Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Грахоўскі >> Современная проза >> Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ >> страница 2
дождж і ў мяцеліцу, абы толькі паспець да хворага.

Праз год, неяк пад вясну, прыехала да яго прыгожая статная жанчына. Ні з кім яна не знаёмілася, ні з кім не гаварыла. Усе заглядаліся на яе, адны зайздросцілі ёй, другія — Леаніду Андрэевічу.

Нанялі яны па суседству з бальніцаю кватэру, але хутка і да яе пратапталі сцежку людзі з далёкіх і блізкіх вёсак.

Спярша Леанід Андрэевіч хадзіў вясёлы і шчаслівы, памаладзелы і пахарашэлы. А потым спахмурнеў, пастарэў і неяк звяў. Бывала, у яго спытаеш што-небудзь, а ён нібыта і не чуе, потым спахопіцца, перапытае і толькі вінавата ўсміхнецца. Я тады якраз толькі скончыла школу міласэрных сясцёр і прыехала сюды...— жанчына ўздыхнула і горка ўсміхнулася.— Так і асталася тут дажываць свой век... Такія людзі, як Леанід Андрэевіч, не часта сустракаюцца ў жыцці.

Прывязуць, бывала, з вёскі старэнькую бабку. Енчыць, бедная, на возе, варухнуцца не можа. А доктар ужо бяжыць да яе. Пакуль збіраюцца санітары, ён возьме на рукі сухенькую бабульку, сам пакладзе на насілкі, загадае паскідаць зрэбнікі, памыць, адзець ва ўсё чыстае. Агледзіць, распытае, развяселіць старую. Ноччу прыйдзе, супакоіць, суцешыць — назаўтра сама просіцца, каб зрабіў аперацыю. Аперацый тады ўсе баяліся, а яму верылі, казалі, рука лёгкая і сэрца добрае.

Тыдні праз тры тупае тая самая бабулька ў бальніцу. У руцэ клуначак, завязаны ў беленькую паркалёвую хустачку. Няўжо зноў занядужала? А яна стане на ганку, мыляецца і ўсё некага цікуе. Убачыць Леанід Андрэевіч сваю пацыентку, запросіць у пакой, распытае, што і як.

«А доктарка даражэнькі, дай жа вам бог здароўя. Ажыла зусім. Адкуль і сілачка тая ўзялася. Блізкі свет, а от бачыце, сама прытупала і ні разу не аддыхнула». І бабулька працягвае доктару свой клуначак. Ён адмахваецца, абураецца, кажа, што гасцінцамі зневажаюць яго, а бабка божыцца, што яечкі свежанькія, і тупае за дзверы. Тады Леанід Андрэевіч кліча каго-небудзь з бальнічнай кухні і аддае ўсё ў агульны кацёл.

А бабка ішла шчаслівая, што аддзякавала доктару.

Я моўчкі слухаў жанчыну і разумеў, што ёй трэба выгаварыцца, а можа зноў перажыць дарагія ўспаміны.

— А як надышла восень, апусцела возера, зрабілася маркотна ў нашым гарадку, занудзілася прыгожая доктарава жонка. У іхнім доме да поўначы гарэла вялікая лямпа, а праз запацелыя шыбы плылі гукі піяніна. Яго пакінулі ў гэтым доме ранейшыя гаспадары, што ўцяклі з белапольскімі легіянерамі. Над піяніна вечарамі сумавала адзінокая прыгожая жанчына. Звалі яе, здаецца, Ева Браніславаўна. А Леаніду Андрэевічу ўсё не было часу пасядзець з ёю. Не забегшы дадому, ён спяшаўся ў далёкую вёску да дзіцяці, што задыхалася ад дыфтэрыі, начамі не адыходзіў ад ложка селькора, параненага з кулацкага абрэза, ці ад хлапчука, абгарэлага на пажары.

Ева Браніславаўна ўпрошвала мужа вярнуцца ў горад, да радні, да сяброў, да «чалавечых умоў», як яна казала.

«Ну як я пакіну параненага хлапца, не паставіўшы яго на ногі, як не выратую маці семярых дзяцей, ці маю я права не паехаць да лесаруба з адкрытым пераломам? — пытаўся ён.— Уцяку, пакіну іх — і прыбавіцца на вясковых пагостах дзесятак магіл, а ў хатах будуць галасіць сіраты і ўдовы. Я хачу, каб шчасліва жылі гэтыя людзі, каб меней было слёз і пакут».

«А за што мушу гінуць я ў гэтай глушы? Ты няўдзячны эгаіст, сябелюбец, уся твая папулярнасць толькі ў каравых бабулек і ў свінапасаў, а я хачу жыць сярод інтэлігентных людзей, слухаць музыку, хадзіць у тэатр, мець цікавых сяброў. А ты? Ты пахаваў свой талент у гэтых катухах, што завеш бальніцаю».

— Можа гэта і нядобра, але аднойчы, не хочучы таго, я падслухала такую размову і запомніла слова ў слова. Успомню, здаецца, і цяпер не замоўклі іх галасы, хоць і прайшло з тае пары ўжо не адно дзесяцігоддзе.

На пачатку зімы Ева Браніславаўна паехала адсюль. Леанід Андрэевіч суцяшаў яе, абяцаў дразу ж прыехаць, як толькі прышлюць яму замену.

Замены ён так і не дачакаўся. Нудзіўся, сумаваў, а каб не сядзець аднаму ў пустой хаце, днём і ноччу прападаў у бальніцы. Часамі ў глухія ночы з яго кватэры чулася тая самая мелодыя, якую некалі іграла яго жонка. Відаць, успамінаў, журыўся і думаў пра яе, а на людзях заўсёды быў вясёлы, гаваркі і спакойны.

Міналі гады, а наш доктар так і жыў бабылём. Спярша яшчэ калі-небудзь ездзіў у той далёкі горад, а потым зусім перастаў. Чаму? Сам нікому не расказваў, а пытаць ніхто не адважваўся.

Летам, калі бывала спакойна ў бальніцы, па тыдні плаваў з рыбакамі, разам цягнуў невад, раскладаў вогнішчы і варыў юшку. Зімою на лыжах за дзень абыходзіў некалькі вёсак, і ўсе яго ведалі, усе яму былі рады.

Вяртаўся ружовы, вясёлы, памаладзелы, хоць і густа прабілася сівізна ў яго валасах.

У трыццаць шостым годзе ледзь не ўсё лета ў нас бушавалі навальніцы. Зранку парыць — не прадыхнуць, а пад вечар насунуцца хмары і пачынае смаліць, аж зямля калоціцца. Сённяшняя навальніца — проста забаўка. А тады аж шэсць чалавек загінула ад маланкі.

Леанід Андрэевіч не знаходзіў сабе месца. Ён хадзіў да старшыні райвыканкома, патрабаваў, каб паставілі громаадводы, пісаў у Мінск і дамогся-такі, што ў некалькіх вёсках паставілі высокія жэрдкі з дротам. Крыху паспакайнела, але ўсё роўна то там, то тут запаліць гумно ці хату...

Мая субяседніца ўздыхнула і падышла да акна. Дождж сціхаў. Па двары беглі шумныя каламутныя ручаіны, а на вялікіх лістах гарбузіка, нібы жывое срэбра, перакочваліся і дрыжалі буйныя дажджавыя кроплі.

— Бачыце, зусім загаварыла вас. І то пятае цараз дзесятае, а ўсяго і за тры дні не раскажаш. Але вы пыталіся пра помнік. Дык вось. За год да вайны, у самы разгар лета, Леанід Андрэевіч зрабіў тры цяжкія аперацыі. Да вечара не выходзіў з палаты, а як змерклася, пайшоў на возера. Ён заўсёды любіў падоўгу сядзець на беразе, глядзець удалеч і маўчаць. Так было і ў той вечар.

Назаўтра раніцаю я ішла на дзяжурства каля яго кватэры. Сонца даўно ўзышло, а ў яго хаце, гляджу, гарыць святло. Падумала, што доктара ноччу выклікалі і ён не паспеў выключыць лямпу. Але ў бальніцы доктара не было. Пайшлі мы з фельчарам на кватэру, пастукалі — ніхто не адзываецца. Зірнула я ў акно і асунулася.

Калі збегліся людзі, вырвалі зашчапку, наш доктар ужо быў халодны... Параліч сэрца. На стале гарэла лямпа, а на падлозе ляжала кніжка...

Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Жанкі галасілі, як па родным сыне, каціліся слёзы па шчоках мужчын і дзяцей. А рыбакі пайшлі да начальства і сказалі, што хочуць пахаваць свайго доктара на самым версе гары, каб адтуль было відно ўсё возера і далёкія лясы.

Дамавіну, укрытую кветкамі, неслі на плячах рыбакі па крутым схіле
ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Джули Старр - Полное руководство по методам, принципам и навыкам персонального коучинга - читать в ЛитвекБестселлер - Роберт Гэлбрейт - На службе зла - читать в ЛитвекБестселлер - Владимир Николаевич Войнович - Малиновый пеликан - читать в ЛитвекБестселлер - Абрахам Вергезе - Рассечение Стоуна - читать в ЛитвекБестселлер - Евгений Германович Водолазкин - Авиатор - читать в ЛитвекБестселлер - Роберт Тору Кийосаки - Богатый папа... Бедный папа... - читать в ЛитвекБестселлер - Стивен Р Кови - 7 навыков высокоэффективных семей - читать в ЛитвекБестселлер - Михай Чиксентмихайи - В поисках потока. Психология включенности в повседневность - читать в Литвек