Литвек - электронная библиотека >> Герберт Уэлс и др. >> Роман и др. >> Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка. Пярсцёнак Лёвеншольдаў >> страница 3
гэты метэарыт, самы незвычайны з усіх, што калі-небудзь падалі на Зямлю з сусветнай прасторы, павінен быў упасці, калі я сядзеў за сталом, і я мог бы яго ўбачыць, калі б паглядзеў у неба. Некаторыя з тых, хто бачыў яго палёт, кажуць, што ён ляцеў са свістам, але сам я гэтага не чуў. Многія жыхары Беркшыра, Сэрэя і Мідлсэкса бачылі яго падзенне і амаль не думалі, што ўпаў новы метэарыт. Гэтай ноччу, мабыць, ніхто не пацікавіўся масай, якая ўпала.

Бедалага Оджылві, які назіраў за метэарытамі, быў перакананы, што ён упаў дзе-небудзь на пустцы паміж Хорсэлам, Отэршоў і Ўокінгам, прачнуўся рана і адправіўся на пошукі. Ужо развіднела, калі ён знайшоў метэарыт непадалёк ад пясчанага кар'ера. Ён убачыў гіганцкую яму ад падзення метэарыта, кучы пяску і жвіру, што грувасціліся сярод верасу і былі відаць за паўтары мілі. Верас загарэўся і тлеў; празрасты блакітны дымок клубіўся на фоне ранішняга неба.

Нябеснае цела рухнула ў пясок, сярод раскіданых трэсак раструшчанай ім пры падзенні хвоі. Вонкавая частка была падобна на агромністы абгарэлы цыліндр; яго абрысы былі нябачныя з-за тоўстага слою цёмнага нагару. Цыліндр быў каля трыццаці ярдаў у дыяметры. Оджылві наблізіўся да гэтай касы, здзіўлены яе аб'ёмам і асабліва формай, бо звычайна метэарыты бываюць больш або менш шарападобныя. Але цыліндр быў так моцна распалены ад палёту ў паветры, што да яго нельга было блізка падысці. Лёгкі шум унутры цыліндра Оджылві ўспрымаў як вынік нераўнамернага ахалоджвання яго паверхні. Тады ён не мог і падумаць, што цыліндр можа быць пусты.

Оджылві стаяў на ўскрайку ямы, здзіўлены незвычайнай формай і колерам цыліндра, спакваля здагадваючыся аб яго прызначэнні. Раніца была нязвыкла ціхая; сонца, якое толькі што асвяціла сасновы лес каля Ўэйбрыджа, ужо прыгравала. Оджылві гаварыў, што ён не чуў птушынага спеву той раніцай, не было ніякага ветрыку і толькі з пакрытага нагарам цыліндра даносіліся якіясьці гукі. Пустка была бязлюдная.

Раптам ён са здзіўленнем заўважыў, што слой нагару на цыліндры пачаў адвальвацца з верхняга яго краю. Кусочкі шлаку падалі на пясок, нібы камякі снегу ці кроплі дажджу. Нечакана адваліўся і з шумам упаў вялікі кусок; Оджылві непрытворна спалохаўся.

Нічога не падазраваючы, ён спусціўся ў яму і, нягледзячы на моцную гарачыню, наблізіўся ўшчыльную да цыліндра, каб лепш разгледзець яго. Астраном усё яшчэ думаў, што незвычайнае відовішча выклікана ахаладжэннем цела, але гэтаму пярэчыў той факт, што нагар падаў толькі з краю цыліндра.

І вось Оджылві заўважыў, што круглы верх цыліндра паволі круціцца. Гэтае ледзь прыкметнае вярчэнне ён заўважыў таму, што чорная пляма, якая пяць хвілін назад была насупраць яго, знаходзілася цяпер у другім пункце акружнасці. І ўсё ж ён не да канца разумеў, што гэта значыць, пакуль не пачуў глухі скрыгатлівы гук і не ўбачыў, што чорная пляма выдавалася наперад амаль на дзюйм. Урэшце ён здагадаўся ў чым справа. Цыліндр быў штучны, пусты, са здымной накрыўкай. Унутры цыліндра хтосьці адкручваў яе.

— Божа мой! — усклікнуў Оджылві. — Там унутры чалавек. Гэтыя людзі ледзь не згарэлі. Яны спрабуюць выбрацца!

Ён імгненна звязаў з'яўленне цыліндра з выбухам на Марсе.

Думка пра істоту ў цыліндры так моцна скаланула, што ён забыўся пра гарачыню і падышоў да цыліндра яшчэ бліжэй, каб памагчы адкруціць накрыўку. На шчасце, нясцерпная гарачыня своечасова стрымала яго, і ён не апёкся. З хвіліну пастаяў у нерашучасці, пасля вылез з ямы і з усіх ног пусціўся ў бок Уокінга. Было ўжо а шостай гадзіне. Вучоны сустрэў фурмана і хацеў яму растлумачыць тое, што здарылася, але словы не вязаліся паміж сабою, да таго ж ён меў такі дзікі выгляд — у яме згубіў капялюш, — што той як ні ў чым не бывала праехаў міма. Гэтак жа няўдачліва ён звярнуўся да карчмара, які толькі што адчыніў дзверы карчмы каля Хорселскага маста. Той падумаў, што гэта вар'ят-самавольнік і паспрабаваў быў зацягнуць яго ў распівачную. Гэта крыху працверазіла Оджылві, і, убачыўшы Гендэрсана, лонданскага журналіста, які капаўся ў сваім садку, ён аклікнуў яго цераз плот, стараючыся гаварыць як мага выразна.

— Гендэрсан, — пачаў Оджылві, — мінулай ноччу вы бачылі падаючую зорку?

— Ну? Яна на Хорселскай пустцы.

— Божа мой! — усклікнуў Гендэрсан. — Метэарыт! Гэта цікава.

— Але гэта не просты метэарыт. Гэта цыліндр, штучны цыліндр. І ў ім штосьці ёсць.

Гендэрсан разагнуў плечы, не выпускаючы з рук рыдлёўкі.

— Што-што? — перапытаў ён, будучы глухаваты на адно вуха.

Оджылві расказаў усё, што бачыў. Гендэрсан нейкую хвіліну думаў, разважаў. Потым кінуў рыдлёўку, схапіў пінжак і выйшаў на дарогу. Абодва спехам накіраваліся да метэарыта. Цыліндр ляжаў гэтак сама, як і раней. Гукаў знутры чуваць не было, а між накрыўкай і корпусам яго блішчала тонкая металічная нарэзка. Паветра то вырывалася, то з рэзкім свістам уцягвалася ў сярэдзіну.

Яны пачалі прыслухоўвацца, пастукалі палкай па слоі нагару і, не атрымаўшы адказу, вырашылі, што чалавек ці людзі, якія знаходзяцца ўнутры, або страцілі прытомнасць, або памерлі.

Зразумела, удвух яны нічога не маглі зрабіць. Выкрыкнуўшы некалькі падбадзёрлівых слоў і паабяцаўшы вярнуцца, яны паспяшаліся ў горад па дапамогу. Усхваляваныя і збянтэжаныя, запэцканыя пяском, яны беглі ў яркім сонечным святле па вузкай вуліцы ў той ранні час, калі лавачнікі здымаюць аканіцы вітрынаў, а абывацелі расчыняюць вокны сваіх спальняў. Гендэрсан перш за ўсё адправіўся на чыгуначную станцыю, каб па тэлеграфе перадаць навіну ў Лондан. Газеты ўжо падрыхтавалі чытачоў да таго, каб пачуць гэту сенсацыйную навіну.

А восьмай гадзіне натоўп хлопчыкаў і разявакаў рушыў на пустку, каб паглядзець на «мерцвякоў з Марса». Такой была першая версія гэтай падзеі. Я ўпершыню пачуў пра гэта ад свайго газетчыка каля чвэрці дзевятай, выйшаўшы купіць нумар «Дэйлі кронікл». Вядома, я быў крайне здзіўлены і неадкладна пайшоў цераз Отэршоў-брыдж да пясчанага кар'ера.

ІІІ. На Хорселскай пустцы

Каля вялізнай ямы, дзе ляжаў цыліндр, я заспеў чалавек з дваццаць. Я ўжо гаварыў, які выгляд меў гэты каласальны, зарыты ў зямлю снарад. Дзёран і жвір вакол яго абгарэлі, як ад нечаканага выбуху. Відаць, полымя ўспыхнула ад удару цыліндра. Гендэрсана і Оджылві там не было. Магчыма, яны вырашылі, што пакуль нічога рабіць нельга, і пайшлі снедаць да Гендэрсана.

На краі ямы, стрыгучы нагамі, сядзелі чацвёра ці пяцёра хлапчукоў, яны балаваліся (пакуль я іх не спыніў), кідаючы каменьчыкамі ў жудасную махіну. Затым, паслухаўшы мяне, яны пачалі гуляць у квача, бегаючы вакол дарослых.

Сярод прысутных былі два