Литвек - электронная библиотека >> Галіна Васілеўская >> Советская проза и др. >> Маланка ўночы >> страница 3
«Прыйдзе Марк, зробім разам».

Яна выйшла ў сад. Дрэвы, што садзіў яшчэ бацька, разрасліся. Цяпер пад імі быў добры цень, і Рыма любіла пасядзець тут з кнігай У руках.

«Паляжу, пачытаю, пакуль прыйдзе Валя». 3 Валяй яны дамовіліся ісці ў лес па ягады.

Час ішоў, ужо сонца пачало прыпякаць, а Валі не было. «Што такое?» — не разумела Рыма. Дамовіліся раненька ісці, каб да абеду вярнуцца. Да прыходу Марка ёй трэба яшчэ прыгатаваць абед.

Яна выйшла за веснічкі, каб паглядзець, ці не ідзе Валя. Валі не было. Ля школы Рыма ўбачыла купку настаўнікаў. Яны былі босыя. Рыма ніколі не бачыла босых настаўнікаў. Вось Аляксандр Міхайлавіч Цяцерын, дырэктар школы. Ён жыў у суседнім доме. Рыма любіла яго ўрокі. Ён многа бачыў, многа ведаў, ён расказваў заўсёды так цікава, што на ўроках Рыма заплюшчвала вочы, і ёй здавалася, што гэта яна, не зважаючы на небяспеку, узбіраецца на вяршыні Каўказскіх гор ці апускаецца на марское дно і бачыць там дзівосных рыб. Рыма цвёрда парашыла стаць географам. Аляксандр Міхайлавіч быў заўсёды такі спакойны, упэўнены, і Рыма міжволі пачынала пераймаць яго звычкі. А цяпер дырэктара было не пазнаць.

Выкладчыца рускай мовы і літаратуры Надзея Фёдараўна ўбачыла Рыму, падышла да яе.

— Рымачка, ты чула? — голас разгублены, на вачах слёзы.— Ты чула, Рыма? Вайна...

Рыма глянула на Надзею Фёдараўну, нічога не разумеючы.

— Якая вайна? — перапытала яна.

— Немцы перайшлі граніцу.

«А мамы няма,— пранеелася думка.— Якая вайна, калі мамы няма дома...»

— Не можа быць,— сказала яна.

— У дванаццаць у клубе мітынг,— гаварыла настаўніца.

Рыма кіўнула галавой, сказала «прыйду» і пайшла.

Ноччу бамбілі Асіповічы. Да Ліпеня, дзе жыла Рыма, даносілася цяжкае вухканне. Рыма не спала. Яна ляжала і слухала.

У пакоі было цёмна. Толькі праз зачыненыя аканіцы на стол падаў тонкі прамень месяца. Са спальні Рыма бачыла і гэты прамень і асветленую ім маленькую паперку, што ляжала на стале. Заўтра Марк павінен з’явіцца ў ваенкамат. Пойдзе ваяваць. А яна застанецца адна... Чаму яна не нарадзілася раней, чаму ёй толькі чатырнаццаць гадоў?

Прыходзіла да іх Палагея Аляксандраўна Сакольчык. Яна суцяшала Рыму і Марка:

— Нічога, дзеткі, усё будзе добра. I мама прыедзе, і немца прагонім.

Увечары па радыё перадалі, што немцы бамбілі Севастопаль. Там мама. Што з ёй, ці жывая яна?

Рыма ўткнулася тварам у падушку. Яна не хацела, каб Марк чуў, як яна плача. Потым заснула, але яшчэ доўга ўсхліпвала ў сне. Ёй снілася мама. Яна была дома. Шыла сукенку Рыме. У акно глядзела сонца. I раптам у пакоі стала цёмна, так цёмна, як бывае ў глухую асеннюю ноч, калі на небе ні месяца, ні зоркі, а толькі суцэльная чарната. Падзьмўў моцны вецер. Мама знікла. Рыма засталася адна. Яна крыкнула:

— Мама! Мама! Дзе ты?

Мамін голас даляцеў здалёк:

— Ры-ыма! Ры-ымачка!

Рыма расплюшчыла вочы. Перад ёю стаяў Марк.

— Рымачка,— гаварыў ён.— Мне трэба ісці. Можа ўжо не наведаюся дамоў, можа адразу ў часць...

— А як жа я... I я з табою! — падхапілася Рыма.

Марк паглядзеў на яе — худзенькую, тоненькую, як былінка. Яна сядзела на ложку і бездапаможна глядзела на Марка.

— Калі не вярнуея, ідзі ў Дукору да бабкі Параскі.

Ён абняў Рыму, прыціснуўся тварам да яе мокрай шчакі і выбег з пакоя.

Рыма не паварушылася. Яна думала: «Чаму я засталася, чаму не пайшла з Маркам у ваенкамат? Чаму тады, калі была вайна з Фінляндыяй, я ведала, што мне рабіць, а цяпер не ведаю, чакаю. Чаго? Каго? Можа — маму?»

Бразнула клямка, і Рыма пачула глухаваты бурклівы голас Палагеі Аляксандраўны..

— Дзе вы ўсе падзяваліся? Дзверы адчынены і няма нікога.

Рыма сядзела на ложку неадзетая. Палагея Аляксандраўна палажыла цёплую далонь ёй на галаву:

— І што ж ты, дзіцятка, тут адна? А Марк дзе?

— Пайшоў у ваенкамат...

— Ну вось. Ён у ваенкамат, а ты — да нас. Бульба хутка зварыцца, снедаць разам будзем. А то адна. Хіба можна быць адной?

Гаворачы гэтак, яна падала Рыме сукенку, сандалі, гальштук, і Рыма паслухмяна пачала апранацца.

К абеду вярнуўся Марк, яго пакуль што адпусцілі, ён прыйшоў да Палагеі Аляксандраўны пануры, за стол не сеў.

— Не магу есці,— сказаў ён.— Пойдзем, Рыма.

Але і дома ён не знаходзіў сабе месца.

— Марк, што з табой? — спытала Рыма.— Што здарылася?

Марк спыніўся перад Рымай, неяк уважліва паглядзеў на яе. I раптам твар яго скрывіўея, як ад болю.

— Разумееш,— ціха пачаў ён,— я быў на вайне, бачыў смерць. Гэта вельмі цяжка, калі побач з табою падае чалавек. Але ж ён гіне са зброяй у руках, ён баец. А сёння я бачыў зусім іншую смерць.

Марк хмурыў бровы. Потым ён сярдзіта зачыніў акно, і Рыма здрыганулася ад гэтага стуку.

— Ты памятаеш Сашу Грыгаровіча?

— Такі вясёлы? — нерашуча перапытала Рыма.

— Сёння ноччу іх хату разбамбілі. Загінулі маці і Зіна.

— А... Саша?

— Ён быў з бацькам на рэчцы, лавілі рыбу... Прыходзяць, а замест дома вялізная яма, і ўсё... у адно імгненне... Першая бомба...

Рыма адчула, што ў яе дрыжаць рукі. Яна ўзяла з шафы маміну пуховую хустку, ахінулася ёю. Але сагрэцца не магла. Уключыла радыё. «Грамадзяне, — данёсся да яе здалёку голас, — ніякай панікі. Заставайцеся на сваіх месцах, Вораг будзе адбіты». Дыктар паўтарыў гэта некалькі разоў, потым зайграла музыка. Рыма з палёгкай уздыхнула.


6

Чацвёрты дзень ішла вайна. Чацвёрты дзень Марк адчуваў сябе, бы птушка ў клетцы. Чаму яго не бяруць у армію? Ён зноў схадзіў у Асіповічы, у ваенкамат. Але ваенкамат эвакуіраваўся.

Цяпер ужо навокал не было цішыні: усё грымела, грукацела ўдзень і ўночы. Раўлі танкі, гулі машыны, цягнучы гарматы, вайсковы скарб, першых раненых. Байцы ішлі пешшу, і ўсё на ўсход, на ўсход.

3 Мінска прыйшоў Валодзя. Ён пераступіў парог і моўчкі паставіў у кут вінтоўку.

— Не пазнаеш? — хрыплавата спытаў ён у Марка, які здзіўлена глядзеў на даўно няголены, аброслы Валодзеў твар, на абшарпаны, падраны пінжак.

— Чаму ты не ў форме? — спытаў Марк, і ў яго голасе прагучала не простая цікаўнасць.

— Потым, усё потым,— сказаў Валодзя стомлена.

Рыма ўзрадавалася, убачыўшы Валодзю. Цяпер яны разам, дома, цяпер не так страшна. Валодзя старэйшы, ён