Литвек - электронная библиотека >> Пятро Рунец >> Биографии и Мемуары и др. >> Ніколі не забудзем >> страница 6
бадзёрая, вясёлая і валодаю абедзвюма рукамі.


ТАНЯ АЛАЙ (1933 г.)

Бягомльскі раён, Мсціжскі сельсавет, в. Рэм.

СВАІМІ ВАЧЫМА

Люты 1943 года. Стаяла ціхая і ясная ноч. Звечара чуліся далёкія стрэлы гармат і разрывы снарадаў. Гэта страляла наша артылерыя.

Ноччу я прачнуўся ад нейкага шуму. У хаце ўсе былі ўстрывожаны. Я выскачыў на двор, але немец вярнуў мяне назад. Я здагадаўся, што здарылася нешта нядобрае. Ля кожнай хаты стаяў нямецкі патруль і нікога не выпускаў на двор.

Калі зусім развіднела, немцы падагналі машыны і пачалі грузіць на іх людзей. Браць з сабою нічога не дазвалялі. У адну з машын загналі і нашу сям’ю. З намі было двое малых дзяцей старэйшай сястры Каці. Яна была хворая на тыф і знаходзілася ў асобнай хаце, куды немцы сабралі ўсіх тыфозных. Даведаўшыся, што людзей вывозяць, яна кінулася шукаць нас. Збегала дадому, але там нікога не знайшла. Мы ўжо былі за вёскай. Машыны якраз чагосьці спыніліся. Сястра ўбачыла і пабегла да нас. Загудзеў матор, грузавік гатовы быў вось-вось крануцца. Але ўсё-такі яна паспела дабегчы. Мы дапамаглі ёй узлезці на машыну. Сястра збялела і страціла прытомнасць.

— Каця! — закрычаў я, але яна не адказвала. Апусціўшы галовы, мы моўчкі стаялі над ёй. «Як выратаваць сястру?» — думаў я. Але дапамагчы нельга. Вады ніхто не меў, а ўзяць на хаду снегу немагчыма.

На суседняй чыгуначнай станцыі грузавікі спыніліся. Я саскочыў з машыны, набраў у банку снегу, растапіў яго і даў сястры вады. Яна апрытомнела.

Нас згрузілі ў якісьці хлеў. У ім мы прасядзелі два дні. На другі дзень ноччу падышоў эшалон, і нам загадалі садзіцца ў вагоны.

Двор, дзе мы знаходзіліся, быў абгароджаны калючым дротам. Паабапал вузкіх варот стаялі нямецкія жандары з бляхамі на грудзях. Яны прапускалі па адным чалавеку. Выносіць нічога не дазвалялі. Калі ў каго быў за плячыма клуначак, яго адразалі. У матак забіралі з рук грудных дзяцей і кідалі проста ў снег.

Нарэшце мы сяк-так пагрузіліся. У вагон загналі столькі людзей, што нават стаць не было дзе. Дзверы наглуха забілі і ноччу нас павезлі невядома куды. Усе паціху гаварылі, што мы едзем на верную смерць.

У вагоне стаяла невыносная духата. Людзей мучыла смага, а вады не было. Асабліва цяжка прыходзілася дзецям. У нашым вагоне некалькі мальшоў не вытрымалі і памерлі, мусіць, яны задыхнуліся ад цяжкага паветра. Калі цярпець стала немагчыма, мужчыны праламалі ў сцяне невялікую адтуліну. Усе былі рады, што цяпер можна падыхаць свежым паветрам.

I вось эшалон стаў. Людзі хацелі выскачыць з вагона, каб набраць вады ці снегу. Нямецкі канваір так грозна крыкнуў, што ніхто не адважыўся гэта зрабіць. Потым нас зноў павезлі. Цягнік ішоў надта марудна, тузаўся то ўперад, то назад, часта спыняўся. На адной станцыі немцы дазволілі набраць вады. Канчаўся люты, снег раставаў і ўтвараліся лужыны. Вада ў іх была мутная і нясмачная. Але людзі рады былі і такой.

— Хоць горла прамочым,— казалі яны.

Праз некалькі хвілін пачуўся свісток, і нас загналі ў вагоны. Зноў забілі дзверы і павезлі далей.

Цягнік спыніўся ля якогасьці балота. Людзей выгрузілі з вагонаў і пагналі ўперад. Па ўсім відаць было, што тут раней былі такія ж няшчасныя, як і мы. Паабапал дарогі валяліся розныя рэчы, чалавечыя трупы.

Ад голаду і смагі людзі так аслабелі, што ледзь рухаліся. Калі хто знясільваў і не мог ісці, таго нямецкія канваіры цкавалі сабакамі.

Прыгналі нас у спаленую вёску. Яна навокал была абнесена калючым дротам. Па краях стаялі вышкі. На іх знаходзіліся нямецкія вартавыя, якія пільна сачылі, каб ніхто не ўцёк. Размясціліся на снезе, будынкаў ніякіх не было. Зварыць страву таксама не было дзе. Людзі курчыліся ад холаду, вохкалі і плакалі.

Сястру Кацю мучыў тыф. Яна кідалася, станала. Маці пайшла шукаць больш зацішнае месца. Каля аднаго хлява яна знайшла кучу гною. Мы хутчэй узяліся раскопваць яго. На дне ён быў цёплы, і з яго ішла пара. Разаслалі коўдру, палажылі сястру і яе двое маленькіх дзетак і прыкрылі зверху лахманом.

Тры дні пратрымалі нас пад адкрытым небам. На чацвёрты дзень зноў загадалі збірацца. Пехатой пагналі далей. У дарозе прыйшлося наглядаць шмат жудасных малюнкаў. Вось ідзе маладая жанчына з дзіцем, а побач з ёю бабуля. Немцы дзіця перадалі бабулі, а матку забралі. Другая маці не хацела аддаць дзіця, яго тут жа забілі. Былі і такія выпадкі. Калі жанчына знясільвалася і садзілася адпачыць, то пракляты фрыц забіваў яе, а дзіця кідаў на абочыну дарогі ў снег. Мы раз бачылі, як вароны дзяўблі вочы ў такога, яшчэ жывога дзіцяці.

Я змарыўся і ледзь ішоў. Даволі было трохі адстаць, як канваір цкаваў сабакам. Сабака рваў на мне вопратку і кусаў за ногі. Акрамя таго, мяне некалькі разоў білі палкамі. Я думаў, што выб'юся з сілы, упаду і тады мяне скінуць з дарогі на страшную смерць. Але я ўсё-такі дацёгся да астаноўкі.

Нас загналі ў балота, за калючую агарожу. Тут было таксама, як і на першым месцы: валяліся розныя рэчы і забітыя людзі. Прабылі мы тут нядоўга. Адсюль нас павезлі далей на машынах. Нідзе не відаць было ні жыхароў, ні вёсак.

Нам загадалі злазіць. Каця ўжо зусім не магла ісці. У яе быў вялікі жар. Яна гаварыла абы-што. Разам з другімі хворымі немцы пакінулі яе з дзецьмі, а нас пагналі далей пешшу.

Дваццаць пяць кіламетраў брылі мы галодныя і халодныя. Многія падалі і не ўставалі. Ноччу прыгналі ў лес. Мы паселі на зямлю.

— Мы-то прыйшлі, а што сталася з Кацяй? — казала мама плачучы. Мы маўчалі — усім было шкада сястру.

Ноччу нехта падабраў і прывёз у лагер Кацю з дзеткамі. Мы вельмі ўзрадаваліся, калі ўбачылі яе. Яна ледзь трымалася на нагах — хвароба яе была ў разгары. Збудавалі маленькі буданчык і палажылі ў ім сястру з дзецьмі. Самі ляглі каля будана. Мы так стаміліся, што, нягледзячы на холад, хутка заснулі.

Раніцой я прачнуўся і не мог узняцца: нас прысыпаў снег. Сяк-так выбраўся. Вылезлі і астатнія.

— Збегай, сынок, пашукай сухога галля. Распалім агонь і пагрэемся,— сказала мама.

Я пусціўся ў пошукі. Іду і бачу — там ляжаць двое адубянелых людзей, там чацвёра. Як ляглі адпачыць, так і не падняліся. Шмат людзей замерзла ў гэтую сцюдзёную ноч.

Але пагрэцца нам не давялося. Немцы не дазволілі распальваць вогнішчы. Адну цётку, якая расклала агеньчык, немец закалоў штыком. Па другіх «самавольшчыках» стралялі з аўтаматаў. У многіх не было цёплай вопраткі, стаптаўся абутак. У іх адмярзалі рукі, ногі, вушы.

Пацягнуліся дні цяжкай няволі. Нечуваныя пакуты і здзекі прыйшлося перажыць нам.

Іншы раз немцы строілі нас у шарэнгу і праз агарожу кідалі хлеб. Людзі хапалі яго. Каму ўдавалася, у таго стралялі. Часта рабілі і так. Калі людзі ўлягуцца спаць, немцы