Литвек - электронная библиотека >> Віктар Карамазаў >> Современная проза >> Прыліпала >> страница 2
каб рогам не парнуў ці нагой не ўцяў. За дзяцей страшнавата стала. А тут суседзі пачалі хадзіць, каб сплавіў куды. Адважыўся.

— А ён усё роўна з лесу вярнуўся.

— Пасядзі ты ціха, Сяргей. Ну, вярнуўся. Дні праз два нешта. Ён, малы мой, якраз у школе быў. Узяў я скацінку на вяроўку ды за вароты. Калгасны шафёр з ЗІЛам падвярнуўся. Адкінулі мы задні борт, канцамі на кузаў кінулі пару дошак, завялі па іх Ясіка ў кузаў — ды па газах. Кіламетраў трыццаць везлі асфальтам ды там лесам яшчэ пятлялі.

— А ён зноў прыйдзе,— злуючыся, невядома на каго, бурчыць Сярожка.

— Ну, можа, калі і прыйдзе,— абы не засмучаць яшчэ больш сына, пагаджаецца бацька.

— Вось пабачыце. Тады ўжо схаваю ад усіх. Не дам нікому.

— Ён вельмі вырас, сынок,— устаўляе разважлівае слова маці.— З такім гулі кепскія.

— Мяне ён не чапаў.

— А другіх? Ці ты адзін тут жывеш?

— Нічо-о...— супакойвае сына бацька.— Можа, і сапраўды знойдзецца. Тады мы яму ў вальеры куток выгарадзім. Прыстроім, як дома.

Малаком запіўшы вячэру, мы дзякуем за баравічкі Сярожку, дзякуем Еўдакіі Рыгораўне і падымаемся з-за стала.

На дварэ змерклася, ад сонца не засталося і следу, але ні зор, ні месяца яшчэ няма і ў паміне. Запыніўшыся на ганку, я чую далекаваты, з-пад лесу, брэх дварняжкі, а бліжэй, з вуліцы,— жаночую спрэчку. У думках жа — алені. Не Ясік Сярожкаў, а проста алені, чые трубныя крыкі, як песні, і бойкі таксама, як песні, цяпер, а палове верасня, у самым разгары. З раніцы мы дамаўляліся з дзядзькам Юзікам на ўсю ноч ісці ў пушчу слухаць аленяў, і вось усе нашы планы рухнулі: аказваецца, яшчэ калі мы з Сярожкам прападалі на рэчцы, ляснічы прыслаў дзядзьку загад сабрацца ў начное дзяжурства.

Гаспадар грыміць у сенцах ботамі: напэўна, збіраецца. А вось ён і сам: у кароценькім кажушку наросхрыст, з іжаўкай на пару ствалоў у руцэ. Запыніўшыся на ганку, ён спачатку глядзіць на неба, затым — у бок рэчкі, на цёмную сцяну пушчы, вешае іжаўку на плячо, з бліскучага цэлафанавага пачка дастае цыгарэту, закурвае — у кожным руху яго столькі неахвоты кранацца з месца, ісці не туды, куды хочацца. Ён гукае з ганка Сярожку. Той не адгукаецца, тады кліча жонку, ды яна таксама не падае голасу. Прабубніўшы нешта сабе пад нос, дзядзька без усякай злосці на каго-небудзь лаецца і праз двор ідзе да мяне.

— Прыспічыла яму пасылаць,— кідае ён.

— А можа, мне ўдасца Валодзю падгаварыць?

— Пустое. Ён аленя ад лася не адрозніць. Нецікава з ім. Во Сяргея калі б.

— Не трэба, няхай малы спіць.

— Ну, глядзіце самі, я не вельмі хачу яго ў лес пускаць. Не, вы не падумайце, што ноч, лес, усё такое... Хоць малы, ды нічога з ім не здарыцца. Тут іншае. Сэрцам ён у нас слабенькі. Толькі пачуе аленя, увесь калоціцца. Усё ад Ясіка пачалося...

Дзядзька Юзік пайшоў. З двара мне добра відаць, як там, за веснікамі, ён зноў быў спыніўся, стаяў, курыў, як рушыў вуліцай далей, а праз нейкі час адтуль, з вуліцы, у веснікі бухнуўся Сярожка. Радаснае хваляванне рвалася з яго: бацька дазволіў усё ж ісці са мной.

Што падсмалены, ён насіўся ў хату і з хаты, цераз двор у гумно, назад: прывалок кажухі, гумовыя боты, цёплыя анучы. Усё гэта мы паўсцягвалі на сябе і гародамі падаліся спачатку да рзчкі, а там ужо, паўз ваду,— да насыпу, на асфальт.

Паветра не зыбалася, такая ціхая бралася ноч. I цёплая, быццам сагрэлася ў нашых кажухах. Трэ было спяшацца, і мы прыбавілі кроку.

На ўзлеску, непадалёк ад рэчкі, гарэла вогнішча. Адтуль неслася песня.

Мы скіравалі з асфальту ў гушчар і нейкі час прабіраліся ельнікам; калі ж ельнік скончыўся, нас абсыпалі маладыя бярозкі: навокал пасвятлела.

Наперадзе суха і трывожна рыкнуў алень. Я няўдала сунуўся ў цемені на кучу сушняку, ён затрашчаў, а Сярожка, бліскаючы белай галавой наперадзе, азірнуўся і зашыпеў на мяне вужакай.

Нарэшце паміж дрэваў пачаў зыбацца месяц, белы і круглы. Ён часта хаваўся з вачэй, але кожны раз зноў і зноў аказваўся на дрэве і трапятаў там, пашматаны рэдкімі галінамі. Часам ён зусім хаваўся за густым лісцём, а часам падымаўся над дрэвамі і зноў на поўную сілу ззяў, круглы і чысты. Цяпер мне свяціла наперадзе не толькі бялесая поўня Сярожкавай галавы, але і поўня месяца, і я ведаў, што гэтага святла нам хопіць, каб і ўначы знайсці ўсё, што шукаем.

Быў шырокі прагал, за ім — лапіна лугу. Сярожка вёў мяне ўздоўж падросту бярозы і хвоі, на дыбачках, час ад часу згінаючыся і на хаду шоргаючы рукой па траве — правяраў, ці не кладзецца раса. Расы яшчэ не было.

Як не пад самым вухам хрупнуў сушняк. Мы спыніліся і тут жа ўбачылі, як з лесу выйшаў вялізны рагач. Ён пастаяў, павёў галавой у наш бок, насустрач нам пагрозліва варухнуў магутнымі рагамі і, калі не ўбачыў, дык напэўна адчуў як небяспеку, нашу прысутнасць, бо раптам дзіка рыкнуў, сцішана, што чалавек, захроп, і з-за ягонай спіны на асветлены месяцам луг выйшлі самкі, гладкія і блішчастыя. Яны таксама, як па камандзе самца, крутнулі галовамі ў наш бок і лёгенька, дружна, нібы танцуючы, патупацелі ў луг. Рагач цяжка ўдарыў заднімі нагамі ў зямлю, ёкнуў, што здаровы конь селязёнкай, і кінуўся следам за самкамі.

— Ажно пяцёрка. Ды прыгожыя...

— У такога больш будзе. У іншых забярэ. Здаровы які, бачылі? — шаптаў Сярожка.— Дзе яны спыняцца?

— За луг шыбанулі. У лес.

— А можа, і не ў лес. Там канал. Яны часта за каналам на траве пасуцца.

Мы крочылі далей.

Яшчэ гадзіну назад меркавалі нанач вярнуцца дахаты, наесціся перад сном малака з хлебам, спаць на высушанай атаве, дзе, напэўна, пасланы ўжо льняныя посцілкі і цёплыя коўдры, а цяпер пра гэта я ўжо не думаў, цяпер я адчуваў сябе, як на імклівым кані, якога паганяў Сярожка і які закружыў, затуманіў голаў, кінуўшы нас у пагоню за нечым новым, загадкавым. I я раптам спытаў:

— А калі заначуем?..

Копы стаялі пасярэдзіне лугу. Мы выбралі канцавую, бліжэйшую да лесу, у які неспадзявана загналі табун. Трохі разваяваўшы верх, у ботах і кажухах паўшываліся ў сена, якое там, усярэдзіне, абдавала сухасцю і цяплынню. Можна было тут жа і задрамаць, ды пасля маўклівай пагоні за аленямі разгаварыўся Сярожка:

— Звечара яны толькі горла чысцілі.

— Цяпер доўга маўчаць будуць?

— Самае цікавае к раніцы пачнецца.

На блізкім дрэве застракатала сарока. У канале, як прачнуўшыся ад гэтага стракатання, моцна пялёхнула па вадзе нешта вялікае і жывое — напэўна, бабёр.

— Табе ў голаў не холадна, Сярожка? Ужо на макушку нешта браць трэба.

— Мая галава пад аўчынай. Вы таксама настаўце каўнер. Ён вялікі. Раса кладзецца. Вы настаўце.

— Угрэўшыся, усё праспіш. Лепш з халадком.

— Вас алені пабудзяць.

— Хоць бы пабачыць. Туман ці дасць.

— Яшчэ лепей. Пад раніцу гэтае малако як разбяжыцца па