Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Рассказ >> Былі ў мяне мядзведзі >> страница 7
— На жаль, фізіялагічна немагчыма. Кабялёк. Вось павяжам, можа, тады.

Таксіст загыгыкаў і рвануў з месца.

…Жыў я тады ў кватэры на пятым паверсе. Мы ўсцягнулі звера туды і перш за ўсё накармілі. Я схарчыў яму бохан хлеба, паліты паловай банкі згушчонага малака, а пасля спаіў два пакеты малака звычайнага. За гэта час наплала ванна, і мы, распрануўшыся да трусоў, агульнымі сіламі перавалілі яго туды. Ён ведаў толькі летняе купанне ў рэчцы і таму спачатку ўзвыў ад гарачаватай вады, як грэшная душа ў пекле. Але паступова пачалі адыходзіць лапы — мядзведзі ж не прыстасаваныя бадзяцца па снезе, бо ў іх голыя пяткі, - і ён супакоіўся.

Чатыры разы давялося яго мыліць, пакуль чацвёртая вада не стала празрыстая, а мыльная пена белая. А пасля я расшчодрыўся і закаціў яму пятую ваду з "Бадусанам", і ён блажэнна ляжаў у пене, цяпер ужо зялёнай і пахнучай лесам, і сніў пра верасовыя паляны ў векавых соснах.

А пасля мы насуха выцерлі яго, узвалілі на тахту, укрылі посцілкай, так, што стырчала адна галава — так нам здалося больш смешна, — і ён засоп, салодка, як немаўля. А мы селі да яго спінамі і распілі дзве бутэлькі каньяку за Тупа, за яго шлюб з Вялікай Мядзведзіцай і за хуткае з'яўленне Малой. Словам, за ўсё, за што п'юць мужыкі, калі яны адчуваюць, што непасрэднай прычыны для выпіўкі няма, а што яны проста харошы народ.

…Другі мой мядзведзь пражыў у мяне два з паловаю месяцы, і, слова гонару, гэтыя месяцы былі аднымі з лепшых месяцаў у маім жыцці. Слаўна нам жылося. Ён пасыцеў, поўсць стала льснянай і чыстай. Любіў качацца ў снезе і купацца. Спаў ля батарэі, але часам клаўся да мяне ў ногі і ўпарта не хацеў злазіць з тахты. Я ведаў, што ён ніколі не зачэпіць мяне, ніколі не азвярэе, што гэтыя сталёвыя простыя кіпці, толькі злёгку сагнутыя на канцы, ніколі не ўдараць: звяры ўмеюць помніць дабрыню. Але што я мог зрабіць? Улетку я заўсёды ад'язджаў на некалькі месяцаў маляваць, і на каго я мог пакінуць яго ў горадзе? А ўзяць і вазіць з сабой?..

Мне заставалася суцяшэнне, што я даў яму пару месяцаў харошага жыцця, якое нічым не было азмрочана. Хіба што спачатку, дні тры, маёй маўрскай мартышкай па мянушцы Лявонька, а калі паважліва, то Леанідам Юльевічам, таму што прынеслі мне яго ў ліпені.

Сусед мой па пляцоўцы, аднак, зваў Лявоньку часцей за ўсё лацінскай відавой назвай cercopithecus fuliginosus, рыпучай у першай частцы і намякаючай — у другой. Ён быў вучоны чалавек, сусед.

— Фулігінозус ты.

І прыбаўляў:

— Экая преподлая обезьяна!

Малпа была, сапраўды, падлючая… Варта было засмяяцца з Лявонькі, і ён у адказ круціў пальцам ля лба. Пакрыўдзіць нехта — і ён, калі прыйду я, скакаў да мяне і лапатаў на вуха нешта яраснае. "Наводил ябеду" — па словах таго ж суседа.

Паспрабаваў Лявонька даводзіць сваім подласцямі і Тупа, але той урэшце страціў цярпенне і так рыкнуў на яго, што бедалага ўзляцеў на шафу і, дрыжучы, сядзеў там з гадзіну. А назаўтра я застаў ідылічную сцэнку: Леанід Юльевіч сядзеў на мядзведзі і з самым падхалімскім выглядам перабіраў ягоную поўсць, хаця нічога там не было і быць не магло.

Заўсёды так з гэтымі нахабамі. Гаркнеш — і стануць лізаць. Так што і тут усё абышлося як найлепей. І я рад быў, што звер уратаваны, што яму добра.

А на пачатку мая выйшла нарэшце згода наконт "маёмасці", і я завёз Тупа ў запаведнік і пакінуў там. Жыць на волі і для волі.

Недзе праз год з'явіўся да мяне чалавек, які пабываў "непадалёк ад запаведніка". Адзін з тых някепскіх увогуле людзей, якія, аднак, больш за ўсё любяць перадаваць вам жа непрыемныя для вас чуткі і плёткі пра вас.

Ён і перадаў мне, што Тупа застрэлілі. Спачатку нібыта ён выйшаў проста на дзевяцігадовага хлопчыка і пяцігадовую дзяўчынку, якія збіралі маліну. Хлопчык павёў сябе па-геройску: уцёк, кінуўшы сястру. А калі прыбег з дарослымі — мядзведзь і дзяўчынка гулялі. І ён нават хацеў пайсці, але яна чаплялася за яго і смяялася. І хаця ён вырваўся б і ад дзесяцёх дарослых — ён цярпеў.

Тупа занадта добра ведалі і на гэты раз нібыта "даравалі". Але хутка здарыўся канфлікт "міжнародны". Яго панесла на нейкую замежную дэлегацыю, і там ён задумаў пагуляць ужо не з дзіцем, а з дарослай сцервай, якую вызвалілі ад яго ў стадыі моцнага шоку.

Я прымерна ўявіў сабе, як магло адбыцца такое "вызваленне". Мядзведзі почасту паміраюць, як людзі, стогнучы і прыціскаючы лапу да раны. І грызучы зямлю. І ў ціхім непаразуменні адыходзячы на ёй. Каму ўжо і ведаць гэта лепей за мяне, паляўнічага, сына і ўнука паляўнічых? І менавіта таму я з'еў бы жыўцом усе гэтыя паляўнічыя заказнікі, запаведна-паляўнічыя гаспадаркі на качыных азёрах, дзе звер адзін супраць многіх узброеных, і ўсё такое іншае. Паляванне толькі тады паляванне, калі яно адзінаборства. То што ўжо казаць пра звяроў, якіх мы кідаем у рабства, прывучаем любоўю, а тады забіваем толькі за тое, што яны любяць нас і шукаюць нас.

Было гэта так, як быццам я сам адвёў сябра ў камеру смяротнікаў

Чаму я не меў магчымасці прывучыць яго, як таго, першага? А дзе я мог яго прывучыць? У каменнай клетцы, куды яго сілаю ўзялі з вольных лясоў? Чаму той, падчас вайны, калі людзі звярэлі, гатовы быў пазнаць мяне, калі б я паказаўся? Толькі таму, што на яго не шкадавалі цеплыні. І дзе яна была ў гэтых, з "імушчаствам"? Куды яна падзелася?

Пасля, праўда, мне расказалі зусім іншае. Той самы аператар, з якім мы купалі Тупа. Я расказаў яму пра чутку, і ён сказаў, што гэта лухта, што мой звер ходзіць і зараз. Але я баюся гэтаму паверыць. Ён ведаў мае адносіны да мядзведзя і як чалавек душэўны і тактычны мог схлусіць.

Часам я ўсё ж сню, як малады мядзведзь ідзе лесам, выварочваючы калоды. І сыплецца на яго вінна-чырвонае і залатое лісце. І выходзіць яму насустрач сівы патрыярх, той, першы мой мядзведзь. Яны сядаюць ля мурашніка, і побач з імі сядаюць бацька, дзед Марка і я, ці то яшчэ падлетак, ці ў сённяшнім веку. У іх лапы, у нас дубчыкі ў руках. І мы, усе жывыя, сядзім за адным сталом, і ападае-ападае на нас лістота.

Так, былі ў мяне мядзведзі.

І менавіта таму мне ўсё цяжэй і цяжэй робіцца адбіраць у жывёл свабоду — адзінае, дзеля чаго існуе ўсё чыста жывое на зямлі.


ЛитВек: бестселлеры месяца
Бестселлер - Джеймс Борг - Секреты общения. Магия слов - читать в ЛитвекБестселлер - Джеймс Борг - Сила убеждения. Искусство оказывать влияние на людей - читать в ЛитвекБестселлер - Роб Янг - Сила личности. Как влиять на людей и события - читать в ЛитвекБестселлер - Александр Пиперски - Конструирование языков: От эсперанто до дотракийского - читать в ЛитвекБестселлер - Александр Фридман - Вы или хаос. Профессиональное планирование для регулярного менеджмента - читать в ЛитвекБестселлер - Джон Кинг - Лидер и племя. Пять уровней корпоративной культуры - читать в ЛитвекБестселлер - Мариам Петросян - Дом, в котором… - читать в ЛитвекБестселлер - Эрик Рис - Бизнес с нуля - читать в Литвек