Литвек - электронная библиотека >> Уильям Сомерсет Моэм >> Рассказ >> Апавяданні >> страница 2
пагоршылася. Але яна мужна пераносіла выпрабаванні. Шмат чытала, гуляла, колькі дазвалялі, і з ласкі турэмнага начальства нават пляла карункі, гэта была яе любімая работа, за якой яна магла сядзець гадзінамі. Яна заўсёды выходзіла да містэра Джойса акуратна адзетая, у простых летніх сукенках, старанна прычасаная, з манікюрам. Была яна вельмі стрыманая, нават жартавала з дробных турэмных невыгод. Расказвала пра здарэнне быццам крыху абыякава, і містэр Джойс думаў, што толькі такія выдатна выхаваныя людзі, як місіс Кросбі, могуць знаходзіць смешныя моманты ў абставінах вельмі сур'ёзных. Гэта было дзіўна, таму што ніколі раней ён не лічыў яе чалавекам з гумарам.

Пазнаёміліся яны даўно. Калі місіс Кросбі прыязджала ў Сінгапур, яна звычайна абедала ў Джойсаў і адзін ці два разы ў суботу і нядзелю адпачывала ў Джойсавым бунгала на ўзмор'і. Жонка містэра Джойса тыдні са два гасцявала ў Кросбі на плантацыі, менавіта там яна сустракала разоў колькі Джэфры Хэманда. Хоць абедзве пары і не былі сардэчнымі сябрамі, але адносіны паміж імі склаліся шчырыя. Таму, зразумела, калі ўсё здарылася, Роберт Кросбі адразу кінуўся ў Сінгапур да містэра Джойса, каб той узяўся абараніць яго жонку на судзе.

Тое, што расказала місіс Кросбі першы раз, потым ужо ніколі не мянялася нават у дробязях. Тады, праз гадзін колькі пасля трагедыі, яна гаварыла спакойна, як і цяпер. Расказвала паслядоўна, мерным, бясстрасным голасам, і адзіная адзнака збянтэжанасці - лёгкая чырвань на шчоках - з'яўлялася, калі яна апісвала некаторыя эпізоды. Цяжка паверыць, што менавіта з ёю магла здарыцца гэтая гісторыя. Леслі была кволая жанчына, крыху больш за трыццаць, невысокая, але і не маленькая, і хутчэй мілавідная, чым прыгожая. У яе былі зграбныя рукі і ногі, надзвычай худыя, праз белую скуру на руках свіціліся блакітныя вены. Твар вельмі бледны з прыкметнай жаўцізной, губы няяркія, вочы няпэўнага колеру. Валасы крыху кучаравыя, светла-каштанавыя. Варта іх крыху падвіць, і яны будуць прыгажосці чароўнай, але і ўявіць цяжка, што місіс Кросбі здольная на такія хітрыкі. Спакойная, прывабная, сціплая жанчына з прыемнымі манерамі, яна не стала душой кампаніі толькі з-за сваёй прыроднай сарамлівасці. Але гэта зразумела - плантатары жывуць звычайна адасоблена; затое ў сябе дома, сярод знаёмых і сяброў, яна ўмела зачароўваць. Місіс Джойс неяк гасцявала на плантацыі ў Кросбі два тыдні і потым расказвала мужу, якая выдатная гаспадыня Леслі. Калі пазнаёмішся з ёю бліжэй, бачыш, якая яна адукаваная і як цікава з ёю пагаварыць.

Неверагодна, каб такая жанчына магла забіць. На развітанне містэр Джойс як мог супакоіў Роберта Кросбі, а калі той пайшоў, узяў з паліцы справу яго жонкі. Ён гартаў старонкі машынальна, - і так усё выдатна помніў. Гэта была сенсацыя, гаварылі пра здарэнне ва ўсіх клубах, на ўсіх званых абедах, на ўсім паўвостраве ад Сінгапура да Пенанга. З слоў місіс Кросбі, усё адбылося вельмі проста. Муж яе паехаў па справах у Сінгапур, і ёй давялося застацца дома адной. Даволі позна, а дзевятай гадзіне вечара, яна павячэрала і села ў гасцёўні плесці карункі. Вокны гасцёўні выходзілі на веранду. У бунгала нікога не было - слугі пайшлі да сябе. Раптам яна пачула крокі па жвіровай сцежцы ў садзе, крокі чалавека ў абутку, - гэта значыць эўрапеец, а не тутэйшы, аднак дзіўна, што яна не пачула, як пад'ехала машына, і не магла розумам дайсці, хто гэта так позна. Чалавек падняўся па прыступках, што вялі ў бунгала, прайшоў праз веранду і ўрэшце з'явіўся ў дзвярах. У першую хвіліну яна яго не пазнала. У пакоі гарэла толькі настольная лямпа з абажурам. На дварэ ўжо сцямнела.

- Можна ўвайсці?

Яна не пазнала нават яго голасу.

- Хто гэта? - спыталася яна.

Яна працавала ў акулярах, цяпер зняла іх.

- Джэф Хэманд.

- Заходзьце, рада вас бачыць.

Яна паднялася і паціснула яму руку. Дзіўна, што ён зайшоў. Хоць яны і былі суседзі, наведвалі адно аднаго вельмі рэдка, а апошнім часам і зусім не бачыліся. Ён працаваў упраўляючым на каўчукавай плантацыі, міль з восем ад дому, і яна не магла зразумець, што прымусіла яго наведацца ў такі позні час.

- Роберта няма дома, - сказала яна. - Ён у Сінгапуры, будзе заўтра.

Ён, відаць, зразумеў, што трэба неяк растлумачыць свой візіт, таму сказаў:

- Шкада. Мне штосьці маркотна стала, вось і надумаў паглядзець, як вы тут.

- На чым вы прыехалі? Я не чула машыны.

- Я пакінуў яе на дарозе. Думаў, мо вы ўжо спіце.

Яно і зразумела. Плантатары паднімаюцца на досвітку, таму і рана кладуцца спаць. Раніцай машыну Хэманда сапраўды знайшлі недалёка ад бунгала.

Паколькі Роберта дома не было, віскі і содавую занеслі на кухню. Леслі падумала, што бой ужо, відаць, спіць, сама схадзіла па пітво. Джэф наліў сабе келіх і напхаў люльку.

У Джэфа Хэманда ў калоніі было шмат сяброў. Прыехаў ён сюды юнаком, цяпер жа амаль сорак. Калі пачалася вайна, ён адным з першых пайшоў на фронт і там хутка праславіўся. Гады праз два з-за ранення ў калена яго звольнілі з войска, і ён вярнуўся ў Малаю з ваенным крыжам і з ордэнам «За храбрасць». Яго ведалі ў калоніі як аднаго з найлепшых більярдных гульцоў. Да вайны ён выдатна танцаваў і гуляў у тэніс, цяпер жа з-за калецтва ён кінуў танцы, дый у тэніс гуляў горш, але ён вельмі ўсім падабаўся, усе яго любілі. Гэта быў прыгожы мужчына, высокі, з дзівоснымі вачыма і чорнай кучаравай шавялюрай. У яго быў адзін толькі недахоп - ён вельмі любіў жанчын, - пра што пасля здарэння ўсе толькі і гаварылі.

Ён пачаў пераказваць Леслі мясцовыя навіны: пра скачкі ў Сінгапуры, пра цэны на каўчук, пра сваё паляванне - нядаўна ў акрузе паявіўся тыгр. Яна хацела хутчэй скончыць карункі - трэба было паспець выслаць іх маці ў Англію да дня нараджэння, - таму зноў надзела акуляры і ўзялася за работу.

- Навошта вам такія вялізныя акуляры? - раптам спытаўся ён. - Прывабная кабета, а стараецца немаведама чаму сапсаваць сваю прыгажосць!

Яна шчыра здзівілася. Раней ён ніколі не дазваляў сабе такіх вольнасцяў. Яна вырашыла звесці ўсё на жарт.

- Я не рвуся ў прыгажуні, і, шчыра кажучы, мяне не хвалюе, лічыце вы мяне непрыгожай ці не.

- Ну якая ж вы непрыгожая. Вы, па-мойму, проста цуд.

- Дзякую вам, - засмяялася яна, - але ў такім разе, па-мойму, вы з глузду з'ехалі.

Ён усміхнуўся. Потым падняўся і перасеў у крэсла побач з ёю.

- Спадзяюся, вы не станеце пярэчыць, што няма на ўсім свеце рук прыгажэйшых за вашы, - сказаў ён.

Ён пацягнуўся да яе. Яна злёгку ўдарыла яго па руцэ.

- Кіньце, прашу вас. Сядайце на сваё месца і супакойцеся, а то я адпраўлю вас дадому.

Ён не варухнуўся.

- Вы ж ведаеце, я без памяці кахаю вас, - сказаў ён.

Яна заставалася спакойнай.

- Не, не ведаю і не веру вам. Але калі