Литвек - электронная библиотека >> Таццяна Шамякіна >> Культурология и этнография >> Міфалогія і літаратура >> страница 2
шматаблічная, як уласна чалавек і яго культура… У міфалогіі патаемная, неадназначная, сімвалічная і вельмі прыгожая мова, што адлюстроўвае мудрасць, шуканні, спакусы, страх і надзеі незлічоных пакаленняў» [Ю.М.Антонян]. Мы ж лічым, што міфы — гэта выяўленне імкнення калектыўнага чалавечага розуму наблізіцца да спасціжэння сапраўднай задумы Творцы Сусвету. Міф заснаваны на веры ў Бога і бессмяротнасць. Галоўная цікавасць міфа — Бог і душа чалавека. Асаблівасць міфа і ў тым, што ён імкнецца разгадаць тое, што немагчыма разгадаць да канца: чалавека, прыроду, космас, нараджэнне і смерць, сэнс быцця, існаванне ў іншасвеце. Усё таямнічае, да канца непазнанае, містычнае называецца сакральным — таксама адно з галоўных у міфалогіі паняццяў.

Міф адлюстроўвае рэальнасць, але адлюстроўвае вельмі своеасабліва. Ён ніколі не адэкватны рэальнасці — гэта не фатаграфія; міф гаворыць мовай знакаў, сімвалаў, архетыпаў. Ад іншых формаў пазнання (напрыклад, навуковага) міф адрозніваецца тым, што заўсёды і ва ўсім абапіраецца на звышнатуральнае, містычнае і аперыруе імі. Міфалогія — знакавая сістэма, сімвалічная «мова», у тэрмінах якой чалавек мадэліраваў, абагульняў з’явы свету. Усё ў свеце міф імкнуўся растлумачыць, перадаць менш вядомае праз больш вядомае. Паводле такога ж прынцыпу пабудаваны метафары ў мове. Міф заўсёды абагульняе, але — праз канкрэтнасць.

Міф — з’ява пастаянная і нязменная для ўсіх людзей і ва ўсе часы. Мадэлі, сюжэты і нават дэталі з міфаў сустракаюцца паўсюль. Найбольш агульныя мадэлі называюцца архетыпамі. Міф — тое, што дайшло ад продкаў, закладзена генетычна, закадзіравана ў нашых генах, значыць, уваходзіць у структуру падсвядомасці.

Міф — расповяд пра падзеі, што былі да пісьмовай гісторыі, і пра падзеі, што толькі адбудуцца некалі. Міф — нітка, якая злучае мінулае, сучаснае і будучае.

Міф — своеасаблівая мова, што апісвае рэаліі, якія знаходзяцца па-за нашымі пачуццямі. Ён запаўняе мяжу паміж вобразамі падсвядомасці і мовай логікі.

Міф садзейнічае самавызначэнню этнасаў (родаў, плямёнаў, нацый), фарміруе нацыянальны светапогляд.

Міф — неабходны элемент ва ўсіх маральных кодэксах. Мараль выводзілася з міфалогіі, з рэлігійных вераванняў.

Міфалогія — комплекс уяўленняў, які надае жыццю сэнс. Яна дапамагае асобным людзям, усяму грамадству адэкватна прыстасоўвацца да асяроддзя.

Міфалогія занатавала стасункі чалавека і прыроды. Гэта зведзеныя ў адну сістэму назіранні чалавека над прыродай, максімальна абагулены вопыт, прыяўлены праз сістэму вобразаў. Міф заснаваны на тым, што ў Космасе літаральна ўсё знаходзіцца ў сувязі. Чалавек уключаны ў агульны кругазварот, не стаіць над прыродай, а жыве суладна з ёю. Мы намнога больш залежым ад прыроды, ад Космасу, чым уяўляем. І мы знішчаем, падаўляем прыроду, а нашы продкі мудра да яе прыстасоўваліся і ўнутры яе гарманічна існавалі.

Усе міфы, рэлігіі (якія ўзніклі з міфалогіі), паданні літаральна ўсіх народаў свету зыходзяць з існавання — у нейкі час і ў нейкім месцы — асаблівых ведаў, намнога багацейшых за нашы сённяшнія веды. Сёння і навука схіляецца да думкі, што міфалогія — гэта зашыфраваныя ў сімвалічнай форме старажытныя веды. Увасабленнем такіх ведаў у міфах было Залатое Руно, Жар-птушка, філасофскі камень, што шукалі алхімікі яшчэ нават у эпоху Адраджэння. У старажытнасці веды захоўвалі жрацы.

Міфалогія з’яўляецца асновай, важнейшым падмуркам культуры чалавецтва.

Звычайна думаюць, што міф — тая ж казка, карацей, вымысел, фантазія. На самай справе ўсё наадварот: міф — гэта найбольш поўнае асэнсаванне рэчаіснасці, найбольш багатая мадэль свету. Безумоўна, мы, людзі ХХІ ст., пасміхаемся з багоў антычнасці ці славянскіх. Увогуле наша цывілізацыя матэрыялістычная. Але і ў наш час ствараецца міфалогія, не менш багатая, але заснаваная на зусім іншай парадыгме — яна часта звязана з ідэалогіяй, з палітыкай. У цэлым жа для міфа характэрна:

а) сакралізацыя часу першастварэння;

б) нераздзеленасць вобраза і значэння;

в) усеагульнае адухаўленне і персаніфікацыя;

г) цесная сувязь з рытуалам;

д) цыклічная мадэль часу;

е) метафарызм;

ё) сімвалізм;

ж) сінтэтызм, дзякуючы якому з міфалогіі выйшлі: філасофія, рэлігія, мастацтва, нават навука;

з) гармонія, цэласны і ў многім эстэтычны падыход да свету.

Асноўныя аб’екты цікавасці міфалогіі — нябачны свет, цуд і смерць-уваскрэсенне. На працягу ўсёй гісторыі людзі раздзялялі свет на бачны і нябачны. У язычніцтве нябачны свет — багі, што персаніфікуюць сілы прыроды, духі локусаў (пэўнай прасторы); у хрысціянстве — Бог, анёлы, дэманы, душы жывых і памерлых; у філасофіі — свет з’яў і свет прычын, свет рэчаў і свет ідэй; у навуцы — мікравелічыні, мікробы. Ёсць рэчы і з’явы, існаванне якіх не выклікае сумнення, але іх немагчыма выразіць у тэрмінах нейкіх вымярэнняў: усе ідэі, вобразы, успаміны, снабачанні — таксама па сутнасці нябачны свет. Сапраўды, псіхіка чалавека — як бы чацвёртае вымярэнне. Думка рухаецца ў чацвёртым вымярэнні — для яе няма перашкод. Мы самі — чатырохмерныя істоты і звернуты да трохмернай прасторы толькі адным сваім бокам. Большая ж наша частка — у чацвёртым вымярэнні, але мы, на жаль, пра гэта не памятаем: жывём у чатырохмерным свеце, а ўсведамляем сябе ў трохмерным. Чацвёртае вымярэнне — унутры нас, наша свядомасць, дух.

Чалавек ніколі не мог пераканаць сябе ў ідэі смерці — залішне многае ёй супярэчыла. Вось чаму ідэяй вечнага адраджэння прасякнуты ўсе міфалагічныя сістэмы свету, шматлікія рытуалы: рэлігійныя (Раство, Вялікдзень), фальклорныя (Масленіца), а таксама мастацтва — тэатр, прыгожае пісьменства.

Міф мадэлюе новую, вышэйшую рэальнасць, як і мастацтва. А з рэлігіяй міф звязвае тое, што ён дае накірунак у жыцці, арыенціры ў Космасе. Міф застаецца міфам, пакуль у яго вераць. Як толькі вера страчана, міф ператвараецца ў мастацкі твор: эпас, казку, драму і пад. Калі ж вера, наадварот, узмацняецца і дапаўняецца вытанчанай філасофіяй, міф арганічна перарастае ў рэлігію.

Такім чынам, міфалогія — не збор казачак ды легендаў. Гэта тып мыслення, які дамінуе ў гісторыі чалавецтва.

Асноўныя крыніцы для вывучэння міфалогіі:

А) Помнікі так званай ведыйскай (ад Веды) традыцыі і індыйскія нацыянальныя літаратурныя эпасы: «Рыгведа», «Упанішады», «Махабхарата», «Рамаяна».

Б) Помнікі іранскай, зараастрыйскай традыцыі — «Авеста», «Шахнамэ» Фірдуосі.

В) Помнікі грэчаскай і рымскай міфалогіі: паэмы Гамера «Іліяда» і «Адысея», «Тэагонія» Гесіёда, «Міфалагічная бібліятэка» Апаладора, «Пра прыроду багоў» Цыцэрона, «Пра Ісіду і Асірыса»