Литвек - электронная библиотека >> Алесь Бадак >> Современная проза >> Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца >> страница 8
брыдкія), проста перастаеш бачыць у гэтым дзеянні ўсялякі сэнс.

З пазіцый сённяшняга дня тое, што здарылася сакавіцкім вечарам 1985 года, было бессэнсоўным, але хіба яно здарылася б, калі б дваццаць гадоў таму так лічыў васьмікласнік Сяргей Васілевіч? Я разумею, што гэта не служыць яму апраўданнем, але паколькі цяпер у адносінах да яго я з’яўляюся адначасова і суддзёй, і адвакатам, мне гэтак жа цяжка абвінавачваць яго, як і апраўдваць. А калі і абвінавачваць, то разам з ім і яго сябрамі-аднакласнікамі — Валікам Пранчуком і Віцьком Жытко, якія ў той злашчасны вечар былі побач, — на лаву падсудных павінна было б сесці вельмі шмат людзей, як жывых, так і памерлых, калі б іх для гэтай падзеі можна было ўваскрасіць. Вядома, ступень віны пераважнай большасці з іх у выніку была б прызнана мізэрнай, але трэба ўлічыць, што многія з гэтай большасці маглі б праходзіць у якасці падсудных у вельмі многіх падобных справах. А яшчэ невядома, што горш: быць крышку вінаватым тысячу разоў, ці вельмі — адзін раз.

Як і многія яго равеснікі, ён захапляўся фільмам «Д’Артаньян і тры мушкецёры», імкнучыся ва ўсім браць прыклад з чацвёркі галоўных герояў, не разумеючы: тое, што ў кіно лічыцца геройствам, у рэальным жыцці можа кваліфікавацца як звычайнае злачынства, на якое многія прыгодніцкія фільмы, кнігі і правакуюць падлеткаў, што слепа імітуюць прыдуманых высакародных герояў.

Ён ужо не раз прымяраў на сабе ўяўную мушкецёрскую форму, браў у рукі ўяўную шпагу і перамагаў уяўных ворагаў. Яму дастаткова было ўяўнага геройства, пакуль не з’явілася Танечка — рэальная, а не экранная Канстанцыя Буанасье, якой сваё геройства трэба было даказваць рэальнымі справамі.

І неўзабаве ён паспрабаваў зрабіць гэта.

У шасцідзесятыя гады на ўскрайку Туровічаў, на месцы, дзе ў вайну немцы расстралялі дзевяць вясковых жыхароў, паставілі помнік, побач з якім разбілі невялікі скверык. За дваццаць гадоў дрэвы выраслі, і пасля школы альбо ў выхадныя дзятва часта збіралася там пагуляць у пікара ці валейбол.

У той вечар ён разам з Віцьком Жытко пайшоў у скверык паглядзець, як Валік Пранчук будзе выпрабоўваць свой самапал. Баёк, зроблены з тонкага цвічка, пры ўдары ніяк не хацеў запальваць серку. Яны правалэндаліся з самапалам пакуль не стала зусім цёмна, можна было разыходзіцца па хатах, але заўтра пачыналіся канікулы, і дадому ісці не хацелася.

Гадзін у дзевяць вечара на дарозе з’явілася Танечка. Ён пазнаў яе здалёк. Ён пазнаў бы яе з тысячы — па хадзе, і з заплюшчанымі вачыма — па гуку абцасікаў. Хлапчукі прыціхлі, калі яна праходзіла міма, а потым ён прапанаваў:

— Можа, прагуляемся з ёю?

У гэты момант ён адчуваў сябе тым самым д’Артаньянам, які хоча паказаць сябе героем перад сваёй Канстанцыяй, але гэтаму д’Артаньяну было ўсяго пятнаццаць, і за яго спінай не стаяў Дзюма, каб падказаць, як сябе паводзіць.

— Ага, правядзём да кустоў, — заіржаў Валік. Дарога, па якой ішла Танечка, праз кіламетр упіралася ў другую, да якой з абодвух бакоў падступалі зараснікі.

— Цішэй ты! — незадаволена шыкнуў ён на Валіка.

Яны дружна ўсхапіліся. Некалькі дзесяткаў метраў ішлі воддаль настаўніцы, тым не менш адлегласць паміж імі і ёю паступова змяншалася. Баючыся, што калі яны параўняюцца з Танечкай, Валік можа нагаварыць ёй усялякага глупства, ён ціха сказаў:

— Давайце абгонім яе.

— У-у-у! — голасна, па-воўчы завыў Валік і, нацягнуўшы на галаву куртку, каб Танечка яго не пазнала, кінуўся наперад. За ім, гэтак жа па-воўчы выючы, з нацягнутымі на галаву курткамі пабеглі яны з Віцьком.


Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца. Иллюстрация № 2
Калі Танечка засталася далёка ззаду, яны спыніліся. Раптам Валік падняў угору свой самапал і націснуў на курок. Нечакана для ўсіх прагучаў аглушальны стрэл.

— Балда! — выдыхнуў Сяргей.

Яны разумелі, што зрабілі нешта непатрэбнае, лішняе, пераступілі мяжу, за якой цячэ іншае жыццё па іншых законах. Хацелася вярнуцца назад, у скверык, але яны баяліся, што, калі зноў параўняюцца з Танечкай, яна іх пазнае. Калі павярнуць з дарогі направа, да вёскі, Танечка таксама здагадаецца, што яны адсюль, з Туровічаў, а значыць, здагадаецца, хто яны. Злева ад дарогі быў калгасны палетак, снег толькі што растаў, і на палетку цяпер было гразка. Заставалася ісці наперад, у бок прыпынку, каб дзе-небудзь у зарасніках кустоў перачакаць, калі Танечку падбярэ прыгарадны аўтобус…

7

Ідучы на выступленне, я не ўяўляў, што буду гаварыць. Я знарок выйшаў рана, каб да горада ісці пешкі. Многія лічаць, што думкі ўвесь час жывуць недзе ў нас. Насамрэч, яны трапляюць да нас праз наш зрок — і не важна, ці мы пры гэтым глядзім на дарогу, на чалавека, ці зазіраем у сваё мінулае. Ёсць думкі, якія круцяцца вакол нас як мухі. А ёсць капрызныя, нібы пчолы, што дзесяць разоў падумаюць, перш чым заляцяць да цябе. Але якраз такія думкі мне былі патрэбныя, а каб злавіць іх, патрэбен быў дарожны спакой, а не аўтобусная таўкатня.

У горадзе, хоць да пачатку выступлення была яшчэ амаль гадзіна, я адразу накіраваўся ў школу, зайшоў у настаўніцкую, дзе за сталом сядзеў мой аднакласнік Андрэй Несцяровіч, той самы, што арганізаваў тут сустрэчу са мной, і гартаў класны журнал. У мяне яшчэ цеплілася надзея, што да гэтага часу канфлікт паміж незнаёмым мне хлапчуком і настаўніцай уладжаны, і я магу пагаварыць са школьнікамі, не засяроджваючы на ім увагі.

Але Андрэй сустрэў мяне пытаннем:

— Ну што, падумаў, як будзеш выхоўваць юнага папарацы?

Я нявесела ўсміхнуўся:

— За папарацы будучыня. Сёння гэта аорта шоу-бізнесу, заўтра — палітыкі, а паслязаўтра… а пра паслязаўтра ў такім кантэксце лепш не думаць.

— Ну-ну, толькі не ўздумай гэта сказаць нашаму герою, а то маладыя настаўніцы будуць баяцца хадзіць на ўрокі. Дарэчы, ты ведаеш, чый ён сын?

«О Божа, — падумаў я, — толькі гэтага мне не хапала. Хутчэй за ўсё, сын якога-небудзь мясцовага чыноўніка. Цяпер зразумела, чаму ім займаецца не міліцыя, а няшчасны пісьменнік».

— Гэта сын Танечкі. Ну, памятаеш нашу біялагіцу ў восьмым класе? Яна папрацавала толькі год, а пасля звольнілася.

Кожнае яго слова ўва мне адгукалася рэхам, быццам у маёй душы ў гэтую хвіліну было зусім пуста.

Я ведаў, што які б настрой у мяне не быў перад выступленнем, нават зусім паскудны, што выклікае апатыю і паралізуе ўсялякае мысленне, у самы апошні момант я змагу сканцэнтравацца і сказаць нешта важнае — важнае для мяне, тое, што я хацеў бы, каб пачулі мае слухачы. Не мае значэння, як яны гэта ўспрымуць — адразу ці, магчыма, да іх гэта дойдзе праз дзень, праз месяц, праз год, праз дзесяць гадоў.