Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Чыгрын >> История: прочее и др. >> Беларуская Беласточчына >> страница 1

Сяргей Чыгрын БЕЛАРУСКАЯ БЕЛАСТОЧЧЫНА


Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Беларуская Беласточчына. Гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя артыкулы, — Мінск: Кнігазбор, 2008. — 000 с.


Copyright © 2015 by Kamunikat.org


Беласточчына і беларускі рух


Беларускі рух на Беласточчыне пачаў існаваць ужо ў другой палове ХІХ стагоддзя. Тут нелегальна выдавалася „Гутарка двух суседаў”, першы нумар якой выйшаў вясною 1861 года. Гэтае вершаванае выданне разыходзілася галоўным чынам на Беласточчыне і Гродзеншчыне. Ініцыятарам выдавання „Гутаркі двух суседаў” быў Браніслаў Шварцэ, а рэдагавалі яе Адольф Белакоз ды Ігнат Грынявіцкі. Магчыма, што ў падпольнай друкарні на Беласточчыне выдавалася „Мужыцкая праўда”, першы нумар якой убачыў свет у чэрвені 1862 года. Выдаваў яе ўраджэнец Мастаўлянаў Кастусь Каліноўскі пад псеўданімам Яська гаспадар з-пад Вільні.

Калі ў пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся першыя беларускія палітычныя арганізацыі, то ў ліку іх дзеячаў апынуліся студэнты-выхадцы з Беласточчыны. Дзеячам Беларускай сацыялістычнай грамады ў Пецярбургу быў студэнт з Кленік Бельскага павета Яўген Хлябцэвіч. Актыўна ўключыўся ён у беларускі нацыянальна-вызвольны рух, падтрымліваў цесныя сувязі з рэдакцыямі беларускіх газет „Наша доля” і „Наша ніва”, куды дасылаў свае допісы, многія з іх падпісваў псеўданімам Халімон з-пад пушчы. У той час на старонках „Нашай нівы” свае вершы друкавалі Сцяпан Пятэльскі (пад псеўданімам М. Арол) з Гарадка і Іван Дарашкевіч (Янук Д.) з суседніх Меляшкоў.

Першая сусветная вайна і ў яе выніку бежанства 1915 года выгналі беларусаў у глыб Расіі. Беласточчына на некалькі гадоў стала пустыняй. Аднак расцярушаныя па тадышняй Расіі беластоцкія бежанцы ўдзельнічалі ў станаўленні незалежнай Беларусі. Мікола Дзямідаў і згаданы Сцяпан Пятэльскі дзейнічалі ў беларускім вайсковым руху. Ураджэнец Сакольшчыны Язэп Варонка ў канцы 1917 года быў абраны камісарам юстыцыі і ўнутраных спраў Вялікай беларускай рады, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Усебеларускага з’езда. А ў лютым 1918 года стаў старшынёй Народнага сакратарыята Беларусі і народным сакратаром замежных спраў. Язэп Варонка быў адным з арганізатараў і ініцыятараў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Ураджэнец Сакольшчыны Янка Чарапук у 1918 годзе таксама актыўна ўключыўся ў справы БНР. З канца 1919 года працаваў сакратаром Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, быў сябрам беларускай калоніі ў Латвіі, дыпламатычным кур’ерам пры ўрадзе БНР.

Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года ўраджэнцы Беласточчыны служылі беларускай ідэі ў розных палітычных умовах: у савецкай напрыклад, Уладыслаў Чаржынскі, у Заходняй Беларусі (Станіслаў Грынкевіч, Язэп Дашута, Хведар Ільяшэвіч), ці на эміграцыі (Янка Геніюш). У часы Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі беларускую дзейнасць у Беластоку вялі Уладзімір Тамашчык, Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў. У выніку ваенных падзей і пасляваеннай рэпатрыяцыі частка беларусаў Беласточчыны апынулася ў БССР (напрыклад, Пятрусь Макаль, Аляксей Карпюк, Яўген Міклашэўскі). Тыя, што засталіся на роднай Беласточчыне ў 1956 годзе, заснавалі Беларускае грамадска-культурнае таварыства і тыднёвік „Ніва”. Пасля 1989 года, калі Польшча стала дэмакратычнай краінай, узніклі новыя беларускія арганізацыі, выданні, радыё і тэлеперадачы.

Дзесяцігоддзямі замоўчваліся імёны многіх беларускіх дзеячаў, у тым ліку заходнебеларускіх, якія не прызнаваліся ні савецкай, ні польскай афіцыйнай прапагандай. „Ніва” на сваіх старонках паступова вяртала іх з забыцця, узнаўляла іх ідэі і дасягненні ў свядомасці беларускай грамадскасці Беласточчыны. У 1984 годзе да кола ніўскіх аўтараў далучыўся слонімскі журналіст, краязнавец і літаратар Сяргей Чыгрын. У выніку шматгадовага супрацоўніцтва з тыднёвікам „Ніва”, з’явілася рубрыка „Родам з Беласточчыны”, у якой аўтар знаёміў і знаёміць цяпер ніўскіх чытачоў з беларускімі палітычнымі, рэлігійнымі, культурнымі дзеячамі, таленавітымі літаратарамі, якія нарадзіліся на Беласточчыне або былі звязаныя з Беласточчынай і сумежнай Гродзеншчынай. Гэтыя артыкулы, а таксама дапоўненыя, і склалі кнігу „Беларуская Беласточчына”. Яна — доказ жывучасці беларускай ідэі не толькі на этнічнай Бацькаўшчыне, але і па-за яе межамі, у тым ліку і сярод беларускага насельніцтва Беласточчыны.

Віталь ЛУБА,намеснік галоўнага рэдактаратыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”


Жыццё і творчая дзейнасць Уладыслава Чаржынскага


Хто такі Уладыслаў Чаржынскі?

Уладыслаў Чаржынскі (1897-1974) — беларускі літаратуразнавец, крытык, лексікограф і педагог. Як падае біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменьнікі” (Мн., 1993. Т.2. С. 356), нарадзіўся ён на Беласточчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у народным вучылішчы. Скончыў Мінскую гімназію і Белдзяржуніверсітэт. Працаваў настаўнікам на Лагойшчыне, а таксама выкладчыкам у Інстытуце беларускай культуры і ў Камуністычным універсітэце Беларусі. З 1922 года пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. З 1925 года супрацоўнічаў з часопісам “Полымя”.

Уладыслаў Чаржынскі пад сваім уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі Ул. Дзяржынскі і Улідзе друкаваў артыкулы, у якіх даваў грунтоўны эстэтычны аналіз як асобных мастацкіх твораў, так і літаратурнага працэсу ў цэлым. Многія яго матэрыялы, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Чарота, Цішкі Гартнага, Янкі Журбы і іншым беларускім пісьменнікам, уражваюць і сёння глыбінёй і жывасцю даследчыцкай думкі, аргументаванасцю і пластычнасцю стылю. Працы Уладыслава Чаржынскага каштоўныя сёння яшчэ тым, што ў супярэчлівы і жорсткі час канца 20-х гадоў у сваіх ацэнках ён кіраваўся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Як пісаў літаратуразнавец Ігар Жук, “інтэнсіўнасць працы У.Чаржынскага здзіўляе і захапляе нават у кантэксце імклівага, бурнага літаратурнага развіцця маладой Беларусі. Артыкулы, якія па форме і па сутнасці нагадвалі манаграфічныя даследаваньні, рэцэнзіі (а яны ахоплівалі літаратурныя з’явы і падзеі не толькі Беларусі, як Усходняй, так і Заходняй, але факты ўсесаюзнага літаратурнага жыцця), прадмовы, укладанні, апрацоўкі — і гэта ўсяго толькі на працягу нейкіх 6-7 гадоў вольнай дзейнасці. Вось паасобныя паведамленні ў тагачасным друку: “У.Чаржынскім збіраюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці беларускага песняра М.Багдановіча. Ім жа падгатоўліваецца к друку поўны збор твораў