ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Люсинда Райли - Сестра солнца - читать в ЛитвекБестселлер - Анна Альфредовна Старобинец - Лисьи броды - читать в ЛитвекБестселлер - Архимандрит Тихон (Шевкунов) - «Несвятые святые» и другие рассказы - читать в ЛитвекБестселлер - Диана Гэблдон - Чужестранка - читать в ЛитвекБестселлер - Анна Сергеевна Марчук - Хитрый, как лис, ловкий, как тигр. 36 китайских стратагем, которые научат выходить победителем из любой ситуации - читать в ЛитвекБестселлер - Эрих Зелигманн Фромм - Искусство любить - читать в ЛитвекБестселлер - Юлия Пирумова - Хрупкие люди. Тайная дверь в мир нарциссов - читать в ЛитвекБестселлер - Мартин Ингвар - Дирижер организма. Как мозг управляет вашим весом и помогает похудеть - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Вячаслаў Адамчык >> Современная проза >> Голас крыві брата твайго >> страница 2
ўжо дзень ляжаў паранены лейтэнант,— зжаліўшыся, яго сюды прывалок Міця. Невядома ж яшчэ, на якім рахунку сам у немцаў, а ўжо свет усім завязаў гэтым параненым савецкім афіцэрам. I што ж рабіць, не крый бог падкажа хто немцам? Літасці ўжо не будзе нікому: ні афіцэру, ні тым больш Корсакам за помач ды спрат.

Ранілі лейтэнанта не немцы, а ненаўмысна і неўспадзеў свае: у кузаве машыны, дзе разам з лейтэнантам сядзела трое байцоў, выстраліла не ўзятая на бяспечнік вінтоўка. Куля ўпілася лейтэнанту ў сцягно, засеўшы недзе глыбока каля косці.

Збялелага ад болю лейтэнанта паспелі правезці ўсяго кіламетраў пяць, і машына спынілася якраз каля Верасава, напроці Гарасімцовай кузні — скончыўся бензін. Шафёр і трое байцоў знялі лейтэнанта з машыны, пасадзілі ў халадку пад кузняю і пайшлі ў вёску, дакляраваўшы напытаць там якога-небудзь доктара і прынесці вады.

Гэта было полуднем, а цень ужо ад нізенькай кузні даўно перапоўз пясчаную дарогу і падняўся, як на дыбачках, на трэцюю дзеравіну недалёкага гумна, аднак байцы не вярнуліся, як не вярнулася і тонкая, як плотачка, маладзіца, з трохгадовай дзяўчынкай, што ехала разам гэтай самай машынай,— ёй, збедаванай ды сплаканай, лейтэнант уступіў сваё месца ў кабіне.

Ён, знявераны, што не можа дачакацца байцоў, спакутаваны ад гарачага болю ў назе і нясцерпнай тамлівай смагі, убачыўшы на шашы чорную легкавушку з адкрытым верхам, у астатняй горкай надзеі выпаўз з канавы, прыпадняўся на адной руцэ і замахаў другою, даючы знак шафёру спыніцца. Бліснуўшы сухою пазалотаю нізкага сонца, легкавушка накаціла на лейтэнанта клубкі горкага пяршывага пылу і схавалася ў ім, фуркаючы і парыпваючы на жвірыстай, пабітай воспамі ямак вузкай шашы.

Здушаны даўкім камяком помсты, лейтэнант зашкроб пальцамі па кабуры, з гарачкі не могучы расшпіліць яе, а потым, калі выцягнуў пісталет, машына ад’ехалася далекавата. Скрыгануўшы зубамі, ён стрэліў у пухкія і вялыя клубкі пяршывага пылу, нема зароў ад злой помсты і бязвольна скаціўся ў закурэлую канаву, дзе праз пласт сівага бруду прабівалася маладая зялёна-ільсністая трава.

Тут на яго якраз і натрапіў Міця.

Натрапіў выпадкам, варочаючыся дадому з Наваградка, устрывожаны і разгублены сам. Адвагі ды няпэўнага спакою дадавала хіба тое, што быў ужо дома. Ён перажыў і першыя бомбы, што ў ціхі нядзельны дзень з візгам і страшным выбухам упалі на рыначны пляц, і яны тады з гаспадыняй, выскачыўшы з драўлянага, заглушанага здзічалымі слівамі дамка, дзе Міця кватараваў, налічылі дзевятнаццаць самалётаў з кароткімі чорна-белымі крыжамі, і бачыў ужо смерць — назаўтра ў рэдакцыі несціхана плакала машыністка: узрывам развярнула яе драўляны дом, забіўшы цётку і стрыечную сястру. Цётку кінула ажно ў суседні двор... Збялелы, перапуджаны рэдактар то недзе бегаў, наказваючы нікуды не адлучацца, бо меліся рыхтаваць спецыяльны нумар, то вяртаўся сцішэлы назад. Знік ён нечакана, на трэці дзень вайны. Па полудні тоўстая, заўсёды потная карэктарша ў чорна-стракатай сукенцы, збегаўшы да яго на кватэру, прынясла ўчутае ўжо ад суседзяў: рэдактар, пасадзіўшы ў легкавую машыну жонку з дзіцём, паехаў яшчэ ўчора...

Не звёўшы вока, Міця перабыў ноч ва ўсцішнай кватэры, дзе ўсхліпвала і падвывала, як па нябожчыку, па сваім мужу, што быў недзе за Бельскам на будаўніцтве аэрадрома, разжураная, разжаленая кабета, і раненька, толькі зашарэўся дзень, выйшаў з хаты.

Глыбокаю, ў росных прысадах вуліцаю па настылым мокрым бруку грукацела адзінокая фурманка. Міця дайшоў услед за ёю да райторгаўскага склада, адкуль жанчыны ў звязаных на рагі хустках, у фартухах і прыполах няслі тлустыя, слізкія ад тавоту банкі кансерваў; адна з іх, немаладая, павярнула чырвоны аблезлы нос на Міцю і падтрасла вышай прыпол, паказваючы кароткія таўставатыя ногі, і ўжо сказала, каб, мусіць, чуў ён: «Немцы занялі Ліду, сёння маюцца быць у Наваградку».

Здумелы, уражаны Міця борзда завярнуў назад да прадмесця і за ім ужо вузенькаю праз сінявата-ружовае з казытлівымі каласамі жыта выйшаў на жвірпетую, абсаджаную шурпатымі, гузаватымі ў камлях ясенямі, яшчэ не пыльную шашу — насустрач, напытваючы кірунак на Мінск, цягнуліся адзінокія здарожаныя байцы. Падлясквалі на выбоістай шашы рэдкія грузавікі, поўныя жанчын, дзяцей, клункаў; там-сям, уткнуўшыся лычаватымі радыятарамі ў канавы, яны ўжо нерухома і прытоена застылі ў нейкім смяртэльным чаканні, як застывае падбіты звер.

Каля верасаўскай шашы за кузняю Міця ўбачыў пастаўлены трохі ўпоперак дарогі чорны грузавік з зялёным трохствольным, узнятым над кабінай кулямётам, а потым, падышоўшы бліжай,— збялелага лейтэнанта, што сядзеў у канаве, горна схіліўшы русава-кучаравую, без фуражкі, голаў.

Учуўшы Міцевы асцярожна шархоткія крокі, лейтэнант нібы ачуняў — яго рукі заграблі зялёна-тлустую закурэлую траву:

— Братишка, помоги...

Лейтэнант трохі прыпадняўся, вочы яго заблішчалі спакутаваным спадзяваннем і адчаем:

— Там в машине сахар, бери!

Міця, яшчэ не разбіраючы, што ад яго хоча лейтэнант, падышоў бліжай і нечакана сумеўся, убачыўшы на правай, вышай калена, лейтэнантавай назе туга завязаную бінтавую павязку з цёмна-крывяной, падсохлай плямай.

— Немцы? — задыхнуўся Міця.

— Да свои... дурачьё, сволочи! — крывячыся ад болю, лейтэнант намагаўся ўстаць, і ў голасе яго зноў дрыжала жальба: — Братишка!..

— Пачакайце, мы, мусіць, не дойдзем? Я зараз збегаю дадому.

— Не оставь, дружок, ранен я,— цягнучы акрываўленую нагу, лейтэнант на руках папоўз услед за Міцем. Вялікія карыя вочы яго прасілі літасці і спагады.

Міця хацеў запрагчы каня або нават узяць перадок ад воза, каб прывязці дадому і на першым разе хоць чым памагчы зблажэламу, спакутаванаму лейтэнанту, але, убачыўшы, што той упарта паўзе за ім, мусіў вярнуцца.

— Бярыся, данясу,— Міця прысеў, і лейтэнант абхапіў яго шыю рукамі.

На плячах і занёс раненага лейтэнанта дадому. Прытуліўшыся за вуглы, верасаўцы падазрона цікавалі, але падавалі выгляд, што не бачаць, каб не мець дачынення да таго, што рабілася на шарай гадзіне пры кузні. Але счакаўшы, калі Міця вярнуўся, як прасіў лейтэнант, каб забраць мех цукру, што ляжаў у кузаве палутаркі, яго ўжо ўспелі сцішком увалачы. У кабіне, праўда, яшчэ вісеў лейтэнантаў шынель — адзежу са спеху ці не прыкмецілі, ці ўжо збаяліся красці хітраватыя верасаўцы.

Пазней Міця дараваць сабе не мог, што прынёс дадому гэты новы з добрага шчытнага сукна афіцэрскі шынель. Праз яго і прылучылася нечаканая бяда, пад самую ўжо глыбокую восень — верасаўцы акурат дакопвалі картоплі. Міця з бацькам завіхаліся каля паграбка — скідалі з воза мяхі. Шары сляпучы поцемак зацерушыў вуліцу,