Литвек - электронная библиотека >> Леапольд Стаф >> Лирика >> Высокія дрэвы

ВЫСОКІЯ ДРЭВЫ Леапольд Стаф

Высокія дрэвы. Иллюстрация № 1
Стаф Л.

Высокія дрэвы: Вершы/Пер. з польск. А. Мінкіна; Прадм. У. Калесніка.— Мн.: Маст. літ., 1994.— 127 с.— (Паэзія народаў свету).


Рэдактар В. С. Сёмуха.

Мастак А. I. Карповіч.

Мастацкі рэдактар А. I. Цароў.

Тэхнічны рэдактар Л. М. Шлапо.

Карэктар Л. А. Дзядзюля.


Перакладзена з выданняў: Staff L. Wiersze zebrane. Т. 1—5. Warszawa: PIW, 1955.

Пераклад з польскай Алега Мінкіна.

Прадмова Уладзіміра Калесніка.


Рэдкалегія: Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Васіль Сёмуха, Янка Сіпакоў, Максім Танк.


ЗЯМНОЕ I ЗАНЯБЕСНАЕ


Творчасць Леапольда Стафа пачыналася ў трывожным чаканні рэвалюцыі 1905 года ў Расіі. Да гэтай дзяржавы належала большая частка польскіх земляў, таму, хоць сам паэт нарадзіўся і вучыўся ў Львове, на тэрыторыі Галіцыі, што ўваходзіла ў Аўстра-Венгрыю, аднак успрымаў з сябрамі-студэнтамі рэвалюцыю на Усходзе як гістарычны шанц адраджэння падзеленай і паняволенай суседнімі імперыямі Польшчы. Літаратурная моладзь Кракаўскай ды Познанскай зямель гуртавалася тады ў патрыятычным руху Młodej Polski, які меў сваё нацыянальнае ўспрыманне ідэй рэвалюцыйнай дэмакратыі і сацыялізму. Не беручы глыбока да сэрца запаведзяў сацыяльнай роўнасці, справядлівасці, удзельнікі гэтага руху ап’яняліся ніцшэанскім поклічам да неўтаймаванага бунту супраць мяшчанства, культу пакорлівай і прытворнай маралі. Іх ідэалам быў моцны чалавек, гатовы пераступіць цераз мяжу дабра і зла дзеля поўнай свабоды асобы і радзімы. Паражэнне рэвалюцыі адгукнулася крызісам бунтарства ў асяроддзі патрыятычнай моладзі, бунт уступаў месца пагадненню з рэчаіснасцю або ўпадніцтву, дэкадэнцкім настроям фаталізму.

Асабістая і грамадзянская біяграфія Стафа не была жыццём без здарэнняў, як гэта ён гаварыў у адным з вершаў. Пасля сканчэння універсітэта юнак едзе ў Кракаў, знаёміцца са здабыткамі тагачаснай польскай паэзіі і мастацтва, друкуе першы верш у часопісе «Маладосць». Потым прыходзіць першы зборнік «Сны аб магутнасці», паездка на два гады ў Парыж, дзе ён ужываўся ў творчае асяроддзе духоўнай сталіцы Еўропы, асэнсоўваў пошукі і плён парыжскай творчай эліты, ужываўся ў паэзію Верлена, Бадлера, часта ездзіў у Італію грэць душу ля шэдэўраў антычнасці, вучыўся даражыць духам продкаў і адраджаць забытае. Л. Стаф увайшоў у паэзію як той, хто ўмеў бачыць падабенства эстэтычных асноў класікі і мадэрну.

З 1912 года стала жыў у маёнтку Брухавіцы пад Львовам, дзе мог не толькі любавацца вясковай ідыліяй, але бачыў брыдоту нэндзы і галечы. Сярод утульнасці і дастатку самога яго хапіў трагічны кон: памёр раптоўна любімы брат, здольны паэт, які не паспеў здзейсніцца, застаўся толькі статыстам на паэтычнай сцэне маладой паэзіі.

У часы першай сусветнай вайны Брухавіцы апынуліся ў зоне баявых дзеянняў, згарэлі, з дымам пайшлі паэтава бібліятэка і многа рукапісаў. Сам ён быў захоплены рускімі войскамі і ў ролі цывільнага палоннага апынуўся ў Харкаве. Вярнуўшыся ў Польшчу пасля вайны, пасяліўся ў Варшаве, пры гітлераўскай акупацыі працаваў у падпольнай сістэме асветы, у полымі паўстання страціў жыллё і ўвесь набытак з бібліятэкай уключна. Пасля вайны жыў тры гады ў Кракаве, потым вярнуўся ў Варшаву. Памёр 31 мая 1957 года. Слава яго, як сказаў паэт Мячыслаў Яструн, была насуперак уласнай прыроды — ціхай. Постаць Л. Стафа не засціла свету маладым, уплыў масцітага паэта на калегаў па пяры польскія крытыкі называюць празрыста-эфірным. Нават тыя з паэтаў, што адштурхоўваліся ад яго, спрачаліся, адчувалі на сабе зычлівы, паблажліва-сяброўскі позірк. Леапольд Стаф застаўся ў польскай паэзіі ўвасабленнем алімпійскай зраўнаважанасці, шукальнікам і выразнікам ідэі элінскай гармоніі, хоць часта быў у разладзе са светам і з сабою. Ён умеў і пад грукат грому, пошум навальніц захаваць спакой і раўнавагу духу: «Трымаюся левай рукой за зямлю, / Трымаюся праваю рукой за неба».

Паэзія Стафа ўвасабляла пералом часу і густаў, калі выдыхалася буяная, патрыятычная, крыху манерная, але з мужыцкім вострым пахам паэзія Młodej Polski, а мадэрнізм, што ішоў ёй на змену, яшчэ не прыжыўся на польскай глебе, там цанілася і прымалася перадусім патрыятычнае, а потым паэтычнае. Як гаварыў славуты піяніст Ігнацы Падарэўскі: «Спачатку Польшча, а потым музыка». Такім чынам талент Стафа быў асуджаны на шуканне новага, невядомага, на арыгінальнасць або мадзенне. Новы паэт здзівіў сучаснікаў майстэрствам сінтэзу, уменнем станавіцца і заставацца сабою, апіраючыся не толькі аб паэтычныя аўтарытэты, але і аб постаці філосафаў, мысліцеляў, вучоных, стваральнікаў новых канцэпцый сусвету і прадказальнікаў апакаліпсіса ды мажлівых перасяленняў зямное цывілізацыі ў іншыя галактыкі.

Маладому Леапольду Стафу характэрна значная ступень незалежнасці ад пануючых у элітарных асяродках міфаў, настрояў і моды.

Першы яго зборнік «Сны аб магутнасці», выдадзены ў 1902 годзе, нават у загалоўку нясе ўнутраную дыстанцыю ад моднага ніцшэанскага ўхвалення сілы, паэт пераносіць саму ідэю звышчалавека ў сферу сну, свабоднай гульні фантазіі.

Першыя канфлікты маладога паэта са знакамітымі польскімі крытыкамі Бжазоўскім і К. Іжыкоўскім аказаліся на паверку сітуацыямі непаразумення. Пошукі сябе ў лабірынтах ніцшэанства і мадэрнізму ўспрымаліся крытыкамі як перайманне, перапевы, стылізацыя, манернасць, адным словам, дабравольны палон, мёртвая зона душы. На справе ж Леапольд Стаф быў прыроджаным антыподам Ніцшэ, яго «Сны аб магутнасці» — гэта не касмічныя катастрофы са звальваннем багоў, нішчэннем слабых і шэрых дзеля прыходу звышчалавека. Магутнасцю паэт лічыў не заалагічную сілу інстынкту, а творчую фантазію, не жорсткую волю і разбурэнне, а само імкненне да ідэалу. Чын і мэта — спаўненні, яны за межамі мар, надзей, імкненняў, фактычна азначаюць канец жаданняў, а значыць, і сон ці смерць творчага духу.

Калі гаварыць ніцшэанскімі катэгорыямі, Леапольду Стафу імпануе не дыянізійскі багаборчы, а апалонаўскі вобразна-летуценны і творчы пачатак духу. Два першыя яго зборнікі «Сны аб магутнасці» і «Дзень душы» іскрацца юначым максімалізмам, жаданнем пражыць жыццё «буйное і святое». Найбольш тыповыя медытацыйныя вершы паэта шчыра, часта дзёрзка сумяшчаюць несумяшчальнае — ніцшэанскія пастулаты бязлітаснага багаборства з традыцыйным для польскай класікі хрысціянскім духам чалавекалюбнасці, пакоры і скрухі. Самабытнымі аказаліся вершы пра дзень будзённы, працавіты і рупны, гаспадарскі дзень з сярпом, касою, цэпам, плугам. Ад іх вее шчырай