Литвек - электронная библиотека >> Алесь Савіцкі >> Советская проза >> Белы гарлачык >> страница 2
гаварыла потым, што той і слухаць не хацеў, казаў, вялікія люстэркі будуць даваць для пакояў, дзе жывуць па тры чалавекі, але потым памякчэў і сказаў, што дзеля прыгожай дзяўчыны ён можа крышачку змяніць загад свайго начальства. Адэля дамаглася свайго: люстэрка паставілі ім. Васіліна ж пэўна не змагла б зрабіць гэтак. «Так, так, не змагла б. 3 табой ён нават і размаўляць бы не стаў,— маўкліва кіўнула ёй галавой другая Васіліна з люстэрка.— Ты паглядзі толькі на сябе. Валасы чорныя і прамыя, як пруткі. Твар схуднелы, а нос... Вочы — вугольчыкі: калючыя, злосныя...»

Васіліна ўздыхнула: «Не, у кніжцы іншая!»

За акном пачуліся дзіцячыя галасы. Пад дрэвам забаўлял'іся дзеці. Хлопчык у кароткіх штоніках цягнуў за вяровачку чырвоны грузавічок з пяском. У кузаве былі пасаджаны дзве лялькі. Хлопчык, склаўшы губы гудочкам, заўзята надзімаў шчокі і гучна, быццам нехта замінаў яму ехаць, трубіў. За грузавічком ішлі тры маленькія дзяўчынкі ў запэцканых плацейках; адна несла вялікую ляльку, для якой, відаць, не хапала месца ў грузавічку, а другія трымалі ў руках маленькія букецікі кветак. Дзяўчаткі нешта спявалі, але іх спеў заглушала дужае і ганарыстае гудзенне хлопчыка.

Яна захінула фіранку. Па краях губ ляглі зморшчкі, а ў вачах — памякчэўшых і ўсё яшчэ радасных — нарадзіўся водсвет пакрыўджанасці: дзіцячы грузавічок нагадаў ёй Адэлю і сябровак, якія паехалі на машынах у лес.

Зашамацела фіранка. У твар Васіліны дыхнула цёплым паветрам, і ёй здалося, што яна стаіць у кузаве машыны, трымаючыся за кабінку. Дарога ў сонечным бляску. Спяваюць дзяўчаты, хусцінкі трапечуцца, як крылы. Уся істота спявае, і сэрца рвецца наперад, у блакітную далеч, адкуль ляціць свежы і пругкі вецер...

Васіліна падбегла да шафы, усміхаючыся зняла з вешалкі стракатае летняе плацце. Спакавала ў чамаданчык рэчы, якія маглі б спатрэбіцца на рацэ, але пайшла з пакоя не адразу: пастаяла трошкі, разважаючы аб нечым. Ёй здалося: нешта такое дужа важнае не зроблена. Позірк упаў на паліцу з кнігамі. «А-аа! Вунь што. Ледзьве не забылася». Яна адкрыла чамаданчык і паклала туды кніжку, у якой апавядалася пра цудоўную дзяўчыну Васіліну.


2

Даехаўшы да лесу на аўтобусе (машыны рэйсавалі спецыяльна на гэты дзень), Васіліна доўга шукала сваіх сябровак. Яна шукала іх ля столікаў, пастаўленых проста ў засені ялін, ля шэрых бочак, у якіх стаялі вялікія бляшанкі з марожаным, пераходзіла палянкі, дзе пад гармонік танцавалі на траве. Адэлі нідзе не было, і Васіліна, ужо зусім страціўшы надзею знайсці яе ў гэтым вялікім па-святочнаму стракатым натоўпе, зноў выйшла на гасцінец. Але ўбачыла яшчэ больш позніх пасажыраў, якія, смеючыся і размахваючы клуначкамі, выскаквалі з аўтобусаў. Васіліна ўзрадавалася, што не апошняй прыехала на лясное свята.

За гасцінцам пачынаўся сасновы гай. Дрэвы раслі рэдка, сонца добра прыпякала шурпатыя, таўшчэзныя ствалы, і ад іх аддавала гарачынёй, моцна разагрэтай смалой. Сосны цягнуліся да самага яру, у гэтых месцах крутога і высокага, апавітага вузлаватымі, пад колер чырвонай гліны, карэннямі. Ля вады, як і ў лесе, стракацелі хусткі дзяўчат, на чаўне іграў гармонік.

Стаміўшыся ад доўгіх пошукаў, Васіліна знайшла сабе месца на беразе і легла на гарачым ад сонца пяску. Побач са смехам і жартамі кружыліся вакол каменя дзяўчаты. Яны паклікалі яе на даламогу, і Васіліна ахвотна пайшла да іх.

Вывернуўшы камень, дзяўчаты адкацілі яго ўбок і паселі на ім. Васіліне за асаблівую стараннасць далі першае месца. Камень быў халодны, быццам з жалеза зроблены. Потым дзяўчаты пабеглі купацца. Разам з усімі Васіліна пырскалася вадой, з падробленым жахам войкаючы ад халодных кропель, гушкалася на хвалях, якія пакінуў за сабой кацер, гуляла ў валейбол, каб сагрэцца.

Мячык быў цяжкі і коўзкі — дзяўчаты паспелі ўжо намачыць яго ў рацэ. Васіліна даўно не была на валейбольнай пляцоўцы і таму гуляла з нейкім смешным пачуццём сарамлівасці за гэты дзіцячы занятак. I ўсё ж ранейшы спрыт жыў у яе руках: пальцы на кароткае імгненне дакраналіся да мяча, і ён узлятаў высока ў паветра. Нехта, ударыўшы няўдала, выбіў мячык за круг. Васіліна павярнулася, хутка і лёгка, нібы вавёрка, скочыла ўслед за ім. Падаючы на пясок, яна кароткім ударам перахапіла мячык, і ён зноў узляцеў у самую сярэдзіну ігракоў.

Хлопцы, што стаялі непадалёк, заварушыліся. Адзін з іх заўважыў:

— Спрытна!

Ён стукнуў па шакаладных ад загару грудзях, зухавата насунуў квадратную белую шапачку, зробленую з насоўкі, і дадаў:

— Нешта цыганскае... Аго-оонь дзяўчына! Пайшлі знаёміцца...

Дзяўчаты дазволілі стаць хлопцам у круг. Васіліна гуляла цяпер і хвалявалася, як гэта часта было на экзаменах у школе, а калі гульня скончылася, ёй зрабілася нават трошкі крыўдна. Хлопец у белай шапачцы падышоў да Васіліны і сказаў ні то жартам, ні то сур’ёзна:

— Вы добра гуляеце. Пазайздросціць можна...

— Што вы! — Яна адчула, што чырванее.— Зусім дрэнна... Развучылася...

Знаёмячыся з хлопцам, Васіліна назвала сваё імя і адразу ж адчула, што разгубленасць знікла. У пахвальных словах яна пачула ненатуральнасць і глыбока захаваную кпіну. Погляд яе зрабіўся падазроным і недаверлівым. А хлопец ёй спадабаўся адразу ж! У яго быў загарэлы твар, і таму вялікія сінія вочы здаваліся незвычайна светлымі і зубы, калі ён усміхаўся, таксама незвычайна белымі, бялявымі былі і бровы. I імя ў яго трошкі смешнае — Віцька. Ён так і сказаў «Віцька», папрасіў гэтак зваць яго, дадаўшы, што ён да таго прывык і ўсе ягоныя сябры іншага імя за ім не прызнаюць.

У горад яны вярталіся разам. Час быў яшчэ ранні. Васіліна ахвотна адмовілася ехаць на аўтобусе і згадзілася ісці берагам ракі. Гэта, праўда, трошкі далей, але затое цікава. Ды і як было адмовіцца, калі Віцька так настойліва прасіў...

Яна ішла басанож па пясчанай стужцы, што намыла вада на прыберазе. Туфелькі нёс у чамаданчыку Віцька. Часам хвалі колка казыталі ногі, і яна смяялася. У маленькім заліўчыку, сярод рознага багавіння, якое размерана гойдалася ад плыні, Васіліна ўбачыла белую кветку.

— Глядзіце, гарлачык! Белы гарлачык!

Віцька храбра рынуўся ў ваду, дастаў гарлачык, абтрос яго і падаў Васіліне:

— Шчаслівыя! Такія гарлачыкі на рацэ рэдка стрэнеш...

Сарамліва і ўдзячна ўсміхаючыся, яна ўзяла з віцькавых рук кветку. Белыя пялёсткі, запакаваныя ў зялёныя крышачкі, яшчэ развінуліся слаба, сярэдзіна гарлачыка была закрыта. Васіліне здалося, што яна трымае ў руках