Литвек - электронная библиотека >> Галіна Васілеўская >> Советская проза и др. >> Маланка ўночы >> страница 5
вылез, памог Марку выцягнуць з люка кулямёт.

— Ідзі сюды,— сказаў ён Рыме.

Марк узяў з Рыміных рук бутэлькі з газай. Рыма з Валодзем павалаклі цяжкі кулямёт, а Марк выліў газу ў люк танка, чыркнуў запалку і кінуў туды.

Ужо ля дома Рыма пачула выбух.

Праз дзень у вёску прыйшла рота чырвонаармейцаў. Вёў яе малады лейтэнант.

— Адступаеце? — спыталі ў яго хлопцы,

— Будзем займаць абарону.

Акапаліся, паставілі кулямёты, супрацьтанкавую гармату, заляглі.

Па дарозе рухалася калона нямецкіх матацыклаў. Рота ўдарыла па ёй. Некалькі матацыклаў было разбіта, астатнія павярнулі назад. Выпаўз танк. Яго абстралялі, і ён павярнуў. Пасля гэтага стала ціха.

Ноччу рота атрымала загад адыходзіць. Немцы пачалі абстрэльваць вёску. Снарады то пераляталі, то не даляталі. Толькі некалькі ўпала на вуліцу. Потым праз вёску папаўзлі танкі з чорна-белымі крыжамі на баках. Яны ішлі на Оршу.

Кожны дзень хлопцы блукалі па месцах, дзе былі баі, шукалі зброю.

Аднойчы Марк сустрэўея каля лесу са сваім сябрам Васілём Баразной, з якім вучыўся разам у школе. Васіль жыў у Брыцалавічах, кіламетраў за сем ад Ліпеня, з бацькамі і сястрой Нінай, равесніцай Рымы.

— Як справы, Васіль? — спытаў Марк.— Што робіш, што думаеш рабіць?

— Ды вось, бадзяюся пакуль без усякай справы,— адказаў Васіль, насцярожана глянуўшы на Марка.

— А што гэта ў цябе кішэня так адтапырваецца? Ці не гарэлка?

— Так, цацка адна.

— А можа, мы з табой аднолькавыя цацкі шукаем?

— Можа, — Васіль паціснуў плячыма.

«Не верыць»,— падумаў Марк, і яму стала крыўдна. Хацелася паказаць пісталет, з якім вось ужо два дні ён не расставаўся, але ўспомніў, што яму гаварылі брат і Сакольчык: «Ты, хлопец, гарачы надта не будзь, цяпер асцярожнаець патрэбна». I ён стрымаў сябе.

— Вось што, Васіль,— сказаў ён,— прыходзь вечарам да нас, пагутарым,

Марк ужо расказаў абодвум Валодзям пра сустрэчу — яны чакалі Васіля. Калі той прыйшоў, зашчапілі дзверы, не запальваючы лямпы, прыселі да стала і, нахіліўшыся адзін да аднаго, ціха гаварылі пра армію, пра фронт, які быў ужо за Оршай, пра тое, як жыць далей.

— Мне б цяпер крылы — пераляцеў бы на той бок фронта! — летуценна сказаў Марк.

А Васіль, насупіўшы бровы, буркнуў:

— I тут людзі патрэбны.

Так у іх маленькай групе з’явіўся яшчэ адзін чалавек.

У тумбачку, што стаяла ў спальні, Валодзя ўманціраваў маленькі сабраны ім самім радыёпрыёмнік, і кожны вечар яны слухалі Маскву. Весткі былі невясёлыя: нашы адступалі.


8

Раніцай Рыму пабудзілі стрэлы. Яна ўсхапілася і падбегла да акна. Аканіцы былі зачынены. Падышлі і Валодзя з Маркам, прыслухаліся. Стралялі ля самага доміка, у школьным садзе.

Рыма памкнулася на двор. Але браты яе не пусцілі. Калі страляніна сціхла, Валодзя асцярожна адчыніў дзверы і выглянуў. У садзе было ціха, толькі на дарозе гергеталі немцы.

Непадалёку ад доміка нерухома ляжаў савецкі баец. Калі немцы зніклі за ўзгоркам, хлопцы падышлі да яго. Валодзя дастаў дакументы забітага, прачытаў.

— «Віталь Ануфрыевіч Сярпко, нарадзіўся 22 сакавіка 1922 года ў Новасібірску».

— Яму было дзевятнаццаць,— сказала Рыма, углядаючыся ў незнаёмы спакойны твар.

Хлопцы пайшлі ў хлеў па лапаты, каб тут жа, ля яблыні, пахаваць байца. А Рыма забегла ў дом, схапіла паляўнічую стрэльбу, што ляжала пад буфетам цяпер ужо зараджаная, і, вярнуўшыся ў сад, лягла за кустом, прыцэлілася. Па дарозе зноў ехалі немцы.

Валодзя заўважыў сінюю сукенку за кустом і кінуўся да Рымы, рвануў стрэльбу:

— Што ты робіш, цябе ж заб’юць!

— Хоць аднаго немца і я заб’ю,— упарта прашаптала Рыма.

— Дурніца. Хіба так ваяваць трэба?

Неяк пад вечар Валодзя прывёў дамоў чалавека з цёмным, абветраным тварам, у выцвілым на сонцы плашчы. Нізка на вочы ў яго была насунута камандзірская фуражка.

Рыма ўбачыла на фуражцы маленькую чырвоную зорачку, і ў яе ад радасці моцна застукала сэрца: гэты чалавек здаўся ёй блізкі і родны.

Валодзя адправіў яе на кухню.

— Накарміць трэба чалавека,— сказаў ён, і Рыма гатова была паставіць на стол такому госцю ўсё, што ў яе было. Яна спяшалася. Хацелася хутчэй вярнуцца ў пакой, каб паслухаць, пра што там гавораць.

Не прайшло і дзесяці хвілін, як на стале ўжо сквірчэла яечня, а ў місцы ляжалі свежыя гуркі і праснакі. Але пабыць у пакоі Рыме не ўдалося.

— Марк пайшоў па нашы лодкі,— сказаў Валодзя.— Але трэба яшчэ адна. У каго б папрасіць?

— Можа, да дзядзькі Ціта схадзіць? — прапанавала Рыма.

— Схадзі.

— А куды прыгнаць?

— Плыві ўніз па рацэ, мы там будзем.

Рыма выбегла з хаты.

Стары Ціт быў дома, латаў дзіравыя мяшкі.

— Дзядзька Ціт, можна, я вашу лодку вазьму, мне трэба.

— А вашы, што, сплылі?

— Ага,— падхапіла Рыма,— сплылі і няма на чым пераняць.

— Вазьмі, вунь ля дзвярэй ключ вісіць.

Рыма схапіла ключ, крыкнула:

— Дзякуй!

Не забыла ўзяць вёслы, што стаялі пад страхой, і праз хвіліну ўжо выплывала на сярэдзіну ракі. Плынь падхапіла яе і панесла. Рыма лёгка ўзмахвала вёсламі, ледзь дакранаючыся імі да вады, і ёй здавалася, што яна ляціць на крылах.

«Вось так бы ляцець і ляцець усё жыццё, не спыняючыся»,— думала яна.

— Асцярожна! — даляцеў да яе Валодзеў голас.

Рыма крута павярнула ўбок. Яна ледзь не ўрэзалася ў Валодзеву лодку, якая нізка, амаль па самыя барты, сядзела ў вадзе. Крыху далей узмахваў вёсламі Марк. На лодках сядзелі нашы байцы. Рыма здагадалася, што гэта той самы полк, які трапіў у акружэнне і пятнаццаць дзён вёў няспынныя баі з немцамі. А цяпер полк прабіраўся на ўсход, на фронт.

Рыма падплыла да берага, дзе стаяла група байцоў. Яны хуценька ўскочылі ў лодку, узялі з яе рук вёслы. Яна села на карму руляваць.

Да позняй ночы лодкі хадзілі ад берага да берага. Калі ўсе байцы былі перавезены, Рыма падышла да камандзіра і сказала:

— Я ведаю лясныя сцежкі. Давайце правяду.

Камандзір паглядзеў на дзяўчынку, асцярожна запытаў:

— А не цяжка табе будзе?

— Не! — узрадавалася Рыма.— Я прывыкла.

— Ну, вядзі,— і, добразычліва ўсміхнуўшыся, дадаў.— Сусанін у