Литвек - электронная библиотека >> Алесь Савіцкі >> Советская проза >> Узаранае поле >> страница 20
Ён і Гонта выйграюць гэты бой! Выйграюць? Яны яго ўжо выйгралі!

Зноў завітала да яго гэтая думка, і яна яшчэ больш супакойвала, як бы крэсліла бяду, і ён з дзіўным задавальненнем разумеў,— яны з Гонтам ужо вышэй бяды, яны для яе недасягальныя ў тым сэнсе, што нікому ўжо не суджана змяніць і перарабіць тое, што яны пакідаюць пасля сябе — абсеянае, уробленае поле. Будуць ісці дажджы, і будзе свяціць сонца, і будуць плысці над полем сінія туманы ад ракі, і будуць спяваць жаўрукі, і поле будзе зелянець, і потым падорыць людзям свой плён… I няхай эсэсаўцы крычаць на ўзмежку, няхай трасуць аўтаматамі, падспешваючы іх. Няхай! Ён і Гонта будуць ісці гэтак жа, як і ішлі напачатку — нетаропка, упэўнена, спакойна. Каб жа вось толькі не мучыла паскудная дрыготка, што карабаціць шыю і плечы.

«Ты павінен глядзець на нешта адно. Выбраць сабе мэту павінен…»

Алег спыніў свой позірк на эсэсаўцу, які стаяў на самым краёчку ўзмежка, побач са скібкай чорнай зямлі, што вывернуў плуг на траву. Як ён дзіўна стаіць!.. Зыбаецца, быццам з гумы, узмежак… Не, узмежак нерухомы, гэта эсэсавец зыбаецца: з наска на пятку, з пяткі — на насок… I чорная пілотка, што заціснута пад шырокую дзягу адным крайком, таксама зыбаецца… I зыбаюцца плечы, і рукі зыбаюцца… I зыбаецца галава… I бялявыя, з кароткім праборам ля левага вуха, валасы зыбаюцца, як бы ўздрыгваюць ад штуршкоў знутры… Нерухомыя толькі вочы… Падобна, што вочы таксама зыбаюцца… Не, гэта, здаецца, кудлатыя рудыя бровы соўгаюцца, і вочы то большаюць, то звужаюцца, як бы правальваюцца ў глыб вачніц… I губы нават соўгаюцца, і сківіцы, як бы нешта вялікае ў яго ў роце і дужа цвёрдае — не пражаваць…

«Яшчэ крокаў пяць трэба зрабіць… Пяць крокаў… І тады!…»

Ён вызначыў гэта і пачаў лічыць свае ўласныя крокі, нібыта ішоў па ворным полі адзін. Ён лічыў свае крокі, але нехта яшчэ, як бы не ён сам, падлічваў і Гонтавы крокі, і гэты падлік не блытаў нічога, клаўся роўна, не абцяжарваў.

«Чатырнаццаты крок Гонты і мой крок…»

«Пятнаццаты крок Гонты і мой другі крок…»

I раптам Гонта зблытаў увесь падлік, штурхануў Алега плячом, закрычаў адчайна і радасна:

— Кіда-а-а-а-ай!

Узаранае поле. Иллюстрация № 4

Гонтаў крык узвіўся высокай шчымліва-трапяткой нотаю і ўдарыў у сэрца і цяжкім абручом лёг на скроні, сціснуў да болю галаву. Алег махнуў левай рукою, быццам паказваючы некаму шлях наперадзе, а правую рвануў убок, як бы нешта адкідваючы ад сябе. Куды паляцела першая граната, ён не бачыў, але добра згледзеў, як другая, падскочыўшы на зямлі, знікла ў траве ля правага бота эсэсаўца.

Суха чакнулі гранатныя запалы, і Алегу здалося, што гэта нешта трэснула ў Гонтавым горле, і з таго голас яго перасекся, як раптоўна адсечаны.

«Цяпер — пад узвал!»

Ён скочыў да лазнякоў, скочыў імкліва, адчуваючы жаданую палёгку ў руках, якія не трэба больш трымаць над галавою. I адразу апалі з галавы абручы і сталі жывымі далоні.

«Гонта дзе? Дзе Гонта?»

Алег павярнуўся, убачыў Гонту, які валіўся на лазнякі, раскінуўшы рукі, як крылы. У той жа міг поле нібыта перавярнулася, чорныя барозны сталі строма побач з лазнякамі, і гэткія чорныя барозны ўзляцелі строма ў неба над вязамі і абрынуліся на Алега. Барозны, падалося яму, былі яшчэ далёка. Але ад іх ударыла, забіла рот грымотная гарачыня. Ён не адчуў болю, адчуў толькі гэтую грымотную гарачую хвалю, нейкую мяккую, і яму здалося, што і ён, і Гонта падхоплены тою хваляй і што ён гэтак жа, як і Гонта, валіцца на лазнякі, і вецер ад ракі лашчыць і абвявае яму твар. Алег не бачыў, як чатыры выбухі змялі ўсіх эсэсаўцаў з узмежка, не бачыў, як коціцца ў выратавальны заглуш лазнякоў Гонта, не бачыў і не разумеў, што ён нікуды не ляціць, што ён памірае, памірае не ад асколкаў, а памірае ад кулямётнай чаргі, ад разрыўных куль, якія наўскасяк прашылі яму грудзі і якія прыляцелі ад вязаў, што гнуліся пад ветрам на ўскрайку ўзаранага поля, чорнага і блішчастага на сонцы.


Мастак В.В. Сокалаў.

ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Вера Олеговна Богданова - Сезон отравленных плодов - читать в ЛитвекБестселлер - Стивен Кинг - Билли Саммерс - читать в ЛитвекБестселлер - Вячеслав Николаевич Курицын - Полка. О главных книгах русской литературы - читать в ЛитвекБестселлер - Филип Киндред Дик - Порвалась дней связующая нить - читать в ЛитвекБестселлер - Филип Киндред Дик - Сдвиг времени по-марсиански - читать в ЛитвекБестселлер - Дебора Фельдман - Исход. Возвращение к моим еврейским корням в Берлине - читать в ЛитвекБестселлер - Марисса Мейер - Лунные хроники - читать в ЛитвекБестселлер - Люсинда Райли - Сестра солнца - читать в Литвек