ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Андрей Валентинович Жвалевский - Время всегда хорошее - читать в ЛитвекБестселлер - Розамунда Пилчер - В канун Рождества - читать в ЛитвекБестселлер - Олег Вениаминович Дорман - Подстрочник: Жизнь Лилианны Лунгиной, рассказанная ею в фильме Олега Дормана - читать в ЛитвекБестселлер - Джон Перкинс - Исповедь экономического убийцы - читать в ЛитвекБестселлер - Людмила Евгеньевна Улицкая - Казус Кукоцкого - читать в ЛитвекБестселлер - Наринэ Юрьевна Абгарян - Манюня - читать в ЛитвекБестселлер - Мария Парр - Вафельное сердце - читать в ЛитвекБестселлер - Юрий Осипович Домбровский - Хранитель древностей - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Кавалёў >> Сказки для детей >> Мэва

Сяргей Кавалёў МЭВА


Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Кавалёў, Мэва. Казкі: Для сярэд. шк. узросту, — Мінск: Юнацтва, 1988. — 76 с..: іл.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org


НЕЗАБУДКА БЕЛАЯ


У гэтым маленькім горадзе не было ні дымных каміноў, ні хуткіх машын. Машыны, праўда, у горадзе вадзіліся, але рухаліся яны нетаропка i паважна.

— Можаце вы ездзіць хоць крышачку хутчэй?! — абураўся горад-малютка.

— А куды спяшацца ў такім невялічкім горадзе? — дзёрзка адказвалі лянівыя машыны.

У гарадка была мара — мець хаця б адзін заводскі комін. Комін павінен дыміць i сцвярджаць годнасць горада. А пакуль што гарадок быў маленькі, чысты i квітнеючы. Людзі бадзёра крочылі па трох яго вуліцах, але таксама ніколі i нікуды не спяшаліся. Жыла сярод ix i адна працавітая бабулька, у якой, вядома ж, былі ўнукі, але жылі яны ў іншым, вялікім i шумным, горадзе, з сотнямі дымных каміноў i хуткіх машын. Таму, калі ўнукі прыязджалі да бабулі, гарадок з прагнасцю слухаў ix размовы (ён так марыў стаць вялікім, сапраўдйым горадам!).

Але ўнукі гасцявалі рэдка, нават вельмі рэдка, i старая бавіла свой час, працуючы ў садзе. Там раслі цюльпаны, астры, ружы, нарцысы, півоні. Асабліва шмат было незабудак. Ды вось аднойчы ўбілася ў сад суседская карова i з'ела ўсе незабудкі. Уцалела толькi адна — белая. Відаць, карова палічыла, што незабудкі бываюць толькі блакітныя, таму не звярнула на яе ўвагі. Бабуля любіла Белую Незабудку, клапатліва даглядала i любавалася ёю кожную раніцу. Суседкам яна тлумачыла, што Белая Незабудка нагадвае ёй далёкае юнацтва.

Незабудка таксама любіла сваю гаспадыню: заўсёды, калі бабуля падыходзіла, хіліла да яе галоўку. Наогул, незабудкі — пяшчотныя, сціплыя кветкі. I Белая Незабудка не была выключэннем — яна ўвабрала ў сябе ўсе лепшыя якасці сваіх родзічаў i ніколі не фанабэрылася перад ішнымі кветкамі.

Раней непадалёк ад яе жыў Пырнік — дасціпны весялун i цікавы апавядальнік. Кветкі хавалі яго ад бабулі, а ён сваімі выдумкамі хоць трохі ажыўляў ix аднастайныя дні. Усё ж старая знайшла яго, вырвала з коранем i выкінула за плот. Цяпер кветкі сумавалі.

Але аднойчы да ix завітаў нечаканы госць.

Да бабулі прыехалі ўнук з унучкай. У першы ж дзень яны выправіліся на прагулку (жыхары вялікіх i дымных гарадоў вельмі любяць загарадныя прагулкі) i вярнуліся з вялізным букетам палявых кветак. Калі ішлі паўз агародчык, з букета ўпаў на зямлю Званочак, а можа, i знарок выскачыў. Дзеці гэтага не заўважылі i пайшлі далей. Званочак паспеў толькі паківаць услед сваім палявым i лугавым сябрам галоўкай — так званочкі развітваюцца.

Бабульчыны кветкі са здзіўленнем пазіралі на прыхадня — ён быў такі маленькі i жвавы!

— Ты адкуль? — пацікавілася Півоня.

— Адтуль, дзе гуляе вецер, дзе шчодра свеціць сонца, дзе грымяць навальніцы,— весела празвінеў Званочак.

— Але ж i ў нас ёсць сонца, ёсць вецер, i ў нас бываюць навальніцы з маланкамі i перуном! — здзівіліся кветкі.

— Не, гэта зусім не тое!— адказаў Званочак і, азірнуўшыся, дадаў: — Высокі плот ахоўвае вас ад ветру, дом затуляе ад граду i навальніцы. Градкі вашы заўсёды паліваюць, таму вы не звяртаеце ніякай увагі на сонца i хмары.

— Няпраўда. Я вельмі люблю сонца. Яно такое ласкавае i прамяністае. Яно... як кветка,— ледзь чутна прашаптала Белая Незабудка.

Але Званочак пачуў яе ціхі голас i адмоўна заківаў галавой:

— Ты жывеш на градцы. Цябе не палохаюць ні дажджы, ні засухі. А мы, палявыя кветкі, можам загінуць ад лішняй вады, калі не будзе свяціць сонца, i без вады — ад яго спякотных промняў.

— A хіба можна жыць без людскога дагляду, без увагі, без плота?! — здзівіліся астатнія кветкі.

— Дурненькія, вядома, можна! Спачатку ж з'явіліся на Зямлі кветкі, а потым ужо людзі з лейкамі i парканамі.

— Там, папэўна, ёсць i сапраўднае каханне,— уздыхнула Разбітае Сэрца.

I тады Званочак пачаў распавядаць пра сваю радзіму: пра братоў-званочкаў, пра вясёлы лёткі вецер, пра жаўрука, пра пчол i прыгожых матылькоў, пра дзікіх аленяў i пра тое, як страшна дрыжыць зямля пад капытамі коней...

A калі ён скончыў свой ановяд, клапатліва дагледжаная, засцеражоная ад усіх нечаканасцей Белая Незабудка сказала:

— Я хачу ўсё гэта пабачыць сама. Людзі кажуць: у нашым садзе прыгожа. Але тое, пра што ты распавядаў, у тысячу разоў прыгажэй. Вецер, сонца, жаўрукі, дзікія алені, засухі i праліўныя дажджы, бясконцая песня званочкаў... Не, цяжка паверыць, што такое існуе нa свеце. A калі ўсё ж існуе, я абавязкова павінна ўбачыць гэта сама.

— Ты наўрад ці выжывеш там,— асцярожна запярэчыў Званочак.

Але ні ён, ні іншыя кветкі пе здолелі адгаварыць Белую Незабудку. Раніцай яны ca Званочкам вырашылі пусціцца ў падарожжа.


* * *

Кветкі прачынаюцца ў розны час — адны раней, другія пазней. Але той раніцай прачнуліся ўсе разам. Званочак i Незабудка прамыліся расой i сабраліся ў дарогу. Кветкі сказалі ім на развітанне шмат сардэчных i шчымлівых слоў (яны ж так любілі сваю Белую Незабудку!). Ей таксама было сумна развітвацца з сябрамі. I яшчэ з бабуляй. Але наперадзе чакала невядомая, чароўная краіна, i гэта ўсяляла бадзёрасць i надавала сілы.

Горад яшчэ спаў (яму снілася адразу сем вялізных заводскіх каміноў, i таму ён нічога не заўважаў), калі веснічкі адчыніліся i пажадалі сябрам шчаслівай дарогі. I толькі стары плот панура маўчаў. Яно i зразумела, бо кожныя дзверы заўсёды адкрываюць штосьці новае, а кожны плот штосьці хавае.

Сябры рушылі ў дарогу.

Была сонечная раніца, крыху халаднаватая, з бязлюднымі вулкамі. Лёгкі ветрык павяваў насустрач сябрам i даносіў пахі той незвычайна-прыгожай краіны, куды яны ішлі. Здавалася, увесь свет яшчэ спаў разам з горадам, i толькі па вузенькай шашы, пасярод гэтай соннай неабсяжнасці ішлі дзве бясконца маленькія істоты з бясконца вялікай марай...

З-за павароту ляніва выкацілася шэрая машына, у якой сядзеў заспаны шафёр. Машына фыркала — яна была незадаволена тым, што яе так рана пабудзілі i прымусілі працаваць.

Машына не заўважыла Незабудку i Званочка (а можа, i заўважыла, хто ведае?), а сябры ўбачылі жалезнае страшыдла вельмі позна: яно ўжо насоўвалася прама на ix. Званочак закрыў сабой Белую Незабудку (о наіўнае, бездапаможнае, вялікае высакародства!), i тут жа яны абое былі расціснуты бяздушным колам з сінтэтычным пакрыццём.

— Бывай, сонца!.. Бывай, Званочак! — паспела толькі прашаптаць Белая Незабудка i ператварылася ў бясформеннае месіва пялёсткаў. Званочак памёр моўчкі, без адзінага звону.

Калі гарадок прачнуўся i ўбачыў расцёртыя коламі кветкі, ён не мог утрымацца ад абурэння:

— Ай-яй-яй! Мая адзіная шаша засмечана!

I тут жа