Литвек - электронная библиотека >> Алесь Бадак >> Современная проза >> Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца >> страница 9
Будаўнік, пабудаваўшы шматкватэрны дом, ніколі не зойдзе паглядзець, як жывуць у ім людзі. Для яго важна не гэта, а тое, што ён зрабіў усё, залежнае ад яго, каб ім жылося там утульна.

Перш-наперш трэба было знайсці вачыма таго хлапчука, з-за якога яны тут сабраліся. І я знайшоў яго. Не мог не знайсці, бо тварам той быў вельмі падобны на сваю маці — на Танечку. Звычайны хлапчук. Па ўсім відаць, крыху ганарлівы і самаўпэўнены, але сёння без гэтага вельмі цяжка ў жыцці.

— Я хачу пагаварыць з вамі пра каханне. Часам можна пачуць, што дарослым з васьмікласнікамі пра гэта гаварыць рана. А мне здаецца, наадварот — позна. Чым больш жыве чалавек, тым больш яго ўяўленне пра каханне скажаецца, і дарослае каханне ніколі не бывае настолькі чыстым, бескарысным, як каханне школьнае. У восьмым класе я быў закаханы ў сваю настаўніцу. Ёй было ўсяго дваццаць два гады, і яна была вельмі прыгожая. Я часта ўспамінаю яе, кожны раз малюючы ў сваім уяўленні яе партрэт. І, на жаль, кожны раз ён атрымліваецца ўсё больш далёкім ад арыгінала. І я усё больш адчуваю сябе ў гэты момант не мастаком, а рэстаўратарам, разумеючы, што кожная новая рэстаўрацыя толькі аддаляе мяне ад маёй настаўніцы, а значыць, і ад майго дзяцінства. На жаль, у мяне няма яе фотакарткі, і ніколі не будзе: фота дапамагае спыняць час і нават паварочваць яго назад. Я чуў, што ў вашай школе настаўніца падала заяву на звальненне, калі яе сфатаграфавалі на ўроку. Сфатаграфавалі так, як яна гэтага не хацела б. Мне здаецца, што калі не цяпер, то потым яна пашкадуе, што напісала заяву. Яна таксама вельмі прыгожая, і ёй няма чаго саромецца. Дзяўчынкі ёй могуць толькі зайздросціць, а хлапчукі ёю могуць толькі захапляцца. Але і той, хто фатаграфаваў яе, я думаю, ужо сёння шкадуе, што цяпер пра гэта ведае ўся школа і што з-за гэтага ён можа ніколі больш не ўбачыць сваю настаўніцу. Што яму больш не давядзецца так хвалявацца, ідучы да дошкі на ўроку беларускай літаратуры. Хвалявацца не таму, што як след не падрыхтаваўся да ўрока, а таму, што яго выклікала яна.

Я гаварыў ім пра іх настаўніцу так, быццам добра ведаў яе. Хоць насамрэч ніколі не бачыў, нават на фотаздымку. Але ў гэты момант яна сапраўды стаяла перада мной, у маім уяўленні. Як дзве кроплі вады падобная на Танечку…


Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі. У мяне іх шмат — самых розных па форме і па колеры. І ў маёй калекцыі ніколі не бывае дзвюх аднолькавых аўтаручак. Можа, я і нядрэнны калекцыянер, таму што, напрыклад, не раскручваючы аўтаручку, магу вызначыць, калі ў ёй амаль не застаецца чарніла. Дарэчы, у гэтай аўтаручцы стрыжань таксама ўжо амаль пусты. Уся прычына ў тым, што калі я працую, то вельмі шмат крэслю. Зрэшты, мне трэба толькі зрабіць у рукапісе яшчэ некалькі правак і паставіць унізе сваё імя і дату. Калі, вядома, да гэтага моманту чарніла ў аўтаручцы зусім не скончыцца…


ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Дейл Карнеги - Как перестать беспокоиться и начать жить - читать в ЛитвекБестселлер - Патрик Кинг - Как постоять за себя. Умение отстаивать свои интересы, устанавливать личные границы и перестать угодничать - читать в ЛитвекБестселлер - Юлия Арниева - Оспорить завещание - читать в ЛитвекБестселлер - Мария Метлицкая - Незапертая дверь - читать в ЛитвекБестселлер - Влада Ольховская - Танцующий горностай - читать в ЛитвекБестселлер - Лэй Ми - Профайлер - читать в ЛитвекБестселлер - Шэрон Гослинг - Домик под скалой - читать в ЛитвекБестселлер - Шарлотта Брандиш - Мюзик-холл на Гроув-Лейн - читать в Литвек