Литвек - электронная библиотека >> Васіль Хомчанка >> Современная проза >> Звон над зямлёй

Васіль Хомчанка Звон над зямлёй

Баба Настачка, седзячы ў цяньку хаты на ўслончыку, карначом скрабла маладую бульбу і кідала яе ў чугунок з вадою. Бульбіна булькала, вада пырскала і на самую бабу, і на Васілька, які прымасціўся на загавальні. Халодныя пырскі — вада толькі што са студні — прыемна, быццам ільдзінкі, паколвалі скуру, і Васілёк кожны раз, калі баба падносіла бульбіну да чыгунка, знарок падстаўляў твар пад гэтыя пырскі. «Блюм!»—глытала вада бульбіну. «Блюм!»—гаварыў Васілёк, зажмурваючыся ад пырскаў. Старая баба, скурчыўшыся на ўслончыку і ўся рупліва засяроджаная сваім заняткам, нічога гэтага не заўважала. Яе бурыя сухія пальцы бясконца варушыліся, і бліскучае лязо карнача варушылася, здзіраючы ружовае шалупінне. А калі ў чыгунку бульбы паболынала, а вады паменшала і яна ўжо не пырскалася, Васілёк сказаў:

—  Баба, а чаго я сяджу на двары? Чаго не збегаю на луг?

—  А   ты   не   сядзі,   пабегай   каля   хаты.

—  Я каля хаты бегаў. Тут куры і горача. Я на луг хачу.

—  На лузе рэчка, і ты ўтопішся.

—  Не   ўтаплюся,   навошта   мне   тапіцца. Баба Настачка нічога не адказала, перастала скрабсці бульбу і задумалася. Вочы ў бабы маленькія, вузенькія, вакол іх, нібы павуцінне, зморшчынкі, а старкаваты твар шэры, выцвілы, як пустое поле ў познюю восень. Баба не заўважыла, што ўжо не ў цяньку сядзіць — сонца выглянула з-за ха-ты і смаліла ёй галаву. Яна не пасунулася бліжэй   да   сцяны,   а   толькі   нацягнула   рог белай, у чорную гарошыну хусткі ніжэй на твар. Дачысціла бульбу, паклала нож у чыгунок і, выпрастаўшы рукі на каленях, адпачывала. Васілёк устаў з загавальні, абхапіў бабу за цёплую шыю і пачаў лашчыцца, як лашчыўся заўсёды, калі хацеў нешта выпрасіць.

—  Баба, родненькая, пусці мяне.

Рука бабы Настачкі пасунулася па Васільковай спіне і плячы, легла на галаву, паказытала валасы.

—  Не, унучак, я лепш табе моркаўку вырву. Сало-о-дкая моркаўка.

Васілёк пакрыўджана сеў на загавальню, абхапіў рукамі калені, а на калені паклаў галаву. Так ён сядзеў і чакаў, калі пашкадуе яго баба. Плакаць ён не збіраўся, ды і не змог бы заплакаць — крыўда ж яшчэ не моцная.

Сухі ліпень затапіў зямлю гарачынёй, спякотным сонечным святлом, парнай цішынёй, высініў неба, сцёршы з яго ўсе хмурынкі і аблачынкі, і яно апусцілася нізка, нібыта хацела параўнаць сваю сінюю красу з красой зямной, зялёнай. Чорныя кропкі ластавак прашывалі' сінечу неба, і чым гарачэй рабілася на зямлі, тым вышэй і вышэй узнімаліся ластаўкі. Млосна стагналі куры пад сенцамі, на двары цыбаў, з бульканнем у горле, певень. Рыжы кот выцягнуўся на саломе і ляжаў як нежывы, раз-пораз высалопваючы чырвоны, падобны на стручок перцу, язык. Зрачкі ў ката, як дзве макавыя бубачкі, а хвост — прамая палка: колькі Васілёк ні глядзеў, хвост ні разу не варухнуўся.

Пуста ў вёсцы і ціха. Хто на сенажаці, хто ў лесе, хто на рэчцы. Не чуваць нічыйго крыку, піску, смеху. Хоць вазьмі Васілёк ды крычы за ўсіх сам, на ўсё сяло.

—  А вунь і да цябе ідуць,— ці што пачула, ці ўбачыла баба.

Васілёк, усё яшчэ седзячы ў той самотнай паставе, пачаў глядзець то на зачыненыя вароты, то на агарод — там, дзе ў затравелым рагавічку былі веснічкі і сцежка ў поле. Але нічога не ўбачыў. Ён падскочыў і спытаў:

—  Дзе, баба, дзе? — I нарэшце ўбачыў над варотамі зялёнае вудзільна, а ў шчыліне нечае вока. Вароты з рыпам адціснуліся ад шула, і на двор зайшоў Антон.

—  На Беседзь іду,— сказаў ён. Васілёк чакаў, што Антон і яго запросіць на рэчку, але той не запрашаў.

—  Ну дык пасядзі перад дарогай,— сказала баба Антону.

А той, як стаў пасярод двара, так моўчкі і стаяў, мыляючы сваімі тоўстымі мокрымі губамі.

—  Сядзь,— запрасіў і Васілёк, паляпаўшы па загавальні, і сеў сам.

Антон падышоў да загавальні, паставіў на яе босую закарэлую нагу, але не сеў. Яму хацелася нешта сказаць па сакрэце Васільку і каб не чула баба.

—  Баба, давай я чыгунок у хату занясу,— зразумеўшы   Антона,   сказаў   Васілёк.

Баба спахапілася, устала з услончыка, зірнула на сонца, а яно ўжо высока ўзабралася,— войкнула, што яшчэ столькі работы, і, захапіўшы чыгунок, паспяшалася ў прыхатак.

—  Што ты, Антон, хацеў сказаць? — шэптам спытаў Васілёк.

—  Дай гурок,— таксама шэптам папрасіў Антон.

—  Гурок? — расчараваўся ў Антонавай таямніцы Васілёк.— Яны яшчэ горкія.

—  Дай гурок, і я залезу на неба.

—  Хо! — разявіў рот Васілёк.— На неба?

—  Ага.

Было цікава, што прыдумаў сёння гэты Антон, цыганаваты і дурнаваты, як яго называла Васількова маці. Ён заўсёды што-небудзь ды выдумляў, і ўсе яго выдумкі мелі на мэце адно — нешта сабе выгадаць. Не так даўно разам з малышнёй Антон узяў і Васілька ў суніцы. I калі ўсе назбіралі ягад і наеліся да аскомы, Антон аб'явіў, што яны заблудзіліся: «Вось туды Амерыка, там Ня-меччына, там Японія. А дзе наша сяло, не ведаю». Лёгшы на зямлю, Антон прыкладваў то адно, то другое вуха, слухаў. «Ведаю, дзе сяло, ды не скажу». Дзятва, як ягняты, збілася вакол Антона, просіць, каб сказаў. «Добра,— згадзіўся ён,— кожны палову сваіх суніц аддае мне». Суніцы тады пааддавалі ўсе, і Васілёк палову сваіх высыпаў у Антонаў кошык. А цяпер вось гэта прыдумка Антона на неба залезці.

—  Аж туды вунь, дзе ластаўкі лятаюць, залезеш? — не паверыў Васілёк.

—  I вышэй.

—  Ого ж!

Ці ж пашкадуеш агурка, каб такое ўбачыць? Васілёк азірнуўся на вокны хаты, бабулі нідзе не было відаць, і пераскочыў цераз прасла на грады. Сарваў два агуркі, кінуў Антону, які з сабачым спрытам падхапіў іх і запхнуў у кішэнь штаноў. Назад з агарода пералазіў не спяшаючыся. Думаў, якім жа чынам гэты Антон будзе ўзбірацца на неба? А калі ўзлезе, як назад спусціцца? Антон стаў на загавальню абедзвюма нагамі і так пазіраў у неба, быццам прымерваўся да яго высі, выбіраў туды карацейшую дарогу. Жаўтаватыя вочы яго не хітравалі. Вось ён патрос чорнай усклычанай галавой, з доўгімі хвосцікамі валасоў на скронях і шыі,— даўным-даўно галава не бачыла нажніц,— адтапырыў ніжнюю, таўсцейшую губу.

—  Н-да,— паварушыў ён гэтай губой.— А цяпер давай мне лесвіцу.

—  Якую лесвіцу? — здзівіўся Васілёк.

—  А па якой я на неба залезу. Васілёк заміргаў вейкамі, ледзь не зарагатаў: дзе гэта можна такую лесвіцу дастаць? Ды адразу зразумеў, што Антон і на гэты раз яго абхітрыў.

—  Ты ж не казаў, што палезеш па лесвіцы.

—  I не казаў, што палезу без яе. Не казаў?

—  Цыган, дурны цыган! — канчаткова зразумеўшы Антонаву хітрасць, крыкнуў Васілёк.— Толькі падманваеш заўсёды. Ідзі з двору!

У Антона была рэдкая хлапчукоўская якасць: ён ніколі ні на каго не злаваўся, не кідаўся з кулакамі і не біўся, абыякава