Литвек - электронная библиотека >> Віктар Карамазаў >> Современная проза >> Прыліпала >> страница 4
здалі: алень адарваўся пярэднімі нагамі ад зямлі, павіс у паветры і пачаў гнуцца ў дугу, затым злаўчыўся скокнуць убок, ірвануў голаў да самай зямлі, вызваліў усё ж рогі і, адбегшыся, стаў. Нейкі час, наліты ўжо не сілай, а злосцю, ён глядзеў на праціўніка і, напэўна, прызнаўшы сваё паражэнне, падаўся ў лес. А той вялікі рагач, горды перамогай, моўчкі, з высока ўзнятымі рагамі праводзіў яго да самага лесу, затым выцягнуў галаву наперад і на ўсю немалую сілу сваю абвясціў аб перамозе магутным, працяглым ровам. Можа, гэтак ён яшчэ раз выманьваў саперніка на бойку, ды пабіты ваяка недзе ў гушчары безгалоса залізваў раны.

Пачуўся дружны тупат лёгкіх на ногі самак. Яны беглі па сцежцы, якой сыходзіліся самцы, беглі ў той бок, адкуль на бойку прыйшоў пераможца.

Неўзабаве і мы, пакінуўшы ўгрэтыя сянныя пячоры, вярталіся дахаты. Сярожка першы ўкатваў ботамі цёмна-зялёную стужку на свежай, срабрыста-роснай атаве. Крыссё незашпіленага кажушка матлялася на ім з боку на бок, і гэтак жа, з боку на бок, у цяжкаватай хадзе ківалася яго бялесая галава.

— Сярожка!

— Што?

— Скажы ты мне, як гэта можна на слых пазнаць Ясіка? Колькі аленяў у пушчы?

— Ну, можа, дзве тысячы.

— Бачыш? А крычаць усе аднолькава.

— Усе аднолькава, а Ясік не так, як усе.

— Куды там, Ясік твой.

— Куды там, куды...— Сярожка спыніўся, загарадзіў мне дарогу, схапіўся ручкамі за борцікі свайго кажушка, танклявымі пальцамі ўпіўся ў аўчыну, і вочы яго пакутліва звузіліся, як тады раніцой, калі заспаны вышываўся з сена, а губы скрывіліся, як ад нечага кіслага.

— Ну, што ты, Сярожка, ужо і пакрыўдзіўся. Ды я...

— А ведаеце, што, калі Ясік малы быў, суседскі сабака Журка ніжнюю губу яму адхапіў. Дзірка зажыла, але засталася. Бывала, як мыкне, дык тут жа і свісне. Мыкне — і свісне. I вырас, дык свістаў. I цяпер...

Над галовамі глуха, што ў гніляк, тукнуў дзяцел, аж пасыпалася труха. Збоч сцежкі ў кустах страпянуліся, заверашчалі сініцы. Страпянуўся і сам Сярожка.

— Тут зімой усякіх птушак поўна. Бліжэй да вёскі злятаюцца. Адсюль жа вёска блізка. Ля чалавека ім лягчэй пракарміцца.

Ён шаснуў да ельніку, зазваніў там, кігікаючы на нешта жывое. Следам за ім я прадраўся праз калючы гушчар і над самай галавою заўважыў вавёрку. Трымаючы ў лапках шышку, яна церабіла яе вусатай зубастай мордачкай, лыпаючы ўніз, на нас, цёмнымі рухавымі вочкамі.

— Шусь-кігі, шусь-кігі,— пужаў яе, скачучы на адным месцы, Сярожка, але пушысты камячок з хітранькай мордачкай і не думаў скакаць ад нас.

— Ну, жыруй на здароўечка,— махнуў ён рукой, і мы выйшлі на сцежку.

Сяргей зноў сакатаў, быццам не было ў яго трывожнай ночы і беганіны па лесе. Мая цікавасць да ягоных расказаў не гасла і цяпер, і з'яўлялася адчуванне, быццам гэты дзіўны хлапчук навешвае на цябе не рыбацкі і не паляўнічы рыштунак, а нешта больш важкае, што так спатрэбіцца ў дарозе потым. I вабіў кожны лясны пянёк, на якім можна было б прысесці, у памяці рассарціраваць падаранае Сярожкам і пушчай за гэтую ноч, усяму даць сваё месца: Ясіку, жораву, капе духмянага сена, беламу месяцу... і крамяным Сярожкавым баравічкам.

Прыліпала... Гэта Валодзева слоўца нечакана ўспыхнула ў маёй памяці зусім іншым святлом, як учора за вячэраю. Можа, тым, што праменяць ракавіны малюскаў, якія недзе на далёкіх марскіх шыротах вось гэтак жа даверліва ліпнуць да чужых караблёў, а потым, ужо ля берага, сарваныя з карабельнай абшыўкі чарнаногімі, як Сяргей, хлапчукамі, грэюцца на чалавечых далонях, радуюць чалавечыя душы гулам далёкіх штормаў.

Як гэта ноч... З Сярожкам, узбуджанымі аленямі, капою цёплага сена, вялікасна-белым месяцам над галавой, асірацелым жоравам, вавёрчынай мордачкай...

Паснедаўшы, я ад'язджаў з пушчы. Да аўтобуса мяне праводзіў Сярожка.

Яшчэ ў нас заставалася вольная гадзіна, і мы зайшлі ў буфет. Сярожка папрасіў марожанага. З бутэлькай фруктовай вады і марожаным мы селі за стол пры самым акне. Людзей тут было мала. Ціша стаяла, што ў лесе.

Мы моўчкі елі халоднае, як прадвеснік зімы, марожанае, запівалі яго цёплай, што ўспамін аб леце, вадой і слухалі чужы транзістар на суседнім стале.

За вялікім, на ўсю сцяну, акном у густой жаўцізне стаяў кашлаты, таксама на ўсё акно, клён, і лісце нячутна сыпалася з яго. Быццам азораныя сонцам папяровыя караблікі, яго зубчастыя лапкі апускаліся на волкую зямлю, і музыка, як адбіваючыся ад іх, гучала ціхім развітаннем з салодкім сённяшнім днём. У гэтае развітанне зрэдку ўпляталіся мажорныя гукі скрыпкі, але яны квола трапяталі, што мроі, і хутка гаслі — непрыкметна, як і з'яўляліся. Часам, здавалася, з прыціхла-спустошанай глыбіні даносіўся шчымліва-прагны голас пакінутага стаяй жорава, але і ён заміраў, шкляным звонам рассыпаўшыся недзе над нашымі галовамі. Шмат іншых галасоў прыплывала з гэтай музыкай, і таксама на адно імгненне: з бясконцасці жаўталесу прыходзілі і адыходзілі, на момант замёршы на даляглядзе і там жа растаўшы...

Мы выйшлі на вуліцу.

Транзістар застаўся там, за цёплай блішчастай шыбай, але і тут, з намі, у палоне густой і сухой барвовасці жыла песня восені — тая ж самая, у той жа празрыстай кашулі, пашытай парою ранняга лістападу і чуйнай перадзімоваю цішынёй.

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Лия Миддлтон - Что случилось прошлой ночью - читать в ЛитвекБестселлер - Эрика Стэнфорд - Лихая крипта. Кто и как зарабатывает на цифровых валютах - читать в ЛитвекБестселлер - Макс Фрай - Ловцы книг - читать в ЛитвекБестселлер - Филипп Боксо - Разговор с трупом. О самых изощренных убийствах, замаскированных под несчастные случаи - читать в ЛитвекБестселлер - Роберт Гловер - Хватит быть скромным парнем! Базовый курс по свиданиям - читать в ЛитвекБестселлер - Наталья Николаевна Александрова - Прятки с тенью - читать в ЛитвекБестселлер - Владимир Борисович Пастухов - Как переучредить Россию? Очерки заблудившейся революции - читать в ЛитвекБестселлер - Дмитрий Витальевич Шелег - Я-Ведьма! - читать в Литвек