Литвек - электронная библиотека >> Іван Чыгрынаў >> Советская проза >> Плач перапёлкі

І


Ноч была з расой, ажно халодная, як у самую восень. Але ціша стаяла нязвычная — у наваколлі больш не чулася таго грукату і гулу матораў, што прынесла ў забесяддзе вайна.

Астаткі 55-й дывізіі, якая ўваходзіла тады ў 13-ю армію, што абаранялася на Сажы паміж Прапойскам і Крычавам, без баёў пераправіліся цераз Бесядзь, невялікую раку на паўднёвым усходзе Беларусі, і адступілі на Стругаўскую Буду. У тым баку падрыхтаваны быў новы абараняльны рубеж: ажно ці не месяц бабы і хлопцы дапрызыўнага ўзросту ездзілі з Верамеек капаць акопы і супрацьтанкавы роў. Спярша было пачалі вазіць акопнікаў да Латокі — за мястэчка Бабінавічы, але прыехалі аднекуль вайскоўцы на «эмках» і загадалі спыніць работы. Тады акопнікаў пасадзілі на калгасныя машыны, якія яшчэ не паспелі рэквізаваць для арміі, і перавезлі за Стругаўскую Буду. Адтуль калгаснікі звычайна вярталіся ў Верамейкі праз тыдзень — змена за зменай, і бабы хваліліся, што калі на Сажы нашы і не затрымаюць немца, то ўжо далёка за Іпуць — гэта значыць, за другі вялікі прыток Сажа — ён, няйначай, не пройдзе: там столькі наварочана аднае зямлі ды бярвення ў пясок пакладзена, што нават чорт сабе нагу пакалечыць. Але пакуль баі ішлі на Сажы, была надзея — а раптам немца сапраўды далей не пусцяць, і Верамейкі ўратуюцца ад бяды. Гаварылі таксама, што і ў тую вайну — у першую імперыялістычную — германец тут да Бесядзі не дайшоў. Але ў канцы ліпеня выбраліся ў бежанцы абозам бабінавіцкія яўрэі. А яшчэ праз тыдзень верамейкаўцы ўбачылі, як два трактары на гусенічным хаду павезлі па пясчаным бальшаку з Белае Гліны велізарную гармату: паасобку — ствол і лафет. Дальнабойная — ківалі галовамі мужыкі, а раз дальнабойную цягнуць з фронту, значыць, адступаюць. Людзі неяк адразу прыціхлі, пачалі закопваць у зямлю скарб, падалей ад чужога вока. У пачатку жніўня старшыня калгаса Радзівон Чубар сабраў апошні агульны сход. З двух пасёлкаў — Мамонаўкі і Кулігаеўкі, якія таксама ўваходзілі ў верамейкаўскі калгас як адна брыгада, прыйшоў на сход толькі стары праўленец Сідар Раўнягін. Тады Чубар паслаў у Мамонаўку па аднарукага Баханька — з Крутагор’я, раённага цэнтра, пазванілі па тэлефоне, каб вярталі з поля апошніх калгасных кароў. Асноўны статак — паўтараста дойных кароў — пагналі з Верамеек раней. За пагоншчыкаў там былі намеснік старшыні калгаса Дзяніс Зазыба і двое калгаснікаў, якія па гадах яшчэ не падлягалі мабілізацыі, — Іван Хахол і Мікола Рацэеў. Апошніх кароў таксама трэба было гнаць у тым жа напрамку — праз Карачоў на Хатынічы. І калі аднарукі Баханёк пачуў, навошта яго выклікаў у Верамейкі старшыня, то доўга аднекваўся, нават паплакацца не пасаромеўся, але Чубар не адступіўся, і Баханёк мусіў збірацца ў дарогу. Выганялі статак у нядзелю, надвечар. Каровы нібы адчувалі, што наперадзе вельмі доўгі шлях, таму жаласна мычалі і, пакуль праганялі іх вуліцай, шыліся па дварах, абы адчынены былі ў каго вароты. Чубар сам памагаў вытурваць іх адтуль, пхаў прыкладам вінтоўкі, лаяўся і ўсё крычаў на баб, якія ўпрошвалі, каб пакінулі ў вёсцы хоць маладняк, — маўляў, яшчэ ж невядома, як яно будзе далей. Але Чубар ажно злаваў, кажучы, што ёсць указанне з раёна і што ён не мае права на свой одум пакідаць ворагу калгаснае дабро. Нарэшце статак апынуўся за коўратамі, і Баханёк, ляскаючы пугай, пагнаў яго па дарозе на Гутку. А яшчэ праз пару дзён у вёску вярнуўся Дзяніс Зазыба. Івана Хахла і Міколы Рацэева з ім не было: тыя падаліся на прызыўны пункт у Хатынічах.

Зазыба вярнуўся ў вёску ахлялы — напіўшыся па дарозе ў Верамейкі халоднай вады, ён падхапіў гарлянку. І калі ў хату да яго прыйшоў старшыня калгаса, гаспадар ляжаў на шырокім драўляным ложку. Выгляд у яго быў як зачаўраны.

Чубар паставіў у кут вінтоўку, знарок голасна спытаў:

— Ну як там?

Зазыбава жонка Марфа паправіла на мужавых нагах коўдру і ціха выйшла з хаты: яна і раней заўсёды выходзіла, калі Чубар бываў у іх.

— Кароў здалі. Распіска з пячаткай во-он на стале. Толькі сам от... — Зазыба вінавата паглядзеў на Чубара. — Але ж неяк ачуняю. Не першы раз. Яна заўсёды мяне во так, гэта гарлянка, бытта ліхаманка, выпетрывае ўсяго.

Чубар прайшоўся па хаце — мужчына ён быў дужы, пудоў на шэсць, і маснічыны, рассохлыя за лета, запішчалі пад яго нагамі.

— Але доўга нешта вы там, — плюснуў Чубар прыжмуранымі ад бяссонніцы вачамі.

— Дак... як справіліся...

Тады Чубар сказаў, але ўжо нібыта ў злосці:

— На шапачны разбор, лічы, прыйшоў!..

Зазыба пацёр левай далоняй кончык шырокага носа, наморшчыў няголены твар:

— Ты б сеў, Антонавіч...

Чубар паслухаўся і адышоўся да ўслона, прыстаўленага да сцяны. Але сеў бокам, нібыта толькі з тым, каб глядзець праз акно на вуліцу, і Зазыбу было відаць яго патыліцу і левае вуха. Нейкі час старшыня маўчаў.

— Не разумею, — нарэшце паціснуў ён плячамі, — чаму ты не застаўся там? Усе бягуць як падалей адсюль, у тыл, а ты раптам?

— Я, Антонавіч, за гэты час, як ішоў сюды, паглядзеў трохі і на людзей і на свет. Дак адны і праўда, як ты кажаш, бягуць, а другія дак і не думаюць. Так яно і з Верамеек, здаецца ж, ніхто не пабег?

— Ну і што? — нібыта не зразумеў Чубар. — Але ты калгаснікаў не раўняй з намі. Калгасам жа кіравалі мы з табой. Ці, можа, забыўся?

— Не, пра гэта я не забыўся, — усміхнуўся Зазыба.

— Дык няма чаго тады пустое гаварыць! А можа, ты спадзяешся і з новай уладай паладзіць? Што ні кажы, і сам як бы пацярпеў, і сын твой...

Зазыба пасунуў да сцяны падушку, сеў: ён раптам адчуў, як пачало не хапаць яму паветра.

— Ну, от што!.. Ты гэта!.. — адно здолеў вымавіць ён.

Да Зазыбы вярталася непрыемнае пачуццё, якое ўзнікла гадоў колькі, пасля арышту Масея. З’явілася яно тады не таму, што раптам знялі са старшынь яго, Зазыбу, а паставілі Чубара. Якраз гэта Зазыба перажываў без асаблівага надлому, можа, нават таму, што няшчасце, якое здарылася з сынам, завалодала яго істотай, узяло верх над усім, і не было як думаць пра асабістую крыўду. Тым больш што Зазыба лічыў — ды і не адзін ён, — што з ім яшчэ абышліся не дужа крута: не даў у крыўду сакратар райкома партыі Пракоп Маштакоў. Да таго ж і наверсе было ўлічана мінулае — грамадзянская вайна і амаль васьмігадовае старшынства ў калгасе. І вось у той пакутлівы час Чубар нібыта ўшыўся ў сабачую скуру і кожны раз не мінаў сыпануць солі на жывую рану — папікаў разам з іншымі Зазыбу за «блізарукасць». Тады Зазыба, здаецца, разумеў Чубара: чалавек проста не хацеў, каб гісторыя са старшынёвым сынам нейкім