Литвек - электронная библиотека >> Джон Рональд Руэл Толкін >> Фэнтези: прочее >> Хобіт, або вандроўка туды і назад >> страница 3
ды ў кладоўцы, дзе ляжалі два цудоўныя круглыя кексы з семкамі, якія спёк апоўдні, каб падсілкавацца пасля вячэры.

Калі Більба вярнуўся, Балін і Двалін размаўлялі за сталом як старыя сябры (на самай справе, яны былі родныя браты). Більба плюхнуў піва і кексы на стол перад імі, і тут зноў моцна зазванілі ў дзверы, а потым яшчэ і яшчэ.

«На гэты раз дакладна Гэндальф», — падумаў хобіт, спя-шаючыся да дзвярэй. Але ж не. З'явіліся яшчэ два гномы, абодва з блакітнымі капелюшамі, срэбнымі паясамі ды жоўтымі бародамі, і кожны з іх нёс мех з інструментамі ды рыдлёўку. Яны таксама зайшлі ў нару, як толькі дзверы адчыніліся, — Більба ўжо амаль не здзівіўся.

— Што я магу для вас зрабіць, шаноўныя гномы? — спытаў ён.

— Кілі да вашых паслуг, — сказаў адзін з іх. — I Філі, — дадаў другі, і яны, зняўшы капелюшы, пакланіліся.

— Більба, пакорлівы служка ваш і вашай сям'і, — адказаў Більба, нарэшце ўспомніўшы пра ветлівасць.

— Я бачу, Балін і Двалін ужо тут, — сказаў Кілі. — Пойдзем жа і мы да натоўпу.

«Натоўпу! — падумаў спадар Торбінс. — Не падабаецца мне, як гэта гучыць. Лепш сесці спакойна, абмеркаваць усё хвілінку-другую, ды глынуць чаго-небудзь». Глынуць ён паспеў толькі раз, у кутку, калі чатыры гномы паселі за стол ды завялі гутарку пра шахты, золата ды непрыемнасці з гоблінамі, пачварствы цмокаў і яшчэ пра мноства рэчаў, якія ён не разумеў, дый разумець не жадаў, бо занадта патыхала ад іх прыгодамі. I тут «дзінь-дзень-бум-дзень» — дзвярны званочак загучаў зноў, быццам нейкае шкадлівае хабіцяня спрабавала адарваць яго цалкам.

— Нехта за дзвярыма, — сказаў хобіт, міргаючы.

— Чацвёра, мяркуючы па звоне, — сказаў Філі, — мы бачылі, яны ішлі следам за намі.

Небарака хобіт сеў на крэсліца ў залі, падпёршы галаву рукамі, і ціха спытаў сябе, за што ж гэта яму такое, і што робіцца, і што будзе рабіцца, і ці застануцца яны ўсе да вячэры. Потым званочак зазваніў наймацней, і хобіту давялося падбегчы да дзвярэй. За імі стаялі не чацвёра — ПЯЦЁРА! Звалі іх Доры, Норы, Оры, Ойн ды Глойн, і вельмі хутка два фіялетавыя, шэры, руды і белы капелюшы віселі на цвічках, а гномы, засунуўшы шырокія далоні за залатыя і срэбныя паясы, рашуча крочылі да астатніх. Атрымаўся амаль натоўп. Нехта патрабаваў элю, нехта портэру, адзін — кавы, і ўсе разам — кексаў, так што хобіт нейкі час быў цалкам заняты.

Вялікі гарлач з кавай якраз паставілі на агмень, ды кексы паспелі скончыцца, і гаомы ўжо прыняліся за булкі з масяам, калі пачуўся вельмі моцны грукат. Нехта не званіў, а калаціў па цудоўных зялёных хобітавых дзвярах. Тарабаніў на ўсю моц палкай!

Більба кінуўся да дзвярэй, вельмі раззлаваны, цалкам ашалелы ды збіты з тропу — такой непрыемнай серады ён і прыгадаць не мог. Хобіт штуршком адчыніў дзверы, і ўсе разам паваліліся ў нару адзін на аднаго. Ззаду стаяў Гэндальф, абапёршыся на свой посах, і рагатаў. Ён зрабіў здаравенную вышчарбіну на некалі цудоўных дзвярах, а разам і дашчэнту знішчыў таямнічы знак, які паставіў на іх учорашняй раніцай.

— Асцярожна, асцярожна, — сказаў ён, — не зусім гэта падобна да цябе, прымусіць сяброў чакаць на ганку, а потым адчыніць дзверы, быццам пастку! Дазволь мне прадставіць табе Біфура, Бафура, Бамбура і, асабліва, Торына!

— Да вашых паслуг! — сказалі Біфур, Бафур і Бамбур, стаўшы ў шэраг.

Потым яны павесілі на цвічкі два жоўтыя капелюшы і светла-зялёны, а таксама нябесна-блакітны з доўгім срэбным кутасом. Апошні належаў Торыну, дужа паважнаму гному, па праўдзе, нікому іншаму, як самому знакамітаму Торыну Дубатарчу. Ён зусім не быў задаволены тым, што на яго пападалі астатнія гномы, асабліва непрыстойна тоўсты ды цяжкі Бафур. Торын і паводзіў сябе надта паважна, і нічога не казаў пра «паслугі», але ж бедны спадар Торбінс столькіразоў паўтарыў «прашу прабачэння», што, нарэшце, гном прабурчаў: «не варта клопату», і скончыў крыўдзіцца.

— Ну, цяпер усе на месцы, — сказаў Гэндальф, зірнуўшы на шэраг з трынаццаці капелюшоў — найлепшых святочных капелюшоў — і свой побач з імі. — Добрая кампанія! Спадзяюся, для тых, хто спазніўся, тут знойдзецца што-кольвечы пад-сілкавацца ды выпіць! Што гэта? Гарбата? Не, дзякуй вялікі. Мне крыху чырвонага вінца, калі ласка.

— I мне, — сказаў Торын.

— Ды малінавага сочыва, ды пірог з яблыкамі, — сказаў Біфур.

— Ды пірог з вантрабянкай, ды сыр, — сказаў Бафур.

— Ды пірог са свінінай, ды салату, — сказаў Бамбур.

— Ды яшчэ кексаў — элю — і кавы, калі не цяжка, — закрычалі астатнія.

Калі хобіт пакульгаў да кладовак, Гэндальф крыкнуў наўздагон:

— Спадар мой ласкавы, і яечню з пары яек для мяне, калі ласка! Ды яшчэ прыхапі з сабой трохі халоднага кураняці, ды разнасолаў!

«Вы толькі паглядзіце, здаецца, яны ведаюць, што ў маіх кладоўках, лепш за мяне!» — падумаў спадар Торбінс, які адчуваў сябе зусім збянтэжана, і занепакоіўся, што найгоршая з магчымых прыгодаў здарацца з ім ужо пачала, завітаўшы проста ў хату. Калі ён, нарэшце, адшукаў усе бутэлькі, і талеркі, і нажы, і відэльцы, і кубкі, і сподкі, і лыжкі, і процьму іншых рэчаў, ён зусім задыхаўся, пачырванеў і раззлаваўся.

— А каб іх, гномаў гэтых! — сказаў ён уголас. — Не, каб прыйсці дапамагчы!

I вось — момант — у дзвярах кухні ўжо стаяць Двалін з Балінам, і Філі з Кілі за імі, і не паспеў Більба слова вымавіць, як яны падхапілі ўсе падносы і пару невялікіх столікаў у залю і накрылі зноўку.

Гэндальф сядзеў на чале стала, трынаццаць гномаў вакол яго, а Більба прысеў на крэсліца перад агменем, шчыплючы сухарык (апетыт некуды падзеўся), і спрабаваў выглядаць абыякавым, быццам усё добра і аніякіх прыгодаў тут не здараецца. Гномы елі, пілі, гутарылі. Час ішоў. Нарэшце, яны адсунулі крэслы ад стала, і Більба пайшоў збіраць талеркі ды кубкі.

— Спадзяюся, вы ўсе застанецеся вячэраць? — спытаў ён самым ветлівым, добразычлівым тонам.

— Зразумела! — сказаў Торын. — I на потым таксама. Наўрад ці да ночы здолеем скончыць справу, для пачатку нам патрэбна трохі музыкі. А зараз — прыбраць!

Тут дванаццаць гномаў — без Торына, надта ён быў паважны, таму застаўся гутарыць з Гэндальфам, — ускочылі на ногі і разам панаставілі горы посуду. Балансуючы стосікамі талерак ды кубкаў (з пляшкай на вяршыні) у кожнай руцэ, яны ўпэўнена пашыбавалі на кухню, а хобіт ледзь не пішчэў ад жаху: «Калі ласка, не трэба, я сам!» Але ж гномы ў адказ заспявалі:

Куфель — хрэсь, талерка — дзінь!
Гні відэлец, нож папсуй!
Ды ў сцяну бутэлькай кінь!
Місак, лыжак не шкадуй!
Рэж абрусы, тлушч — на стол!
Гарлачом аб ганак — трах!
Косткі — пацуку ў падпол!
Плюх —