Литвек - электронная библиотека >> Нил Семёнович Гилевич >> Документальная литература >> Год дзевяноста восьмы. Выбраныя старонкі дзённіка

Ніл Гілевіч


Год дзевяноста восьмы. Выбраныя старонкі дзённіка


1-га студзеня. Вось і пачаўся Новы. Сустракалі... ніяк. Іванаўна, ушчэнт выматаная і заматаная, не стала нават чакаць “віншавання”. А я не стаў слухаць. У 24.00 выпіў кілішак, пайшоў у свой пакой і гадзін да трох карпеў над “Лодачкамі” (можа, гэту назву і пакіну).

“Звязда” надрукавала мае “Сем тэзісаў незастольнай прамовы”, але — дзе і як надрукавала! Адразу і не знайшоў. Толькі як у другі раз, праз колькі гадзін, узяўся праглядаць газету... “Цётка, а во яно ё!” Але ж і пастараліся! Ты бач, як страх пад скуру пайшоў!.. Вельмі шкадую, што пісаў. Па просьбе ж. Уважыў Таццяну Антонаву.

5-га студзеня. У 16.00 быў у Балгарскай Амбасадзе, доўга гутарылі з Маркам, пасля далучылася і Ані. Гаварылі пра сітуацыю ў іх краіне, пра ўзаемаадносіны паміж пісьменнікамі ў Сафіі (паміж СП і Садружнасцю, адным з заснавальнікаў якой і быў Ганчаў). Адкрыў для сябе, якая страшная ў сям’і Ганчавых крыўда на Джагарава, Ані аж закіпала нянавісцю, калі заходзіла аб ім. Божа прамілы! А мы ж былі з ім у сяброўскіх адносінах, і колькі ён дабра мне зрабіў... Доля — сябра ўсёй балгарскай паэзіі, не творчасці аднаго-двух. Адчуў, што Марка занепакоены наступлением да мяне інфармацыі з СПБ, які ў руках яго незычліўцаў. Так, чаго добрага, і я ўцягнуся ў міжусобіцу.

7-га студзеня. Калядаваў у Стасевічаў. Добрыя, мілыя людзі. Эпікурэйцы. Аптымісты. Нават весельчакі. А я — зануда. Слухаў іх песні і прыпеўкі — пад гармонік. Так бы і жыць, халерачка! Чытаў ім свае “песні прапашчага”. Уразілі. Першае публічнае чытанне.

8-га студзеня. Вечар правёў у Ганчавых, на кватэры, як і дамаўляліся. Ані спецыяльна для мяне (а чакалі і Ніну) згатовіла адмысловую “шкембе-чарбу”. Не еў, бадай, гадоў дваццаць. Гаварылі ўсё пра тое ж — у працяг папярэдняй сустрэчы. Ужо чатыры гады, як Марка і Ані тут, а мы так рэдка бачымся, ад выпадку да выпадку. Дзіўнаваты ён чалавек, “барсукаваты” трохі. Але рэч не ў гэтым. А ў тым, што стала з Балгарыяй у маёй душы. Як усё трагічна перайначылася! Сказаць жа ім — не магу. Як і Найдзену.

9-га студзеня. Напісаў Ліпскаму артыкульчык пра “смех” — для зборніка аўцюкоўскага фальклору. Трохі сядзеў над “Лодачкамі”. Заўтра пачну рэдагаваць “Запіскі розных гадоў”. Абяцаў Наркевічу і “ЛіМу”. Пачну з “ЛіМа”. Пэўнасці наконт “Звязды” — пасля таго! — не маю.

13-га студзеня. Быў на рэдкалегіі “Полымя”. Дзялілі прэміі. Абмяркоўвалі план на паўгода. Выступіў з прапановай больш друкаваць моцнай публіцыстыкі. Каваленка рэзка крытыкаваў артыкул Дубаўца, іншыя (Федарэнка, Пісьмянкоў) таксама. І я далучыў свой голас.

23- га студзеня. “ЛіМ” апублікаваў першую палавіну “Запісаў” (назву трэба мяняць). Пазванілі адно Брыль і Матукоўскі. Брыль спытаў, чаму не ў “Полы­мя” аддаў я гэту эсэістыку. А таму — каб не злоўжываць. “Полымю” прапаную “Лодачкі”.

27-га студзеня. Адвёз у выдавецтва “Полымя” рукапіс “Наканаванага”. Доўга гутарылі з рэдактарам Ірынай Львоўнай (мая былая студэнтка Проніна, унучка А. Моркаўкі, пра што са здзіўленнем дазнаўся ад Брыля). Склаў я гэты том, можа, як ніякі іншы — любоўна. А гарантый, што выйдзе — ніякіх. Хоць дагавор і падпісаны. Але што ў эпоху цыганшчыны дагавор!..

30-га студзеня. У “ЛіМе” - заканчэнне маіх “Запісаў”, сярод якіх і водпаведзь “ліквідатарам літаратуры савецкай эпохі”. Пазваніў... здаецца, адзін Прыходзька. Іншыя, хоць і ўсе, ведаю, згодныя са мной, не абазваліся. Страшна. Боязна. Тэлефон на ўліку. “Кантактуецеся!” Лепш не рызыкаваць.

Пры сустрэчы пісьменнікі ўсё яшчэ ўдакладняюць: ці я выйшаў з Саюза пісьменнікаў, ці толькі з Рады і Прэзідыума. І ўсё шукаюць: дзе тут і што тут, апрача відочнага і зразумелага.

2-га лютага. Ездзіў у “Вожык”. Пасядзеў крыху у Б-на. Нешта зусім не так гаворым, як калісьці. Зусім не так!.. А будзе і яшчэ горш. Прадчуваю.

Пачалі званіць наконт аўтарства “Лысай Гары” — у сувязі з маёй публікацыяй у “ЛіМе” за 30-га. Я гэтага чакаў. Прымусіў многіх прызадумацца. Відаць, і беднага “К. Я-ча”.

3-га лютага. Накупляў газет. У тым ліку і “Белоруссию”. А ў ёй... размова дробнага куслівага ненавіснічка беларушчыны Аўруціна з... Бураўкіным. Вось гэта сюрпрыз! І якая ж ліхая доля загнала яго туды, у гэту антыбеларускую газету? І не згідзіўся? Ды яшчэ і апраўдваецца, што не русафоб, і што па-руску гаворыць без беларускага акцэнту, і што за “Всемирную литературу” і наогул — усяго на ўсяго супроць хамства (а што прадаюць Беларусь, ліквідуюць нашу незалежную дзяржаву — пра гэта ўжо ні слова!). Ну, што ж! Усё вяртаецца на “кругі свая”. І ад гэнага акенца — таксама.

6-га лютага. А. М-іч апублікаваў у “ЛіМе” кароткі водгук на маю кніжачку “Маладое бестурботнае...” Звярнуў увагу, што пачатак стылю “Родных дзяцей” — там, у “паэмах” з педвучылішча. Канечне ж, там!..

Рыхтую (чышчу стылістычна) новыя кавалкі старых запісак — для “Звязды”. Назву дам: Роздумы, рэплікі, згадкі.

11-га лютага. Выйшла, нарэшце, у Багдановіча, кніжыца “Ёсць зямля” — самая трагічная з усіх маіх паэтычных кніг. Па запрашэнню Санько ездзіў у выдавецтва. Далі мне 50 экз. — адну шостую ад усяго тыражу. Так, наклад — 300 экз. Як год назад у Еўтушэнкі (чытаў недзе). Выйшла брашуркай, тоненькая, але — культурна, зграбненькая, з густам аформлена. З 80-ці вершаў — 60 пра наш няшчасны лёс, пра мову, пра наша супроцьстаянне ворагам беларушчыны. Напэўна, яе паяўленне ў свеце адрыгнецца мне, дый моцна.

13-га лютага. Абакумоўская ў “Рэспубліцы” за 11.02 “з’ела з кішкамі” Раеўскага, і не толькі. Дасталося і Міністэрству. Не сумняваюся, што пад дыктоўку М-га. Надумаў і я выказаць сваё набалелае пра наш Нацыянальны Акадэмічны. Можа, і дарэмна лезу ў гэту не сваю парафію, але ж і прамаўчаць немагчыма. Шмат гадоў насіў у душы крыўду і злосць на замаскаваных ворагаў нашай культуры, нашага гонару і славы. У што ператварылі лепшы тэатр краіны!..

Але ж і шанцуе нам на дзяржаўных кіраўнікоў-апекуноў культуры! І адкуль яны толькі бяруцца гэткія?!.

19-га лютага. Ужо амаль кляўся, што больш не пайду на публічныя сустрэчы з чытачамі. А перад просьбай настаўнікаў — не ўстаяў. Пайшоў, у абласны інстытут удасканалення, да Грудзінскага. Вядома, з настаўнікамі гутарыць цікава. Іх таксама вельмі хвалюе лёс нашай мовы, пра гэта было шмат пытанняў да мяне. Пыталі і аб праграмных творах, як “Родныя дзеці”. Закупілі 30 асобнікаў маёй новай кніжыцы — усім зрабіў на ўспамін надпіс. Чытаў шмат вершаў. Нібыта і ўсё добра. Людзі слухаюць,