшка.

Гразь падшэрхла. На страхах i ў разорах бялеў першы кволы сняжок, нібы хто прысаліў зямлю. Пасля вагоннай цеенаты i распаранай духаты цела калацілі дрыжыкі, вецер ва ўсе бакі раздзімаў тонкі выцерты шынель.

Аляксандр падперазаўся i азірнуўся: вагоны апусцелі, у парадзелым змроку людзі разыходзіліся хто куды. Не відно было толькі афіцэрыка з верхняй паліцы.

Цярэшка здагадаўся, каго выглядае Аляксандр.

— Будзіў гэтага Ермальчука, а ён бытта апруцянеў.

— Дзе ты бачыў! Яму з намі не па дарозе. Хадзем, мужчынкі.

Размінаючы пругкія грудкі стылай гразі, яны ўтрох звярнулі на сцежку i спорна пайшлі праз густы ракітнік, што рос адразу за станцыяй. Пад нагамі шамацела хрусткае лісце.

Над вёскаю падымаліся белыя стаўбуны дыму, a ў акенцах пагойдвалася i дрыжала няроўнае святло — палілі ў печах. Крычалі пеўні, вішчалі парсюкі, рыпелі пры студнях вочапы. Пачынаўся сінявата-шэры ранак позняй восені.

Усе гэтыя гукі, гаркаваты пах дыму i прыгарэлай бульбы, нізкае неба i прыцярушаная першым сняжком зямля былі Аляксандру да шчымлівага болю знаёмыя i родныя. Ён успамінаў гэтыя краявіды ў акопах пад Перамышлем, у балотах Піншчыны, у Царскасельскім шпіталі. Яны мроіліся яму бяссоннымі начамі ў Смольным, i часам не верылася, што зноў давядзецца хадзіць па родных сцежках.

Сем гадоў ён не быў дома, сем гадоў нічога не чуў пра бацьку i Марыльку, пра добрую i чулую мачаху. Усіх мачах звычайна лаюць i клянуць, а цётка Ганна была як родная маці — чатырох выгадавала. Яго, Петрыка i Косціка выправіла ў салдаты. Успомнілася, як праводзіла яго ажно да Парыч, усё нешта пхала-ў торбу i галасіла, як па родным сыне.

Да вайны Аляксандр служыў у Гатчыне, у кавалерыйскім палку, i тады-сяды палучаў ад бацькі кароткія пісьмы. Стары бедаваў, што цяжка адрабляць арэнду: Косцік яшчэ слабаваты, Марылька хоць пруткая i добра ўлягае ў работу, але ж вельмі маладзенькая, i яе шкода залыгваць у ярмо, а Петрыка забралі ў салдаты. Пісаў, што Рагуля ацяліла бычка з белаю лысінкаю i яны збіраюцца яго гадаваць. Бацькавы пісьмы пахлі роднаю хатаю, нагадвалі маленства ў Хлебавай паляне, цесную зямлянку на ўзлессі. Тады яшчэ жыла мама. Статная, бялявая i зусім маладая. Тата яе зваў Лавізаю. Сынок часам папраўляў яго:

— Не Лавіза, a Луіза наша мамка.

— A хіба не адно i тое? Лавіза яшчэ лягчэй.

Мама гаварыла па-латышску, спявала латышскія калыханкі i расказвала дзецям казкі далёкай Курляндыі. Часам заходзіў адведаць дзед. Высокі, крыху сагнуты, вусаты Крышан Якшэвіч. Ён зімою i летам насіў камізэльку з казловае кажушыны. Садзіўся на парозе цьмянай зямлянкі i моўчкі курыў. Відаць, нудзіўся па сваёй Курляндыі, шкадаваў, што дачку ззамаладу абселі дзеці, што б'ецца яна ад цямна да цямна на панскіх лядах, а дастатку i шчасця не відно.

Стары Крышан шанаваў свайго зяця Рамана за працавітасць, цвярозасць i сумленне. Любіў ён i ўнукаў, але нейкаю стрыманаю маўкліваю любоўю.

Аляксандру ўспаміналася, як вечарамі каля камінка бацька латаў хамут ці аброць i расказваў дзецям пра сваю маладосць, пра тое, як адразу пасля жаніцьбы пайшоў да панскага ўпраўляючага Ганса Хрыстафоравіча Мухеля сказаць, што кончылася яго i Луізіна парабкоўства. Ён папрасіў на першы час за адработкі, а як разжывуцца, у арэнду кавалачак зямлі.

— Зэмля нужна сдэлать,— адказаў сухапары немец.

Раман не разумеў, як можна «сдэлать» зямлю, і толькі моўчкі лыпаў вачамі.

— Рубіт лес, вірывайт корні, как его, пэнькі, пэнькі. Там — зэмля, хлебный зэмля, будэт хлебный паляна. Панімайт?

Так i згадзіліся. Раману за балацінаю адвялі кавалачак лесу. Удваіх з маладой жонкаю выкапалі зямлянку, накалолі плашак, абклалі імі сцены, з гліны збілі печ, яловай карою i дзёрнам прыкідалі страху i пачалі жыць. Валілі