Литвек - электронная библиотека >> Сяргей Чыгрын >> История: прочее и др. >> Беларуская Беласточчына >> страница 2
М.Багдановіча” (Полымя, 1922, № 1). “Пры Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі ІБК зложана т. зв. Бюро Адказных Перакладаў, на чале якога вызначаны У.Чаржынскі. Бюро задаволіць патрэбы ўсіх дзяржаўных і грамадзянскіх інстытуцый па ўстанаўленні тых афіцыяльных тэкстаў на беларускай мове, патрэба ў якіх, як стала ўмеркаваных і правільна па-беларуску зложаных, вымагаецца самім жыццём” (Полымя, 1925, № 6). Тады ж “Полымя” друкуе курс лекцый па гістарычным матэрыялізме Л.І.Аксельрода ў перакладзе У.Чаржынскага. “Інстытут Беларускай культуры” (Менск, 1926) інфармуе: у першапачатковы склад ІБК увайшлі старшынёю — С. Некрашэвіч, сакратаром — У.Чаржынскі. Яго ж мы знаходзім у Правапісна-Тэрміналагічнай камісіі, а таксама ў складзе аргкамітэта па правядзенні Першай Беларускай Акадэмічнай канферэнцыі. Па даручэнні камісіі разам з Я.Станкевічам рыхтуюць даклад “Правапіс чужых слоў”. 19 лютага 1925 года ўтварылася літаратурная секцыя ІБК (40 сяброў), якая потым аб’ядналася з секцыяй беларускай мовы. Сакратар аб’яднанай секцыі — У.Чаржынскі. Ім жа апрацоўваліся матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры для кніг прафесара М.Янчука, Я.Барычэўскага, А.Вазнясенскага. А ў 1926 годзе сам падрыхтаваў і выдаў дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры XIX — пачатку ХХ стагоддзя” (Полымя, 1997, № 12).

Тут Ігар Жук памыліўся, бо дапаможнік “Выпісы з беларускае літаратуры” ён складаў разам з Максімам Гарэцкім і Паўлам Караваем. Праўда, у Мінску ў 1928 годзе выйшла асобным выданнем праца Уладыслава Чаржынскага “Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі”. І, як піша Аўген Калубовіч у сваёй кнізе “На крыжовай дарозе” (Мн., 1994. С. 87), Чаржынскі з’яўляецца аўтарам “Слоўніка гісторыка-грамадазнаўчых тэрмінаў”.


Ссылка ў Казань

28 чэрвеня 1930 года Уладыслаў Чаржынскі быў арыштаваны ДПУ БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго выслалі ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Праз 4 гады нашага земляка вызвалілі ад высылкі, але рэабілітавалі яго толькі пасля смерці ў 1988 годзе.

З Татарстана больш Уладыслаў Чаржынскі на Бацькаўшчыну не вярнуўся. Як сказаў Ігар Жук, “жыць на мяжы бездані, “не трапляючы ў яе”, ён навучыўся ў Казані, працуючы выключна на выкладчыцкіх пасадах у розных навучальных установах сталіцы Татарыі. Прорву, што ўтварылася “пяцігадовай высылкай”, а, як аказалася, здоўжылася на ўсё жыццё, пераступіць ён не пасьмеў. Іншая і родная сталіца — Менск — аказалася для яго абазначэннем хісткай лёсавырашальнай мяжы, якую, пераступіўшы аднойчы ў адзін бок, назад ужо не адскочыш. Гэта было б вяртаннем у мінулае, а на этычным узроўні такое вяртанне для Чаржынскага не ўяўлялася магчымым” (Полымя, 1997, № 12).

Так, Уладыслаў Чаржынскі дамоў больш не вярнуўся. Але ці поўнасцю адышоў ён ад літаратурнай і крытычнай дзейнасці — цяжка сказаць. Тым не менш, беларускімі пісьменнікамі і літаратурай ён моцна цікавіўся і тады, калі 40 гадоў жыў у сталіцы Татарстана.

Нядаўна мне ўдалося адшукаць у архівах і музеях Казані цікавыя звесткі пра нашага таленавітага і забытага літаратуразнаўца. У архіве Казанскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта захоўваюцца дзьве асабістыя справы Уладыслава Чаржынскага за перыяд 1933-1946 гадоў і 1950-1971 гадоў. Найбольш каштоўнымі дакументамі з’яўляюцца асабісты лісток па ўліку кадраў і характарыстыкі Чаржынскага, розныя загады, справаздачы і выпіскі, фотаздымкі і іншыя матэрыялы. Знойдзена таксама аўтабіяграфія нашага земляка, якая напісаная ім асабіста 27 красавіка 1943 года: “Нарадзіўся я ў 1897 годзе ў былой Гродзенскай губерні Сакольскага павета, вёсцы Стара-Каменная (па іншых крыніцах Старакаменная — С.Ч.) у сялянскай сям’і. У бацькі майго было 5 дзесяцін зямлі, якую ён апрацоўваў сам асабіста пры дапамозе сваёй сям’і. Пачатковую адукацыю я атрымаў у пачатковым народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Гродзенскую казённую гімназію, дзе і вучыўся да 1914 года (пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Мінскую гімназію — С.Ч.). Матэрыяльную дапамогу атрымліваў ад старэйшага брата, які знаходзіўся на заробках у Амерыцы. У 1915 годзе мая радзіма была акупіраваная нямецкімі войскамі. Я паехаў у Ленінград, дзе і працягваў сваю адукацыю. У 1917 годзе я пераехаў у Мінск і да 1920 года працаваў хатнім настаўнікам у Вілейскім павеце. У 1921 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне, якое скончыў у 1925 годзе. У час вучобы ва ўніверсітэце, працаваў у беларускім дзяржаўным выдавецтве і выкладаў на рабфаку універсітэта. З 1925 года працаваў у якасці навуковага супрацоўніка ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у Беларускай Акадэміі Навук. Адначасова выкладаў у Беларускім камуністычным універсітэце. У 1930 годзе я быў адміністратыўна высланы з Мінска ў горад Казань, тэрмінам на пяць гадоў. У Казані з 1931г. да 1935 года я працаваў метадыстам у Інстытуце павышэння кваліфікацыі настаўнікаў і ў педагагічным інстытуце. З 1933 года па сумяшчальніцтву працаваў выкладчыкам у Казанскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце (да 1936 года), а затым да 1940 года штатным выкладчыкам. З 1940 года штатную пасаду выкладчыка займаю ў Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, а ў КДМІ працую па сумяшчальніцтву”.

У медыцынскіх навучальных установах Казані Уладыслаў Чаржынскі выкладаў латынь, нямецкую і рускую мовы. Пра гэта гавораць розныя загады і выпіскі з загадаў кіраўнікоў навучальных устаноў Казані. А знойдзеная характарыстыка на выкладчыка кафедры замежных моваў Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута Чаржынскага Уладыслава Вікенцьевіча дае поўнае ўяўленне пра гэтага выкладчыка і чалавека наогул: “Чаржынскі У.В., які працаваў выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута з 1 верасня 1933 года і вызвалены з працы 1 снежня 1947 года, як сумяшчальнік, у сувязі з яго асноўнай працай у Казанскім дзяржаўным стаматалагічным інстытуце, 1 верасня 1950 года быў зноў залічаны выкладчыкам Казанскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, дзе і працуе па сённяшні час. Тав. Чаржынскі У.В., кваліфікаваны, вопытны і дысцыплінаваны педагог, адносіцца з любоўю і стараннасцю да сваёй работы. Прымае актыўны ўдзел у метадычнай рабоце кафедры, выступаў на пасяджэннях кафедры з дакладамі па пытаннях методыкі выкладання моў. Чаржынскі У.В. сістэматычна займаецца павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню, актыўна ўдзельнічае на занятках, якія арганізавалі для выкладчыкаў кафедры, хто самастойна вывучае гісторыю СССР. Пастаянна працуе над удасканаленнем сваёй вытворчай кваліфікацыі, прымае ўдзел у рабоце кафедры над складаннем дапаможнікаў па нямецкай мове для медыкаў.