Литвек - электронная библиотека >> Міхась Стральцоў >> Классическая проза >> Што будзе сніцца

ШТО БУДЗЕ СНІЦЦА

Аднойчы ноччу яму прыснілася яна.

Прачнуўшыся, ён ніяк не мог даўмецца, адкуль гэты сон: пра яе ніколі, здаецца, не думаў, ды, па-праўдзе, і думаць не было чаго. Была некалі, больш за дзесяць гадоў, кароткая дарожная сустрэча, і ён ужо не помніў цяпер яе імя, а можа, нават і тады не ведаў яго. Гэткі нехлямяжы, сарамлівы быў тады ён: ведама, вясковы хлопец, што першы раз выбраўся ў далёкі свет са свайго глухога селішча. Скончыў дзесяцігодку, завербаваўся з двума старэйшымі вясковымі хлопцамі на лесараспрацоўкі — лічы, было яму тады васемнаццаць гадоў.

Ён, яшчэ ва ўладзе сну, цяпер успамінаў усё гэта: сваю сарамяжлівасць, штодзённыя, штохвілінныя пакуты праз яе, паспешлівыя, несправядлівыя думкі пра людзей, смешную сваю задзірлівасць, прагу цвёрдых і мужных учынкаў, адзінокай рамантыкі і — салодкае, трывожнае заміранне сэрца перад нязведаным жыццём. Ах, маладосць, маладосць, наіўная, смешная, незваротная маладосць!

Устаў з ложка і, стараючыся ступаць як мага цішэй, каб не разбудзіць дачку і жонку, пайшоў у калідор, але, як на тое, зачапіў нагою нейкую тумбачку і, сцяўшыся, зажмурыўшы вочы, колькі часу стаяў у тугой, напятай, бы крык, цішыні, што адразу запанавала ў пакоі.

Ні жонка, ні дачка не прачнуліся, і ён супакоіўся: забраў у калідоры з кішэні паліто цыгарэты, прадыбаў на кухню і сеў у непрыемна халоднае пасля сну крэсла. Падабраў пад сябе ногі, закурыў, і яму такім смачным, казытліва-вострым здаўся цыгарэтны дым, і ён ужо з нейкай радасцю прадчуваў, як неўзабаве ў яго лёгка закружыцца галава,— як заўсёды, калі доўга не курыў.

За акном стоена і ціха ўладарыла мутнаватая зімовая ноч, і ён нечакана падумаў, што скора, мусіць, шэсць гадзін, час, у які заўсёды ўставаў яшчэ тры гады назад, калі хадзіў на завод і вучыўся ў інстытуце, і цяпер, успомніўшы пра гэта, са смуткам пашкадаваў, што мінулася тая пара, што цяпер, ходзячы ў канструктарскае бюро, ён устае пазней і не бачыць ранішняга людскога натоўпу ля трамвайных прыпынкаў, ля заводскіх варот, не чуе, як сіплымі пасля сну галасамі гавораць людзі, не бачыць, як раздзімае ў прыцемку вецер зыркія цыгаркі, не адчувае той асаблівай еднасці з горадам, з людзьмі, якую заўсёды адчуваў у рабочым натоўпе.

Але ж чаму прысніўся яму гэты сон?

I думкі вярнуліся да той пары, калі яму было васемнаццаць гадоў.

Тады ён лічыў сябе ўжо дарослым: не саромеўся курыць пры бацьку, пачаў хадзіць на вечарынкі, дзе, седзячы побач з гарманістам і па-заліхвацку б’ючы ў бубен, ужо мог скамандаваць у круг, заслужана чакаючы вясёлага смеху:

— Вальс упрыцірачку!

Ён ужо заглядваўся на дзяўчат: калі канчаўся танец, бег у сенцы і, стаўшы пры дзвярах разам з другімі хлопцамі, крычаў дзяўчатам задзірыстыя, смешныя, як яму здавалася, словы, і яму было прыемна, калі дзяўчаты штурхалі яго, адбіваліся ад яго рукамі і прытворна вішчалі.

Прыязджалі з шахтаў на пабыўку хлопцы, па-гарадскому апранутыя, фанабэрыстыя, і ён зайздросціў ім, таму жыццю, якое пакідалі яны, прыязджаючы ў вёску, але да якога заўсёды маглі вярнуцца. Асабліва падабаўся яму адзін — Цімошыхін Лёнька, смуглявы, гладкі тварам, з доўгімі валасамі, у якіх заўсёды тырчаў адабраны ў якой-небудзь дзяўчыны грабянец. Танцаваў ён неяк абыякава, ленавата, жмурачы адно вока і не гледзячы на тую, чыя рука ляжала ў яго на плячы. Ён частаваў маладзейшых хлопцаў папяросамі, з ленаватым, самаўпэўненым умельствам цыркаў слінай скрозь зубы і спяваў сам сабе нейкую трохі жаласлівую, трохі заліхвацкую песню:

Не плачь, не плачь ты, мать моя родная,

Что без путя скитается твой сын…

«А ці ж даўно было гэта? — думаў цяпер ён.— Дзесяць-дванаццаць год — хіба гэта многа? Але ж здаецца, што многа. За гэты час скончыў інстытут, жаніўся…»

Яму захацелася піць: устаў і напіўся, не шукаючы шклянкі, проста з-пад крана. Падумаў, што яго лаяла б за гэта, каб убачыла, жонка. Яна ўжо колькі адвучвала яго ад гэтай дрэннай, як яна казала, звычкі, такой жа дрэннай, як і тая, калі ён, напіўшыся чаю, піў пасля сырую ваду. Наогул дрэнных звычак у яго было многа, і жонка, настойліва, не без поспеху выкараняючы іх, павінна была вось-вось святкаваць перамогу.

Ён закруціў кран і паморшчыўся: вада была цеплаватая — трэба было спусціць яе і дачакацца халоднай, але ён баяўся нарабіць шуму і, падумаўшы пра гэтую сваю боязь, раззлаваўся на сябе, на тое, што, ідучы сюды, на кухню, зачапіў нагою тумбачку. А ўсё праз жонку, бо накупляла, нацягала ў кватэру розных падставак, тумбачак, сервантаў і падсервантнікаў, вазачак, разетак і гладышоў — няма дзе павярнуцца, не тое што ступіць. Ён успомніў, як збіраў грошы на матацыкл, як дамаўляліся з жонкай, што, калі купяць яго, адвязуць дачку летам у вёску да ягоных бацькоў, а самі паедуць назад якім-небудзь цікавым маршрутам: будуць ехаць не больш за пяцьдзесят кіламетраў у дзень, начаваць у вясковых хатах і ў ціхіх раённых гасцініцах, у капе сена і ў палатцы на беразе якой-небудзь невядомай рачулкі. Так думалася тады, а потым жонка нагледзела недзе абсалютна сучасную мэблю, стала ўгаворваць яго купіць яе, бо, калі ўпусціш такі выпадак, будзеш пасля кусаць сабе локці, і ён нарэшце згадзіўся,— і ну яе к чорту цяпер усю гэту мэблю: плакалі ягоныя грошыкі, а разам з імі ціхія раённыя гасцініцы і начлегі ў капе сена і ў палатцы…

«Дзесяць год,— думаў ён,— малы і вялікі тэрмін».

Дзесяць год назад, упершыню выехаўшы з вёскі, ён убачыў яе. Як ён цяпер разумеў, нічога асаблівага не было ў ёй: звычайнае зялёнае дзяўчо з наіўна вытыркнутым тонкім носікам, з такімі ж наіўна вытыркнутымі прыпухлымі губамі. Праўда, была нейкая дзіўная мяккасць у паглядзе маладых круглых вачэй. Але як жа ён саромеўся яе, якім цельпукаватым, грубым адчуваў сябе побач з ёй! Яна, мусіць, была з горада, трохі паабілася ўжо каля людзей: і гаварыла, і хадзіла, і смяялася ўпэўнена, лёгка, нібы на цэлым свеце была толькі яна адна і нібы ніхто на гэтым цэлым свеце не мог за што-небудзь упікнуць яе.

Ехалі яны ў адным купэ: ён заняў верхнюю паліцу, паставіўшы туды свой чамадан, яна была на ніжняй, і, калі прыйшла пара спаць, ён саромеўся лезці пры ёй у свой высокі бярлог. Яшчэ ён думаў, што трэба было б зняць з паліцы, паставіць куды-небудзь чамадан, каб не замінаў спаць, але ведаў, што не зробіць гэтага, і нічога не рабіў, пакуль яна сама не прымусіла яго дастаць чамадан і паставіць побач са сваім у скрыню: ніжнюю паліцу, сказала яна, можна падняць, во, глядзіце, усё робіцца проста.

Першы ён баяўся загаворваць з ёй, яго злавала, што тыя, хто ехаў з імі, не