Литвек - электронная библиотека >> Віктар Карамазаў >> Современная проза >> Зямля Фердынанда >> страница 3
class="book">Тасео et observo?..

Ці хопіць сілы жыць, як патрабуе крэда?


2


Яшчэ нядаўна быў Вялікдзень, а ўжо Сёмуха.

У маёнтку Рушчыцаў гэтае свята ўсе любілі. Любіў яго і Ферды­нанд. Вялікдзень на кожнае жывое каліва браў мерачку, каб шыць па ёй паслязімовыя абновы, а Сёмуха іх апранала і абвяшчала лета. Яна была апафеозам любімых у прыродзе і ў мастака зялёных колераў - жыцця апафеозам. Дык як ён мог на Сёмуху не ехаць у Багданаў?

Але як было ехаць сёлета?

Год выдаўся 1897: сышліся гэтаю вясной дарогі, якія і сам масціў, і за яго масціў ягоны лёс. Яшчэ не ведаў, куды і як яны далей пралягуць, павядуць, сказаць пэўна не мог, мог толькі прадчуваць, жадаць і спадзявацца.

Ён верыў у Бога каталіцкага, у Хрыста, у існаванне лёсу, а лёс - за­гадка, як і Бог.

Як мог у Багданаў ехаць, калі дзён заставалася так мала да найгалоўнейшай падзеі за ўсе акадэмічныя гады, да абароны дыплома? На абарону акрамя эцюдаў ды эскізаў мусіў выставіць яшчэ і тры карціны, а дзе яны? "Вясну", адну з трох, напісаў, паказваў калегу Урублеўскаму - той прамаўчаў. Не захапіла? Потым яе ўбачыў Рэрых, таксама сябра, талент, і захапіўся. Ды як! З майстэрні выйшаў і праз хвіліну зноў пастукаў у дзверы, зайшоў яшчэ раз паглядзець - усклікнуў: "Што ты са мной зрабіў?" - "А што такое? - не зразумеў яго адразу. - Чым вінаваты я?" - "Ды надта ж прыгожая карціна атрымалася, душу маю дастала..." - Запляскаў у далоні.

Але адной карціны, хоць і ўдалай, мала, каб даказаць, што ты мастак, дыплома варты. Яшчэ задуму меў пісаць "Вячэрнюю зорку" з Фаўнам і "Трытонаў". Зімой рабіў да іх эскізы. Куінджы тады ўбачыў - насцярожыўся, але і падтрымаў: "Не, я не супраць маладых фантазій, як ёсць задума і настрой, пішыце, але сам тэм гэтакіх пабойваюся. Рэалісту цяжка адрывацца ад рэальнай натуры, а тут прыгожы міф, ён патрабуе асобага натхнення, поўнай свабоды ўяўлення, вялікай творчай смеласці. Вас захапілі Бёклін, Штук? Ну што ж, вы рэаліст малады, паспытайце, чым пахне гэтакая рамантыка". Яшчэ доўга ўглядаўся ў эскіз марскога пейзажа з трытонамі, старым і маладым, спытаў: "Вас, бачу, непакоіць святло? Нам тут, пад шэрым небам у сталіцы царскай, святла заўсёды мала. Свабоды і святла". Узяў палітру, перанёс з яе ў эскіз фарбачку, потым другую, трэцюю, на цёмным месцы зрабіў светлы мазок, шукаючы патрэбны тон. Спачатку асцярожны з фарбамі, ён вельмі хутка адчуў сябе нібыта за сваім мальбертам, мазкі клаў смела, нікога вакол не заўважаючы, нават і аўтара эскіза. Захоплены настаўнікам, ягонай апантанасцю ў працы, Фер­дынанд адышоў убок, але вачэй не зводзіў з пэндзля, як лётаў ён, гуляў з святлом ды з ценямі на скалах, у моры, шукаючы рухомыя адценні, як высвеціўся раптам далягляд марскі, заззяў у сонечнай смузе. Запанавала амаль містычнае чароўнае святло. Настаўнік ад мальберта адышоў, з іншага боку прыгледзеўся да эскіза, што там на ім зрабіў, палепшыў ці пагоршыў, з усмешкаю, як задаволены, аддаў палітру ў рукі Фердынанду.

- Ну вось, я гэтакім у тоне бачу ваш сюжэт. А вы іначай бачыце. Дык гэтак і павінна быць. Кожны спявае па-свойму.

Як быццам нічога не падказаў, не патрабаваў, не павучаў, быў проста рады папрацаваць з палітрай, і разам з тым даваў урок, як трэба шукаць цікавы тон, як бачыць матыў.

Але чаму пасля таго цудоўнага ўрока шмат дзён не падыходзіў да мальберта? Не натхнілі парады настаўніка? Згубіў імпэт? Стаміўся? Што здарылася?

Аднойчы нейкі студэнт, не вучань Куінджы, не жывапісец нават, паспрабаваў звярнуцца са сваім пытаннем да рэктара, а таму не спадабалася, што студэнт стаяў перад ім як вольны чалавек, - прагучала каманда, нібы ў войску: "Руки по швам!" Яна разнеслася адразу па Акадэміі, усіх абурыла. Студэнты не выйшлі на заняткі, патрабуючы, каб рэктар прасіў прабачэння ў зняважанага калегі. Тады сабралася кіруючая Рада вучэльні, падтрымала рэктара і выдала пастанову аб звальненні ўсіх, хто не вернецца ў аўдыторыі ды майстэрні. Куінджы быў сябрам Рады, але пастанову, фактычна рэпрэсіўную, не падпісаў. Гэта дало адміністрацыі падставы абвінаваціць яго ў падбухторванні студэнтаў да бунту.

Што адбылося далей, Рушчыц занатаваў у сшытку:

"Куінджы стаяў перад студэнтамі жоўты, на сябе не падобны. Ціхім узрушаным голасам сказаў: "Акадэмію хочуць зачыніць. На мяне глядзяць як на кіраўніка вашых хваляванняў. Я вымушаны падаць у адстаўку. Але гэтага не зраблю, калі вы пачнеце працаваць". I тут адбылося неверагоднае. Студэнты абступілі настаўніка, абдымалі яго і плакалі. Істэрычны плач авалодаў і мною..."

Віцэ-прэзідэнт Акадэміі граф Талстой наведаў Вялікага князя Уладзіміра Раманава, брата цара Аляксандра III. З’явіўся загад аб звальненні Куінджы з Акадэміі. У адказ на гэта пяцьдзесят сем маладых мастакоў, сярод якіх быў і Рушчыц, абвясцілі аб стварэнні Таварыства Куінджы.

Фердынанд быў не толькі ўзрушаны, але разгублены. Як далей жыць і працаваць, ад каго, калі не ад Куінджы, чакаць цяпер творчай падтрымкі? Адміністрацыя дасць новага настаўніка? А якога? Не іначай, як такога, што скамандуе: "Руки по швам"? Як з галавы і сэрца выкінуць маральную атруту апошніх дзён і супакоіцца, каб падысці да мальберта? Ніхто з сяброў у майстэрню не заглядаў: дзе хто - не ведаў. Хадзіць туды не стаў і ён. Супакоіць магла добрая, з цікавым сюжэтам, кніга? Па вечарах, да поўначы, чытаў "Затоплены звон" Гаўптмана: захапіўся вынаходлівымі сюжэтнымі хадамі, жывымі вобразамі, зменлівымі настроямі. З кнігай пад падушкаю і засынаў. А раніцай прачынаўся - зноў Зеўс у галаве.

Колькі дзён адседзеўшы дома, на вуліцу выйшаў - куды ісці далей? У вучэльню да мальберта ногі не вялі. Адкрылася выстава перасоўнікаў - падаўся па творчае натхненне. А там - ні свежых тэм, матываў, кампазіцый, ні каларыту. Быў Левітан, але не той, што ў мінулыя гады: халодны шэранькі пейзаж, прывезены з Фінляндыі, нібыта мастаку свае, у Расіі, мала шэрані.

З адной выставы выйшаў - паклікала другая, гарадская: там, можа, ратунак ад цяжкіх думак? На конку сеў, паехаў - і там за галаву схапіўся: ля прымітыву - прымітыў. Вяртаўся - думаў: няўжо ўся краіна на гэтакім, як у Акадэміі, вулкане? Спустошаны, прыгнечаны, без святла ў вачах, дадому прывалокся, зваліўся ў крэсла і на стале заўважыў канверт паштовы. Адразу падумаў, што стары, з лістом даўно прачытаным ці без ліста. Але ж уранні яго тут не было?

У акне вісела неба нізкае, цяжкое. Успомніў, загледзеўшыся на яго, фінскі пейзажык Левітана, а ўжо рука намацала канверт, адчула, што нідзе не надарваны. Мо новы ліст з Багданава?..

Пісала маці:

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Стефани Шталь - Ребенок в тебе должен обрести дом - читать в ЛитвекБестселлер - Кэтрин Стокетт - Прислуга - читать в ЛитвекБестселлер - Фредрик Бакман - Бабушка велела кланяться и передать, что просит прощения - читать в ЛитвекБестселлер - Джесси Шелл - Геймдизайн - читать в ЛитвекБестселлер - Фредрик Бакман - Мы против вас - читать в ЛитвекБестселлер - Эсме Швалль-Вейганд - Выбор - читать в ЛитвекБестселлер - Дженнифер Акерман - Эти гениальные птицы - читать в ЛитвекБестселлер - Хиро Арикава - Хроники странствующего кота - читать в Литвек