ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Борис Александрович Алмазов - Атаман Ермак со товарищи - читать в ЛитвекБестселлер - Мичио Каку - Физика невозможного - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс С. А. Кори - Пробуждение Левиафана - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Леапольд Стаф >> Лирика >> Высокія дрэвы >> страница 3
вулічны валацуга, згвалтаваная і зацяжараная вар’ятка, не гаворачы пра прадстаўнікоў такой пачэснай прафесіі, як пастух.

У сталым узросце шчасце ўспрымаецца як прывілея маладосці і ўвогуле штосьці мімалётнае:

Шчасце, як дым, гіне, мінае,
Знікаюць мглістыя мроі.
Сапраўднасцю ж — толькі тое,
Што пасля ўсяго застаецца.
Сон, мроя, фантазія — гэта асноўны прыём паэтызацыі рэчаіснасці, яе эстэтычнага і этычнага асваення, уладкавання, гарманізацыі. Паэт не адвольна надзяляе быццё таямнічасцю, цудоўнасцю, містычнаю сілай, а вядзе да прынцыповай персаніфікацыі, з якой мы звычайна сустракаемся ў фальклоры, дзе адчуваць і думаць умеюць пясчынкі, а героі пераходзяць з явы ў казку, са смерці ў бяссмерце — у трэцяе райскае бытаванне без візаў і таможнага дагляду.

Прачытваючы сёння паэзію Л. Стафа, як ніколі раней адчуваеш дзіўную слодыч гармоніі, якою праменіць душа паэта. Гэта не алімпійскі спакой, а інтуітыўная надзея на лепшае, хоць жыццё здаецца кодлам мярзоты, цынізму і зла. Калі спрабуеш вытлумачыць гэтую блаславёную мудрую сцішанасць духу, дык заўважаецца натуральная дыстанцыя паэзіі ад палітыкі. Пачынаеш задумвацца, а ці сапраўды не найлепшы рэцэпт на сённяшнія дыскамфорты — узнясенне асобы чалавека над ідэалагічнымі шумамі. Але тут жа напрошваюцца контраргументы: Леапольд Стаф быў польскім патрыётам, тварыў у часы адчайнай барацьбы свайго народа за свабоду і незалежнасць і гэтыя грамадзянскія праблемы не абмінаў у творах, толькі падаваў іх пераасэнсаванымі ў кантэксце высокай духоўнасці, гуманізму, спажыткоўваў здабыткі неарамантызму і мадэрнізму, тых плыняў, на якіх ішла польская паэзія XX стагоддзя. Ён быў бліжэй да Скамандра, чым да Авангарда.

Скамандар, як сведчыць сама назва — рэчка, апетая паэтамі Элады — стаяў на антычных, парнаскіх прынцыпах эстэтыкі і ўзносіў паэзію над штодзённасцю, асновай красы лічыў гармонію. У гэтым сэнс супрацьстаяння скамандрытаў леварэвалюцыйным мадэрнісцкім плыням, якія называлі сябе авангардам, дзёрзка ўводзілі ў паэзію з’явы, пазначаныя эстэтычным адмоўем. Рабочы і селянін былі суб’ектамі традыцыйна антыэстэтычнымі, зніжанымі, а мадэрністы наперакор традыцыі эстэтызавалі іх. Сялянскі побыт і крывавы бунт у «Слове пра Якуба Шэлю» Бруна Ясенскага, перакладзенага У. Жылкам на беларускую мову, пераканальнае таму сведчанне. Знамянальна, што эстэтызм і сімпатыі да Скамандра не стрымалі Л. Стафа перад увядзеннем у паэзію малюнкаў «жыцця без здарэнняў», нават жыцця, скарэжанага працай, сацыяльным беспрасвеццем, звырадненнем. Паказальным у гэтым плане з’яўляюцца вершы «Гной», дзе паэт вядзе палеміку з мяшчанска-пагардлівым ці канфузлівым стаўленнем да галечы, жабрацтва і сялянскай працы як рэчаў паніжаючых, агідных. Гной у Стафа мае пах цяжкі, але ж з’яўляецца канцэнтратам энергіі біялагічнага жыцця. Нешта падобнае можна сустрэць у Ясеніна: «А этот хлеб, што жрете вы, ведь мы его тово... с навозом». Хворая душою і дужая целам «Крыста з-пад плота» нагадвае чымсьці нязграбную, непрыгожую Марту, дачку ўваскрэшанага Лазара, у аднайменным вершы У. Жылкі, вабіць могуць і чыста «зямныя сілы»:

Прайшлі вякі... Яна ж адвечна
Ўсё тою ж буднасцю цвіце,
I я на думцы недарэчнай
Лаўлю сябе, як ты, Хрысце.
Канвою, на якой паэт любіць выяўляць свае філасофскія і маральна-этычныя ідэі, часта выступаюць евангельскія, біблейскія і антычныя грэчаскія міфы. Нярэдка да гэтага агульначалавечага матэрыялу падключаецца польскі нацыянальны фальклор, апрацаваны і ўзняты да ўзроўню патрыятычнай легенды рамантыкамі і паэтамі Młodej Polski, а пазней выкарыстаныя сімвалістамі і нават футурыстамі.

Цяжка бывае адрозніць у маналогах Л. Стафа разгубленасць і скруху ад бравады: «Валацуга, кароль гасцінцаў, вечны піяк сонечнага святла ... лячу навыперадкі з далечынёй і са зманлівасцю ў спаборніцтве, няверны ўсім праўдам і сам з сабой пасвараны». Можна сказаць, што да філасофскіх тэорый і нават да маральных запаветаў Стаф адносіцца з паэтычнай гарэзлівасцю, дазваляе музе не толькі падміргваць, прыжмурваць вока і цвяліцца з упэўненасці розуму, які не бачыць, што ў свеце процьма неспазнанага, недасяжнага, а «prawda jest w sobie dziwnie zagrobowa».

Уражвае ў паэзіі Стафа адкрыты буяны рэлятывізм, задзірыстыя спрэчкі пачуццяў з розумам, які прымае воблік то недавярка і вечнага спрэчніка-д’ябла, то скрушлівага дзівака-валацугі і ў такой якасці паднімаецца над пасваранымі эмоцыямі, выказваецца аб свеце і людзях у форме народных прымавак ці трапных выслоўяў, якія не прэтэндуюць на ролю ісцін абсалютных, хочуць быць праўдамі рабочымі, прыдатнымі для надзённых зносін і жыццёвай арыентацыі ў свеце. А свет застаецца надалей загадкай, плынь жыцця і зменнасць чалавечых лёсаў поўняцца супярэчнасцямі, выбухаюць абсурдамі.

На беларускі густ падабраў Алег Мінкін для перакладу багата пейзажных вершаў Л. Стафа, напісаных у ключы фальклорна-міфалагічнай персаніфікацыі раслін, жывёл і проста прадметаў: «Непраўдападобнае мора», «У старым садзе», «Восеньскі захад», «Сутонак замест дум прыйдзе», «Зімовая ноч» — матыў шматфарбны:

Нібы маленства рассейвае цуды.
Няма ні загадак, ні ілюзій марных.
I праўда ўсё. Усё ва ўсім паўсюднае.
Тут знікае мяжа паміж явай і казкай,
А каб людзі былі, не паверылі б пэўна:
Хвалі цягнуць далоні, гатовыя пляснуць...
Невідушчы Гамер крочыць з лютняю спеўнай.
Як бачна з прыведзеных строфаў, перакладчык зацікаўлены перадусім у пераводзе польскага паэтычнага тэксту ў беларускую паэтычна-вобразную канвенцыю, а яна ў нас перадусім фальклорна-напеўная. У гэтай сітуацыі браць курс на максімальнае тэкставае набліжэнне перакладу да арыгінала значыць знізіць чытэльнасць. Не шмат яшчэ ў нас чытачоў, добра знаёмых з усім багаццем польскай канвенцыі аб паэтычных зносінах, якою віртуозна карыстаецца Л. Стаф.

Нават і пейзаж у Стафа не традыцыйна ажыўлены прысутнасцю чалавека, ён напоўнены драмай пазнання, што складае аснову філасофіі агульналюдскай мудрасці быцця. Паэт адказвае ўвесь час на пытанне: як захаваць пагоду духу, любоў да жыцця, калі яно такое скалочанае, шмат у чым неразумнае, абсурднае, а ўсё ж любае і дарагое. На жыццёвым фінішы Л. Стаф — мяркуюць біёграфы — паўтарыў загадкавы крок Талстога: спаліў усе прыватныя паперы і паехаў да вясковага, мала каму вядомага ксяндза, які ў часе Варшаўскага паўстання даў яму прытулак на плябаніі. Называюць гэта ўцёкамі ў смерць,